Источник: Голас Радзiмы
Голас Радзiмы

Новая акцыя Міжнароднага радыё “Беларусь” дапамагае беларусам замежжа перадаваць прывітанні родным і блізкім на Бацькаўшчыну

Мой родны кут...

Сярод першых удзельнікаў акцыі “Гукае ласкай родны край” міжнароднага радыё “Беларусь” былі сем’і Фусевічаў з польскага Вроцлава і Бісаул з Аўстраліі, а таксама Юры Грушок з Італіі. Супляменнікі даслалі фотаздымкі з месцаў, дзе цяпер жывуць, перадалі прывітанні родным, сябрам, знаёмым...

Сям’я Фусевічаў з Вроцлава
На сайце радыё “Беларусь” бачыла: вестачку з Беластока даслалі ўдзельнікі Міжнароднай навуковай канферэнцыі “Шлях да ўзаемнасці”. Пад агульным здымкам выступоўцаў подпіс: “Пад час канферэнцыі беларускія ўдзельнікі з Польшчы згадвалі свае родныя мясціны і перадавалі прывітанне Беларусі, родным і сябрам, якія там жывуць!” Шчыры ліст-прывітанне і вясёлую гісторыю з дзяцінства пра тое, як аднойчы з дзедам новыя боты “абмывалі”, даслаў іркуцкі беларус Алег Рудакоў.

Наконт акцыі прачытала: “У кожнага ёсць родны куток, да якога, па словах нашага славутага земляка Францыска Скарыны, мы ўсе “вялікую ласку маем”. Гэта месца, дзе нарадзіліся і выраслі, дзе жывуць нашы блізкія і родныя. І нават калі жыццёвыя дарогі прывялі далёка за межы гістарычнай радзімы, радыё дае магчымасць суайчыннікам не губляць сувязь з роднымі мясцінамі”.

Праект задумваўся спецыяльна для беларусаў замежжа: каб прыцягнуць супляменнікаў да дыялогу, нагадаць пра іх родавыя карані. Паводле апошніх звестак, па-за межамі Бацькаўшчыны ў розных кутках планеты жыве цяпер каля трох мільёнаў беларусаў, шмат нашчадкаў суайчыннікаў у другім, трэцім пакаленнях. Нямала ўраджэнцаў Беларусі й сярод знакамітасцяў: палітычныя дзеячы Ізраіля Хаім Вейцман і Шымон Перэс, даследчык і нацыянальны герой Чылі Ігнат Дамейка, Нобелеўскі лаўрэат Жарэс Алфёраў, касманаўты Пётр Клімук, Алег Навіцкі, мастак Марк Шагал, некаторыя галівудскія зоркі...

Цяпер тым, хто мае беларускія карані, перадаць прывітанне ў родны кут вельмі проста: трэба даслаць ліст на электронны адрас hellobelarus@gmail.com. Гэта могуць быць здымкі з сямейнага архіва, фота з таго месца, дзе цяпер жыве чалавек, сэлфі або відэа. А таксама — лісты з успамінамі пра малую радзіму, гісторыямі з жыцця. Усе матэрыялы будуць апублікаваны на сайце міжнароднага радыё “Беларусь”, старонцы ў фэйсбуку. А найбольш актыўных аўтараў, абяцаюць арганізатары, чакаюць прызы.

Кацярына Мядзведская

Голас Радзімы № 40 (3544), чацвер, 19 кастрычніка, 2017 у PDF

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter