Мужык

У выдавецтве «Літаратура і мастацтва» рыхтуецца да выдання дакументальная аповесць вядомага беларускага пісьменніка, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі РБ Уладзіміра Ліпскага «Мужык». Яна прысвечана кіраўніку аднаго з самых перадавых сельскагаспадарчых кааператываў краіны, старшыні Аграпрамысловага саюза Беларусі Аляксею Скакуну. З дазволу аўтара «Белорусская нива» друкуе апошнюю главу аповесці.

Палетак блакітнага космасу.

У выдавецтве «Літаратура і мастацтва» рыхтуецца да выдання дакументальная аповесць вядомага беларускага пісьменніка, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі РБ Уладзіміра Ліпскага «Мужык». Яна прысвечана кіраўніку аднаго з самых перадавых сельскагаспадарчых кааператываў краіны, старшыні Аграпрамысловага саюза Беларусі Аляксею Скакуну. З дазволу аўтара «Белорусская нива» друкуе апошнюю главу аповесці.

1. Малочныя ноты

Быў вясновы надвячорак.

Сонца збіралася перадаваць сваю вахту месяцу. Неба чыстае, хоць пішы на ім пасланне ў сусвет. Буслы, напрацаваўшыся па рамонце сваіх «фазэндаў», масціліся на спачын. У катэджах запальваліся люстры. А мы прагульваліся па вуліцах Астрамечава і не маглі надыхацца водарам вясны. Аляксей Сцяпанавіч прапанаваў:

— А давайце з’ездзім на вячэрнюю дойку!

Гэта яго запрашэнне прагучала так, нібыта ён клікаў мяне і карэспандэнта «Правды» Алега Сцепаненку ў музей ці тэатр, у кіно ці ў парк адпачынку. Мы пагадзіліся пабачыць дзіва, і праз якіх пяць хвілін белы старшынёў джып, якім кіраваў сам Скакун, імчаў нас на астрамечаўскую ферму. Прыпыніліся каля корпуса дойкі кароў.

Падняліся ў камп’ютарны пакой. Аператар пільна ўзіраўся ў блакітны экран з аднымі лічбамі. За вялікім шклом, як бы на аб’ёмным тэлевізары, бачылася даільная ўстаноўка.

Усё гатова. Пачынаецца дойка. І на камп’ютары мы бачым пад нумарамі ўсе трыццаць дзве каровы. Электронная памяць выдае пра іх спадчынныя звесткі, малочныя паказчыкі, стан здароў’я і нават інтымны графік цялення, «дэкрэтных адпачынкаў».

Нас жа ў той вечар цікавілі толькі надоі. І Аляксей Сцяпанавіч, верачы ў свой дагледжаны, сыты статак, усё-такі крыху хваляваўся. Па-юнацку радаваўся, калі бачыў на экране ўдойную карову, рэкардсменку. Нам тлумачыў:

— Разумееце, замежнікі цяпер трымаюць толькі высокаўдойны статак. За тры гады выкачваюць з кожнай каровы па трыццаць тон малака. А мы да нядаўняга часу, каб атрымаць ад каровы такую ж колькасць прадукцыі, трымалі яе дзесяць гадоў. Не эканамічна гаспадарылі. Выгадна трымаць высокапрадукцыйны статак і часцей яго абнаўляць. Што мы і робім…

Маю ўвагу прыцягнула пярэстая рагуля, якая першай стаяла ў даільні. Яна перастала перажоўваць жвачку і павярнула галаву ў наш бок. Відаць, прыкмеціла за шклом некалькі чалавечых постацей і зацікавілася: хто гэта, чаго завіталі сюды? Тут мы ўжо далі волю сваім здогадам:

— Мо ўбачыла Скакуна і хоча павітацца?

— Мо хоча ведаць свой удой?

— А мо зацікавілася, куды ідзе яе малако, хто ім карыстаецца?..

Гэта хацелася ведаць і мне, і Аляксей Сцяпанавіч папулярна патлумачыў:

— Раніцай, да ўзыходу сонца, вячэрні, астуджаны ў халадзільніку, надой загрузяць у дваццаціпяцітонны малакавоз, і ён завязе прадукцыю на наш завод у Брэст…

Слова «наш» Скакун прамаўляў з несхаваным пачуццём гонару. І гэта зразумела. У той час, калі кволыя сельскія гаспадаркі аддаюць у абдымкі прамысловым монстрам, астрамечаўцы, наадварот, падабралі гарадское прадпрыемства «Брэсцкае марожанае».

А як усё атрымалася?

Кожны дзень з фермаў «Астрамечава» спраўна адпраўлялі малако ў Брэст на перапрацоўку, а гараджане і не думалі разлічвацца з сялянамі, задаўжалі ім вялікую суму. Пра іх казалі: «Яны такія добрыя, калі за тваім пазногцем выкалупалі б што-небудзь, то і тое б забралі сабе».

Аляксей Сцяпанавіч сабраў сваіх эканамістаў, фінансістаў, бухгалтараў і паставіў пытанне рубам: што будзем рабіць з асфальтным даўжніком? Прапаноўвалі пісаць новыя пісьмы, судзіцца, не вазіць ім малако. Скакун выслухаў усіх і прыняў сваё рашэнне. Паехаў на прыём да старшыні Брэсцкага аблвыканкама Сумара:

— Канстанцін Андрэевіч, да якой пары будуць дурыць селяніна? — нечакана пачаў размову астрамечаўскі мужык.

— Чаму такі раз’юшаны? Выкладвай усё начыстую.

— Возім, возім малако на «Брэсцкае марожанае», а яны не могуць заплаціць. Хай аддадуць нам гэты завод за даўгі.

Сумар задумаўся, выказаў свае сумненні:

— Кошт акцый завода ў чатыры разы большы, чым сума запазычанасці вам. Дзе грошы возьмеце? Ты добра ўсё ўзважыў, Аляксей Сцяпанавіч? Ці разумееш, у які хамут улазіш?

— Скакун да хамутоў прывыклы, — не стрымаўся, пажартаваў Аляксей Сцяпанавіч, а ўсур’ёз дадаў: — Будзем старацца зарабіць грошай. Урэшце, крэдыт возьмем. Спадзяюся, вы не адмовіце падмагчы нам у гэтым.

— Ды вы ў даверы любога банка, — разважліва сказаў Канстанцін Андрэевіч, і Скакун адчуў згоду кіраўніка вобласці з яго прапановай.

Так СВК «Астрамечава» ў кастрычніку 2008 года стаў гаспадаром адкрытага акцыянернага таварыства «Брэсцкае марожанае». Да сваіх урадлівых зямель астрамечаўцы далучылі гектар гарадской, асфальтнай тэрыторыі з усімі на ёй пабудовамі.

І вось мы на сельскім прадпрыемстве ў горадзе. Высокая агароджа, строгая кантралёрша на прахадной, а ў галоўным корпусе — санпрапускнік. Мыем рукі, адзяем аднаразавыя белыя халаты і такія ж бярэты. Аўтамат абувае нас у зялёныя аднаразавыя тапкі. Не пазнаць Скакуна, выглядае, як доктар перад аперацыяй. І ўсе мы такія, што не адразу ўгадваем дзе хто.

Дырэктар завода Аляксандр Уладзіміравіч Дземянкоў — наш гід.

Найперш мы наведваем прыёмна-мыечнае аддзяленне. Бачым, дзе прымае душ астрамечаўскі малакавоз. Тут жа шафёр Іван Вярэніч і перадае заводу свежае малако. У наступныя паўгадзіны лабаранты бяруць патрэбныя аналізы і толькі пасля іх «адмашкі» прадукцыя з астрамечаўскіх фермаў паступае ў апаратны цэх.

Што мне запомнілася?

На канвеер, па чатыры ў радок, аўтамат выціскае прадаўгаватыя сыркі. Яны, белыя і «голыя», павольна рухаюцца да апарата, які аблівае іх вадкім шакаладам, як бы апранае ў карычневые камбінязончыкі. Такое ўражанне, быццам па канвееры плывуць малочныя ноты, толькі што не чуваць іх «смачнай» мелодыі.

На другой канвеернай лініі нам паказалі, як робіцца марожанае. Мясцовыя майстры навучыліся вырабляць ажно паўсотні відаў гэтых ласункаў.

Калі я назіраў, як па ланцуговай лініі рухаліся вафельныя кубарыкі з марожаным, міжволі прыгадалася тая пярэстая карова-рэкардсменка, якая запытальна пазірала на нас: як жа вы спажывяце маё малако?

Пытаюся ў Аляксея Сцяпанавіча:

— Ці не муляе вам гэты гарадскі хамут?

— Вы што, — аптымістычна махае рукой, хаця бачна, што аднаразовы халат яму яўна не па камплекцыі. — За два гады наша «Брэсцкае марожанае» стала на ногі. Ужо ёсць салідны прыбытак.

— Дзеляцца з вамі?

— Не, мы пакуль нічога не бяром у іх. Гэта ж усё роўна, што засекчы курыцу, якая хутка пачне несціся. Хай набываюць новыя тэхналагічныя лініі, пашыраюць асартымент. А для нас важна, што брэстчане сваёй працай узвысілі мой новы НЭП — новую экалагічную прадукцыю. Вось у які рыначны космас сігануў наш сельскі кааператыў!

Вочы ў Аляксея Сцяпанавіча зіхацелі, як падковы ў скакуна-рысака, нібыта гаварылі: «Мы дасягнулі, перамаглі, а вы, хто смелы, пераўзыдзіце нас».

2. «Стрыжы там, дзе расце»

Гэту прымаўку Аляксей Сцяпанавіч прывёз з Амерыкі.

Сустракаўся там з фермерамі, банкірамі, акцыянерамі і зразумеў, што кормяць Амерыку не сямейныя фермы, а буйныя сельскагаспадарчыя прадпрыемствы і карпарацыі.

Пабываўшы ў Германіі, прывёз навіну, што эксперты Еўрасаюза прызналі перспектыўнай не фермерскую гаспадарку, а кааператыў той мадэлі, які быў створаны ў былой ГДР. Безумоўна, з карэктывамі, якія ўносіць новае стагоддзе.

Сапраўды, разумныя гаспадары стрыгуць не толькі воўну з авечак, якая для таго і расце, каб ёю карыстаўся чалавек. «Стрыгуць» усюды і ўсё, што прыносіць навар, прыбытак, дэвідэнты, дабрабыт. А чым горшы беларускі мужык? Да якой пары яго будуць хістаць у розныя бакі?

Быў жа перыяд у гісторыі маладой, суверэннай Беларусі, калі людзі, падагрэтыя «дэмакратамі», ставілі на плошчы каля Дома ўрада палаткі і патрабавалі зямлі. Скакун выходзіў да такіх «фермераў», вёў з імі доўгія гутаркі і адчуваў, што гэтыя вылучэнцы не валодаюць агратэхнікай, не ведаюць нават сакрэтаў севазвароту, але за зямлю, якую не дадуць ім, гатовы ўзарваць помнік Леніну, а то нават і спаліць сябе. Такія гора-фермеры, пераконваўся Скакун, у лепшым выпадку змогуць найперш накарміць толькі сябе.

Безумоўна, хай будуць і земляробы-ўласнікі. Але ж народ задаволяць прадуктамі буйныя сельскагаспадарчыя кааператывы, такія як «Астрамечава». У гэтым Аляксей Сцяпанавіч быў перакананы, таму з пэўнай смеласцю выступіў у друку з цыклам праблемных артыкулаў.

Астрамечаўскі мужык даводзіў, што галоўным суб’ектам усіх рэформ павінен стаць чалавек, сельскі працаўнік. А лёс калектыву хай вырашаць самі людзі, абсалютна добраахвотна, зноў жа, як гэта было ў «Астрамечаве».

«Патрэбна дадатковая масіраваная падтрымка сяла дзяржавай, — пісаў Скакун. — А наш клопат — даць эканамічна апраўданы ўраджай, эканамічна бяспечны і якасны для спажыўца».

Голас Скакуна і такіх жа, як ён, мужыкоў пачуты Прэзідэнтам, Урадам рэспублікі. Быў вызначаны адзіна правільны курс на захаванне буйной сельскагаспадарчай вытворчасці, з улікам, безумоўна, усіх асаблівасцей сельскай эканомікі. Так з’явілася Дзяржаўная праграма адраджэння і развіцця сяла.

Вяскоўцам прапанавана звыш дзесяці варыянтаў рэфармавання сваіх калектыўных гаспадарак, удзялялася ўвага і фермерам-энтузіястам. Паўсюдна адбываліся кадравыя змены, ад асобных гаспадарак да міністэрства.

У гэтых маштабных ператасоўках дайшла чарга і да рэканструкцыі масавай грамадскай арганізацыі «Беларускі саюз калгасаў». Паўстала пытанне: хто ўзначаліць яе?

Скакуна, як кажуць, падлавілі на скаку.

А ён доўга і не супраціўляўся, каб яго зацуглялі ў цяжкі воз новых клопатаў. Помніў Аляксей Сцяпанавіч мудрую прымаўку амерыканскіх аграрыяў і сам сабе паддаў азарту: «Стрыжы, браце мужык, там, дзе расце, а яшчэ там, дзе табе давяраюць стрыгчы, а больш таго там, дзе ты ўмееш гэта рабіць і ў цябе ўсё лоўка атрымліваецца».

Так, на стыку двух стагоддзяў, Аляксей Сцяпанавіч Скакун стаў старшынёй над старшынямі. Дзвесце пяцьдзесят тры дэлегаты, знакамітыя людзі сельскай вытворчасці Беларусі, адзінагалосна выбралі астрамечаўскага акадэміка аграрных навук, заслужанага работніка сельскай гаспадаркі Скакуна сваім важаком.

Прамова Аляксея Сцяпанавіча была кароткай, ёмістай:

— Таварышы, дзякуй вам усім за давер, але ж клопатаў, безумоўна, вы мне падкінулі, як вугальку ў печ. Наперадзе ў нас — новыя выпрабаванні. Ды рухацца будзем асцярожна, прадумана, кожны хай выбера свой шлях. А мы цяжкасцей не баімся, тым больш калі будзем ісці гуртам. Я на гэта спадзяюся!

Зала заапладзіравала.

Далей пачаліся будні, як плынь рачная. Ад дажынак да дажынак — працуй, спадзявайся, чакай. Вырабляй паболей, каб усім хапіла ды яшчэ каб пра запас засталося. І праўда, беларусы даказалі суседзям, што яны не хвалькі, не развучыліся хрысціцца перад тым, як пачынаць вялікую справу.

Неяк Аляксей Сцяпанавіч няўзнак кінуў фразу, якая запомнілася мне: «Калі рассыплеш шклянку зерня на падлогу, тое і збярэш. А што ўкінеш у зямлю — пра зборы ведае толькі Бог…» Але ж на Бога спадзявайся і сам не спі. Такія мужыкі, як Скакун, якраз і палезлі ў навуку глебазнаўства, у біялогію і батаніку, у высокія тэхналогіі земляробства, у экалогію душы чалавека.

Адбыліся перамены нават у самой назве грамадскай арганізацыі аграрыяў. Яна з «Беларускага саюза калгасаў» раздваілася ў «Рэспубліканскі аргапрамысловы саюз» і «Беларускі сялянскі савет». Задачы і мэты іх — блізкія, роднасныя, таму і вырашылі дэлегаты, каб у гэтых арганізацыях быў адзін старшыня. Ім стаў Аляксей Сцяпанавіч Скакун. У сваім першым інтэрв’ю ён заявіў журналістам: «Пры мне Саюз і Савет не разваляцца».

На цэлую старонку я выпісаў гарадоў, вёсак, пасёлкаў, краін, дзе пабываў за апошнія гады старшыня Рэспубліканскага аграпрамысловага саюза. Там Саюз ці арганізоўваў, ці праводзіў, ці ўдзельнічаў ва ўсялякіх семінарах, канферэнцыях, выстаўках, ярмарках. Усюды Аляксею Сцяпанавічу хочацца быць, усюды ён вышуквае новенькае, што можна прымяніць у «Астрамечаве» і ва ўсёй Беларусі.

Аднойчы мы пачалі падлічваць з ім, колькі зямных кіламетраў наматвае за год яго машына на свае колы. Адна паездка ў Мінск — гэта ўжо тысяча кіламетраў. А колькі іх было — патрэбен калькулятар. Плюс штодзённа па сваёй гаспадарцы, бясконцыя камандзіроўкі па вопыт ва ўсім свеце — усё разам склала касмічную трасу. Гэта дало падставу Скакуну пахваліцца перад сваім сябрам Клімуком:

— А я, Пётр Ільіч, працуючы ў «Астрамечава», некалькі разоў злятаў на Месяц!

— Вы, Аляксей Сцяпанавіч, як Манька з вашага жарту.

— Ага, да яе схадзіў брыгадзір, — падхапіў вясёлы тон Скакун, — выпіў у яе хаце паўлітроўку, уплёў патэльню яечні, пабусяў маладзіцу, а яна суседкам расказвае, што не ведае, чаго да яе прыходзіў брыгадзір.

— Вось і вы, Аляксей Сцяпанавіч, — ад душы смяяўся касманаўт, — толькі цяпер даведаліся, што даўно зляталі на сваім джыпе на Месяц. Ды вас пара прымаць у ганаровыя касманаўты!..

Мы сядзелі ў кабінеце Скакуна ў Аграпрамысловым саюзе, а гэта ў будынку Міністэрства сельскай гаспадаркі, і я папрасіў Пятра Ільіча Клімука, каб ён намаляваў свой партрэт Скакуна. Зорны герой на секунду задумаўся і з цеплынёй сказаў тое, што блізенька сядзела ў душы:

— Аляксей Сцяпанавіч вельмі абаяльны чалавек. Ад яго ўсмешкі цяпло сыходзіць. Але ж і сур’ёзны, мэтанакіраваны, неверагодна апантаны, камунікабельны, усяго хоча дасягнуць, умее стрыгчы там, дзе расце. Мо таму доўга і кіруе? Усіх у гаспадарцы ведае ў твар. Роўны з усімі. Ніколі нікога не крыўдзіць. Яго не проста пабойваюцца, а паважаюць. З ім лёгка і прыемна сябраваць. Такога можна браць у каманду на касмічны карабель…

3. Вітанні з Зубрам

Па дарозе ў Мінск і назад Аляксей Сцяпанавіч ніколі не праміне павітацца з Зубрам. Ён, металічны, бура-карычневы, нязменна вартуе мяжу Брэсцкай і Мінскай абласцей. Яго велічная, волатаўская постаць відаць здаля. І якія б думкі ні агортвалі Скакуна, ён заўсёды, калі ўбачыць той прыкметны дарожны знак, заўсёды кіне рэпліку: «О, ужо да Зубра даехалі!» Як бы павітаецца з жывым насельнікам Белавежскай пушчы, якая ледзь не ўтыркаецца ў астрамечаўскія нівы.

Розніца ў вітаннях вось у чым.

Калі едзе з дому, да Зубра яго суправаджаюць краявіды роднай вобласці. Думае, разважае пра сваю гаспадарку, аналізуе стан палеткаў, сенажацяў, паселішчаў Брэстчыны, якія адкрыты па абодвы бакі магістралі. Яму вельмі неабыякавыя гэтыя малюнкі, бо тут яго радзіма, тут ён працуе, а вобласць прадстаўляе ў Савеце Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі. Ён ужо тры скліканні, дзесяць гадоў, носіць высокае званне — сенатар.

Пасля Зубра Аляксей Сцяпанавіч як бы пераключае душэўны гадзіннік на Мінск, дзе яго чакаюць пасяджэнні ў Савеце Рэспублікі, у Нацыянальнай акадэміі навук, у Аграпрамысловым саюзе.

Час у сталіцы распісаны літаральна па хвілінах. Падлавіць яго тут — вялікая ўдача.

А калі Аляксей Сцяпанавіч вяртаецца дамоў, я гэтаму сведка, то ад Мінска да Зубра ён звычайна маўчыць, як бы спажывае набыты «нектар» у сталіцы ад праблемных размоў у Савеце Рэспублікі, ад сустрэч з акадэмікамі, начальствам, сябрамі. З усяго яму трэба зрабіць высновы, каб ужо заўтра давесці навіны да сваіх праўленцаў, да сваіх выбаршчыкаў у Брэсцкім раёне.

Пасля вітання з Зубрам Скакун як бы па-новаму ажывае. Ён уехаў на тэрыторыю роднай вобласці, а тут, здаецца, і паветра адметней, і дыхаецца лягчэй, і душа просіць спеваў.

Аднойчы бачыў, як Аляксей Сцяпанавіч ад Астрамечава да Мінска чараваў над паперамі. Праз пару месяцаў падарыў мне акадэмічны часопіс «Весці». У ім — яго артыкул «Асноўныя накірункі інавацыйнага развіцця сельскагаспадарчых арганізацый». Развагі старшыні Скакуна глыбокія, дзяржаўныя, скіраваныя на тых, ад каго залежыць курс сельскай гаспадаркі, хто распрацоўвае пяцігадовыя планы, хто крэдытуе сяло. З вышыні свайго вопыту ён вядзе няспешныя, абгрунтаваныя развагі пра атрыманне канкурэнтназдольнай прадукцыі, пра цвёрдыя дзяржаўныя закупачныя цэны, пра лібералізацыю аграрнай эканомікі, пра новыя правы ў выбары форм і сістэм аплаты працы, пра абмежаванне гаспадарчага ўтрыманства, змены крэдытнай палітыкі.

Навуковы артыкул Аляксей Сцяпанавіч падмацоўвае схемамі, графікамі, прыкладамі. І каб не быць галаслоўным, даводзіць, што рэалізацыя ўсіх яго навуковых прапаноў у СВК «Астрамечава» ў бліжэйшай перспектыве паспрыяе атрымаць па 70 цэнтнераў зерневых з гектара, па 700 цэнтнераў цукровых буракоў, па 9 тысяч кілаграмаў малака ад каровы. Трэба будаваць новы адкормачнік, пашыраць звераферму, рабіць басейн, крыты стадыён…

У гэтым артыкуле — пазіцыя і кіраўніка канкрэтнай гаспадаркі, і сенатара, і, урэшце, мужыка Скакуна. Такіх яго артыкулаў у газетах і часопісах, сабраных у тоўстыя папкі, — вялікае мноства. Не паверыце, усё я старанна перачытаў. З іх, па сутнасці, склалася новая кніга Аляксея Сцяпанавіча «Единственный выход, или Три НЭПа «Остромечево».

У публікацыях Скакуна — шчырасць, адкрытасць, яснасць яго думак пра сучаснае сяло. У іх прынцыповасць аўтара, смеласць, цяга да ўсяго новага ў тэхналогіях, эканоміцы, сацыяльнай сферы, да ўсяго таго, што можа палепшыць жыццё сялян. А гэта і ёсць яго важкае слова ў Савеце Рэспублікі.

Мне пашанцавала пабываць у зале, дзе праходзяць пасяджэнні Савета Рэспублікі. І я меў гонар пасядзець некалькі хвілін у крэсле сенатара Скакуна, бачыў кнопкі, якімі галасуе Аляксей Сцяпанавіч. Прызнаюся, у тым зручным крэсле роіліся адны і тыя ж думкі: «Як жа высока ўзняўся беларускі мужык Скакун, як жа пасуе яму быць тут і прымаць законы!»

А ён, часам, прадстаўляецца ў высокіх кабінетах:

— Прыміце калгасніка Скакуна і памочніка сенатара Радкаўца.

Яго намесніку па гаспадарцы Аляксандру Радкаўцу ў гэты момант хочацца паважнічаць. Ён маўкліва ўсміхаецца, бо ведае цану і шэфу, і сабе. Разам яны — надзейнае звяно.

Такіх чалавечых звенняў у Скакуна багата. Яго крэсла ў Савеце Рэспублікі суседнічае з крэслам сенатара Сумара Канстанціна Андрэевіча. Губернатар і Калгаснік — побач, разам вырашаюць дзяржаўныя праблемы ў вышэйшым заканадаўчым органе краіны. Іх лёсы пераплецены вучобай у адным інстытуце, працай у калгасах адной вобласці. І як бы высока ні ўзняўся Канстанцін Андрэевіч у сваёй наменклатурнай кар’еры, ён заўсёды паважліва ставіцца да Аляксея Сцяпанавіча. На высокіх нарадах возьме дый роўным голасам спытае:

— Ну а што на гэта скажа Скакун?

Усе ціха паварочваюць галовы ў бок астрамечаўскага аксакала…

У Савеце Рэспублікі Аляксею Сцяпанавічу кожны як бы родны, блізкі чалавек. Ён па-сяброўску разумеецца з цяперашнім гродзенскім губернатарам Сямёнам Барысавічам Шапірам. Мне ўдалося выпытаць у маладога губернатара, чым падабаецца яму астрамечаўскі кіраўнік. Сямён Барысавіч тут жа адшукаў адметныя словы:

— Разумееце, рука ў яго моцная, позірк малады, сівізна свежая. Настойлівы Мужык! Цікавы ў любым узросце. Я ў яго многаму вучуся…

З сялянскай шчырасцю сябруе Скакун з касманаўтам Пятром Ільічом Клімуком, з украінскім генеральным консулам у Брэсце Іванам Іванавічам Баранчыкам, маскоўскім беларусам, паэтам і кампазітарам Іосіфам Міхайлавічам Рогалем, вядомымі пісьменнікамі Мікалаем Чаргінцом, Міколам Мятліцкім. Яны называюць свайго сябра чалавекам сумлення. А Іосіф Рогаль прапанаваў уставіць у кнігу свае чатыры радкі пра мудрага хлебароба Скакуна, якога ён параўноўвае з зубрам:

Сяло з сялянскай мэтай

                                                 светлай

Праз мноства НЭПаў і камун

Вядзе да вышыні сусветнай

Вучоны Аляксей Скакун!

Уся Беларусь сведка таму, як Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка ў сваёй рэзідэнцыі, у зале «Рэспубліка», уручаў Аляксею Сцяпанавічу Скакуну дыплом члена-карэспандэнта Нацыянальнай акадэміі навук. Моцны, мужчынскі поціск рукі, адкрытая, шырокая ўсмешка Прэзідэнта, узнёслы настрой прысутнай навуковай эліты — усё гэта перадавала несхаваную радасць за нашу маладую Беларусь.

На той памятнай сустрэчы, 16 ліпеня 2009 года, новымі акадэмікамі сталі адзінаццаць, а членамі-карэспандэнтамі — дваццаць чатыры вучоныя. Адбылася зацікаўленая размова пра заўтрашні дзень рэспублікі. Слова браў і старшыня праўлення СВК «Астрамечава» Скакун, які пераканаўча гаварыў пра тое, што без навукі сёння няма чаго выходзіць да нівы. Трэба мець у кожнай вясковай гаспадарцы навуковых дарадцаў. А хаця б за кошт чыноўніцкіх кадраў, якія любяць даводзіць вяскоўцам заданні.

Праз некалькі дзён пасля той падзеі прэзідэнцкі верталёт прызямліўся на землях «Астрамечава». Высокі госць вопытным вокам агледзеў умалотныя палеткі, пабываў у новенькім зернесушыльным комплексе, на малочнай ферме, пакаштаваў прадукцыю са свежага малака, вырабленую на астрамечаўскай фабрыцы «Брэсцкае марожанае». Пры развітанні Аляксандр Рыгоравіч сказаў:

— Дзякуй Богу, у нас ужо ёсць маякі, такія як «Астрамечава», якія могуць навучыць іншых перш за ўсё культуры земляробства, працы з кадрамі. Задача ўсіх астатніх — падцягвацца да ўзроўню гэтых маякоў…

Ёсць у Аляксея Сцяпанавіча адна рыса характару, можа, самая галоўная. Яго немагчыма перахваліць. Якая б падзея ні адбылася, ён назаўтра а палове сёмай — на баявым пасту. Трымаецца мужык вучонай завядзёнкі: згубіш дысцыпліну — прайграеш эканоміку. Упусціць гэткі шанс Скакун не можа, не мае права ні на хвіліну.

4. Споведны дзень

У Астрамечаве пры Скакуне склалася свая завядзёнка. Штогод напрадвесні, у канцы лютага ці ў самым пачатку сакавіка, у Палацы культуры збіраецца справаздачны сход. Гэты споведны, судны дзень з пэўнай узрушанасцю чакаюць усе. Старшыня Аляксей Сцяпанавіч Скакун разам з праўленцамі рыхтуецца выступіць з падрабязным дакладам. Кожны хоча з першых вуснаў пачуць, як жа ўсе разам спрацавалі на сельскім шматвектар’і. І кожны чакае: якой будзе ацэнка яго працы, на якім месцы п’едэстала яго брыгада, ферма, звяно, змена, да якой вышыні ўздыме планку Скакун на год бягучы?

Мне пашчасціла быць сведкам аднаго такога споведнага дня. І адразу прызнаюся: мае пачуцці зашкальвалі, мой блакнот напоўніўся стракатымі лічбамі і фразамі. Доўга знаходзіўся пад уздзеяннем убачанага, пачутага і перажытага.

Пад асаблівым вірам пачуццяў сам Аляксей Сцяпанавіч Скакун. На ім — святочны касцюм, бялюткая кашуля, гальштук у чорна-блакітныя стужкі. Хвалюецца мужык, перажывае. Ён адказны за ўсё, і ён адзіны ў гэтай зале, каго кожны мае права дапытаць, і кожны можа прагаласаваць, як захоча, як падкажа яму прыродны камп’ютар.

І вось ужо за трыбунай Аляксей Сцяпанавіч Скакун:

— Паважаныя члены кааператыва! Час нібыта на млыне няўмольна перамолвае гады. Здаецца, зусім нядаўна сустракалі новае тысячагоддзе, а во ўжо праляцела дзесяць гадоў. Які быў наш рабочы крок у мінулым годзе, што ўдалося нам зрабіць?..

Простая мова даклада, ясныя і вывераныя думкі, зразумелая перспектыва — вось стыль Скакуновых прамоў. Калі ён расказваў пра раслінаводства, уважліва слухалі жывёлаводы, бо менавіта «палевікі» вырошчваюць ім кармы. Калі размова заходзіла пра фермы, аграномы і механізатары вушы выцягвалі: які ж прыбытак па малаку дае іхняя руплівасць?

Справаздача Скакуна як бы нанізвала «бусінкі» на самыя дарагія астрамечаўскія каралі. Уяўляеце ўпрыгожванне з лічбаў! А за імі пазначаны тоны, цэнтнеры, кілаграмы, гектары, метры квадратныя, мільярды рублёў. Адным словам, за кожнай лічбай, як у люстэрку, бачна праца астрамечаўцаў.

У сярэдзіне даклада Аляксей Сцяпанавіч раптам агаворваецца:

— Я называю шмат лічбаў, але ж за кожнай з іх — людзі. Мы не можам, як іголку ў стозе сена, згубіць чалавека. Працаўнік сяла — гэта галоўная фігура ва ўсім. І дазвольце нізка схіліць галаву найперш перад нашымі працаўнікамі…

У дакладзе Скакуна я налічыў сто адзінаццаць прозвішчаў перадавікоў. Калі ўлічыць, што ў кааператыве тысяча працуючых, то на выніковым сходзе ўшанаваны кожны дзясяты. Вось вам і ўвага «чалавечаму фактару», пра які нястомна піша ў сваіх артыкулах доктар эканамічных навук, член-карэспандэнт Аляксей Сцяпанавіч Скакун.

На тым сходзе я быў сведкам, як старшыня дзякаваў людзям. Гэта былі не толькі добрыя словы ў дакладзе, а і важкія канверты, каштоўныя падарункі тым, хто шчыруе на сваім участку, а значыць — на агульнай ніве.

Уручаючы такія «падзякі» людзям, Аляксей Сцяпанавіч знаходзіў длякожнага  свае словы. Прымяняў нават народныя прымаўкі:

— От бачыш, Іван, клаў гной густа, дык і ў нашым амбары не пуста. І твой канверт з грашыма!

Механізатару Аляксандру нагадаў:

— Помні і надалей, хто зямлю шануе, таго і яна шкадуе…

Вялікага дуба з малым карэннем не бывае. Пра гэта думаў, калі слухаў прамоўцаў на тым споведным сходзе. Гаварылі і спецыялісты гаспадаркі, і рабочыя розных спецыяльнасцей. Усе яны былі як бы працягам самога Скакуна, карэннем і галінамі таго стрыжня, на якім трымаецца СВК «Астрамечава».

Толькі мікрафон і трыбуна крыху прытушоўвалі іх энергію. Ім было што сказаць, але слоў не хапала. Адчувалася, працаваць умеюць, пацець не прывыкаць, хвалявання не займаць, а прамоўцы з іх не трыбунныя. Ды гэта нават і ўпрыгожвала іх непасрэдныя, даходлівыя выступленні.

Што яшчэ мяне ўразіла?

Тым споведным днём у астрамечаўскі кааператыў папрасіліся трыццаць два чалавекі. Заяву кожнага зачытвалі. Падымаўся з крэсла прасіцель. Яму задавалі пытанні, а пасля галасавалі. І трэба было бачыць радасныя твары новых «астрамечаўцаў». Яны адсвечвалі ўдзячнасць. І найперш — свайму старшыні.

Усеагульную ацэнку Аляксею Сцяпанавічу Скакуну выставіла ў сваім вершы-прысвячэнні вядомая паэтэса, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі Раіса Баравікова:

Дол мятаю і рутаю настоены,

туман над лугавінай,

                                    што паркаль…

Шлях пачынаўся з вёсачкі

                                              Дастоева,

цяпер па шырыні ён —

                                            магістраль!

 

Як водарна ад мёду і ад печыва!

Збіраюць люд палескі кірмашы,

дзе залацінкай ззяе

                                       Астрамечава,

дзе плён — для сэрца,

радасць —  для душы!

 

Зайграе ранак на сваёй

                                                 жалейцы,

узыдзе промняў сонечная раць,

О! Як глядзяцца гожа

                                          берасцейцы,

і гэтае красы ў іх не адняць.

 

У плыні дзён няўтомных

                                          і няспынных,

бы з залатога выткнуцца руна,

і песні ўсе, і слоў высокіх гімны

у гонар Аляксея СКАКУНА!

На здымку: Член Савета Рэспублікі Аляксей СКАКУН на чарговым пасяджэнні сесіі  Савета Рэспублікі.

5. «Люблю, як пахне хлеб…»

Астрамечаўцы вярталіся з Германіі.

Свой аўтобус, як свая крэпасць. За акном — замежжа, а тут, у салоне, — сям’я скакуноўцаў. Гамана пра ўбачанае і пачутае, пра нямецкіх аграрнікаў, іх тэхніку, тэхналогію. Раптам Аляксей Сцяпанавіч рэзка памяняў накірунак размовы.

— А я во плакат іхні сцібрыў, — радасна аб’явіў Скакун і разгарнуў перад сябрамі даволі аб’ёмістую паперыну. — Глядзіце, з якім лозунгам рухаюцца немцы ў заўтра.

На плакаце — два «клёвыя» хлопчыкі, рукі па-мужыцку ў кішэнях, на галовах — рабочыя кепкі. Тварыкі натхнёныя, задзірыстыя. Яны стаяць на свежаўзаранай раллі, а ўнізе іх заклік: «Нам, сялянам, належыць будучае».

Калі ўся астрамечаўская дэлегацыя разгледзела плакат, Аляксей Сцяпанавіч крыху з дакорам прамовіў:

— Во з якіх гадоў людзі выхоўваюць сельскіх мужыкоў. Во як умела прапагандуюць сялянскую працу, як тонка кранаюць струну гонару, любові да зямлі. А мы што, горшыя?

У машыне павісла цішыня, кожны задумаўся над словамі старшыні. А ў ім ужо бруілася новая плынь разваг:

— І нам трэба выпусціць такі плакат. Мусім яшчэ больш павярнуцца да дзяцей, якія ідуць па нашых слядах…

Я быў сведкам, як Аляксей Сцяпанавіч даводзіў гэту ідэю да сваіх намеснікаў Козіча, Радкаўца, Гарустовіч. Званіў у школу дырэктару Данішу, прасіў архітэктара Губарава падабраць пейзаж для здымкаў.

І вось ужо перада мной здымкі Аляксея Сцяпанавіча Скакуна. На астрамечаўскай раллі стаяць два хлопчыкі — Алёша Лапачук і Кірыл Аскірка. Першакласнікі! Адзін — у блакітных джынсах, чорных кедах, у фасоністай куртачцы і моднай кепцы. Другі — у чырвоных ботах, сініх джынсах з кішэнямі на каленках, клятчатай кашулі з безрукаўкай, а на галаве ў яго бела-сіняя кепка з пупсікам. Яны па-дзелавому нешта абмяркоўваюць. За іх спінамі — сучасныя трактары, якія выехалі абрабляць вясковае поле. Фота зачароўвае сельскім пейзажам, даверлівымі хлопчыкамі. Не, яны не пазіруюць перад аб’ектывам, яны, верым, і ёсць тыя мужыкі, якім належыць будучыня Астрамечава.

Так па ініцыятыве Скакуна з’явілася вельмі ж эфектыўная агітка: любі зямлю змалку, рыхтуйся прыйсці на змену сваім бацькам. З лепшага фота зрабілі плакат, які цяпер упрыгожвае файе Палаца культуры, кабінет Скакуна, вывешаны ва ўсіх школах, Дамах культуры, магазінах. Надрукаваны насценны каляндар на 2011 год з астрамечаўскімі мужычкамі. Яго бачыў я ў многіх важных кабінетах у Брэсце, Мінску, Гродна.

Пашчасціла мне сустрэцца з юнымі героямі дня. Мы сядзелі ў мяккіх крэслах праўлення і вялі нетаропкую размову. Хлопчыкі, праўда, не ведалі, што такое інтэрв’ю. А калі я патлумачыў, ажывіліся:

— О, дык мы гатовы яго даць, можаце распытваць пра што хочаце.

Наперабой яны пачалі расказваць пра сваю сям’ю, пра сябе, школу і Астрамечава.

Кірыл:

— У меня дома жывуць чатыры чалавекі — мама, тата, брат Арцём і я. Калі я быў маленькі, дзядуля Валодзя катаў мяне на камбайне. Дома я нават маме дапамагаю — мыю посуд, сабаку Тосю кармлю. Мог бы нешта і зварыць, але не ведаю, што…

Алёша:

— І нас у сям’і таксама чацвёра. Тата і мама працуюць тут. Я бываю ў полі, дзе каласкі растуць, і ведаю, як робяць хлеб…

Хлопчыкі наперабой расказваюць, як з зярнятаў атрымліваюцца боханы магазінныя, адкуль бярэцца малако. Яны бывалі на ферме і бачылі там багата кароў.

А вось іх звесткі пра Аляксея Сцяпанавіча Скакуна:

— Ён — галоўны ў нашай вёсцы. Начальнік! Тата казаў, што ён добры, ветлівы… Ага, з нас фоткі рабіў, усміхаўся, называў мужыкамі. Мы, як вырасцем, пойдзем да яго рабіць. Казаў, што ў Астрамечаве будуць свае самалёты. От бы праляцець над усімі вёскамі, над рэчкай Лютай, над палямі!..

Я падахвоціў Аляксея Сцяпанавіча наведаць астрамечаўскі дзіцячы садок. Ён, лёгкі на пад’ём, тут жа пагадзіўся з прапановай. І вось мы крочым з ім па астрамечаўскіх вуліцах у царства дзяцей. Ён не без гонару расказвае:

— Дзіцячы сад — адна з маіх першых новабудоўляў. Праект з Прыбалтыкі прывёз. Два паверхі, амаль дзве тысячы квадратных метраў, халадзільнікі ім падарылі, мыечную машыну, газонакасілку. Яблыкі даём. З рамонтам дапамагаем…

І вось мы ў дзецішчы Скакуна, сядзім на дзіцячых зэдліках, а вакол нас — выхаванцы ўстановы, нібыта птушачкі-жаўтароцікі. Аляксей Сцяпанавіч расказаў ім, як працуюць іх бацькі, якіх поспехаў дасягнулі астрамечаўцы. Давялося паспавядацца і аб сваім дзяцінстве.

Загадчыца садка Ганна Антонаўна Давыдзенка перахапіла размову і спытала:

— Дзеці, да вас сёння завітаў у госці Аляксей Сцяпанавіч Скакун. Во ён перад вамі. А што вы ведаеце пра яго, ці бачылі яго раней?

Адзін хлопчык шчыра прызнаўся:

— Ы-ы, ніколі яшчэ не бачыў.

А далей пасыпаліся аповеды, як з казачнага рога, — нечаканыя і самыя адмысловыя.

На гэтай добрай ноце мы пакідаем дзіцячы храм, у якім выхоўваюцца 126 вундэркіндаў. Адчуваў, Аляксей Сцяпанавіч вяртаўся ў кабінет акрылены, абнадзеены. Адбылася як бы сустрэча з заўтрашнім днём Астрамечава.

У той дзень я пабываў яшчэ ў дзіцячым садку вёскі Лышчыцы. І мае ўражанні пра будучыню гаспадаркі толькі замацаваліся. Дзеці расказвалі пра тое, як іх бацькі здабываюць малако і хлеб, як кормяць норак і бычкоў. Яны і на ферму хадзілі, і бачылі ў клетках страусаў, ліс, паўліна.

— Дзеці — наш барометр, — сказала загадчыца садка Галіна Сцяпанаўна Саўчук. — Па іх можна вымяраць тэмпературу чалавечых адносін. Я ўжо з імі працую звыш дваццаці пяці гадоў. Люблю гэтых сонейкаў, зайчыкаў, лялечак. Яны — сэнс майго жыцця. Яны — энергетыка ўсёй нашай гаспадаркі. А генератар гэтай душэўнай энергіі — Аляксей Сцяпанавіч Скакун. Ён — Гаспадар з вялікай літары, чалавек дзелавы…

6. Унукі дзедавай навукі

У Аляксея Сцяпанавіча Скакуна — чатыры ўнукі, чатыры вясновыя галіны ў трэцім калене.

Бачыў, як ён трымаў на руках кроху Міланку. Іх вочы, здаецца, адсвечвалі адну і тую ж уцеху — радасць сустрэчы, яднанне душ.

Быў сведкам, калі дзед дарыў свайму ўнуку Лёшу новую цацачную машынку і цукеркі. А ён, гарэзлівы жэўжык, шырока ўсміхаўся і быў ад шчасця на сёмым небе.

А вось з Таццянай Скакун, трэцякласніцай Лышчыцкай школы, мы складна пагаварылі. Яна шчыравала ў сваім аповедзе і пра дзядулю, і пра сям’ю, школу, сяброў. Мне засталося толькі запомніць яе споведзь ды перадаць узнёслае пачуццё, з якім яна гаварыла са мной:

— Мой дзядуля Аляксей Сцяпанавіч вельмі добры. Я моцна яго люблю. Ён самы галоўны ў калгасе. Аднойчы завёз мяне паглядзець на спартыўных коней. І я на адным пакаталася!.. Мае тата Андрэй і мама Света таксама любяць майго дзядулю. Ад дарослых чула такі жарт: «Два Скакуны — Аляксей і Андрэй — запрэжаны ў адзін воз і добра цягнуць яго».

Праўда, Таня не сказала, што дзедаў і бацькаў «воз» у кожнага свой. У Аляксея Сцяпанавіча — СВК «Астрамечава», у Андрэя Аляксеевіча — суседняя сельская гаспадарка «Амеліна». Яны працуюць на зямлі, у якой усе карані Скакуноў.

А тым часам Таццяна працягвала свой маналог, і пра што б яна ні расказвала, ва ўсім адчуваліся дзедаў уплыў, яго навука, настрой, аптымізм, дабрыня.

— Мой дзядуля заўсёды з усімі весела вітаецца. У яго шмат работы, таму дома бывае рэдка. А бабуля Валя яго чакае. Яна ўмее варыць вельмі смачныя супы. Як прыеду да яе, абавязкова частуе імі, і я з’ядаю поўную талерку. Дзядулю ўсе слухаюцца, паважаюць. Ён не баіцца трапіць у бяду, а калі пачаў якую справу, то абавязкова заканчвае яе. Ніколі не здаецца. Ідзе ўперад і ўперад. Гэта мне падабаецца. Я таксама хачу так жыць.

— А ў чым заключаецца работа Аляксея Сцяпанавіча?

Таня крыху здзівілася з майго пытання і тут жа адказала:

— Яго работа такая, каб паболей сабраць зерня, каб хлеб быў у людзей, каб каровы малако не забываліся даваць, каб не хварэла жывёла, каб быў парадак у калгасе. Ён часта бывае стомлены, і мне шкада яго.

— А сама ты любіш прадак?

— Ага, я маме дапамагаю прыбіраць у хаце, з Алёшам гуляю, цацкі рамантуем. Люблю чытаць кнігі і Лёшку вучу, каб ведаў літары. Мяне ведаюць усе бяздомныя сабакі, я іх падкормліваю. І нашых Бэцю і Ціму кармлю. Яны ўмеюць танцаваць. У нас яшчэ ёсць кот і кошка, куры і певень. Адзін раз прачнулася, як певень кукарэкаў. Думала, лета прыйшло, ажно на вуліцы снег выпаў… Як вырасту, хачу стаць ветэрынарам і буду лячыць усіх жывёл. Дзядуля падарыў нам каляндар, на якім хлопчыкі стаяць у полі і гавораць: «Нам, сялянам, належыць будучыня». Яны будуць расціць хлеб, малаціць зерне, стануць калгаснікамі. Ім належыць будучыня. І мне таксама!..

Сярод унукаў Аляксея Сцяпанавіча самая старэйшая — Дар’я. Яе біяграфія пакуль кароткая: з маленства любіць бываць у дзядулі Аляксея і бабулі Валі. Вучылася ў трох школах. Цяпер — у Варшаве, у акадэміі па спецыяльнасці «ўпраўленне, бізнес, менеджмент». З ёй маё бліц-інтэрв’ю:

— Які ўплыў дзядулі ў тваім жыцці?

— Ён для мяне за

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter