Источник: Голас Радзiмы
Голас Радзiмы

Вялікім сумесным выступленнем творчых калектываў розных этнасуполак Беларусі распачаўся новы канцэртны сезон Рэспубліканскага цэнтра нацыянальных культур

Моцныя традыцыі сяброўства

Сапраўдны сюрпрыз гледачам на першым канцэрце новага творчага сезону Рэспубліканскага цэнтра нацыянальных культур зрабіў старшыня азербайджанскай суполкі Націк Багіраў. Вядомы спартсмен, шматразовы чэмпіён ды прызёр чэмпіянатаў Еўропы і свету па самба і дзюдо, упершыню дэбютаваў на сцэне як спявак. Вельмі душэўна ён выканаў песню “Снег”, прысвяціўшы яе ўсім прысутным у зале жанчынам. Парадаваў прыгожымі, па-філасофску тонкімі вершамі кіраўнік Міжнароднага аб’яднання дагестанцаў “Горо” Хізры Асадулаеў. Яскрава й самабытна прадставілі родную культуру танцавальныя калектывы этнасуполак: армянскі “Эрэбуні”, яўрэйскі “Гіль Загав”, карэйскі “Арыранг”, азербайджанскі “Легенды Каўказа”, індыйскі “Сапна”, казахскі “Салтанат”. Былі й сольныя выканаўцы — кіраўніца малдаўскай суполкі Антаніна Валько, спявачкі з украінскага хору “Крыніца” Маргарыта Кучук ды Майя Бескаравайная. Спявалі польскі дуэт Юліі Абрамовіч і Дарыі Савіцкай, трыа “Гармонія” народнага хору рускай песні імя А. Нікіцінай, Таццяна Катаргіна. Сапраўднымі тэатралізаванымі прадстаўленнямі падаліся мне нумары ад народнага беларускага ансамбля “Вербіца”, фальклорнага тэатра ўкраінскай песні ды абраду “Ватра”, ансамбля інтэрнацыянальнай дружбы “Згода”.

Прыемныя ўзнагароды для “Арыранга”
Фота Кацярыны МядзведсКай

Усіх удзельнікаў канцэрта чакалі дыпломы і падзячныя лісты ад РЦНК. А калектыву традыцыйнай карэйскай культуры “Арыранг” быў уручаны й дыплом ад Міністэрства культуры Беларусі. Намеснік начальніка ўпраўлення ўстановамі культуры і народнай творчасці Міністэрства Алег Скарына падзякаваў усім творчым калектывам, салістам  этнааб’яднанняў Беларусі за актыўную канцэртную дзейнасць, а таксама за каларытныя і незабыўныя святы нацыянальных культур, што амаль у кожныя выхадныя лета праходзілі ў Мінску, у Верхнім горадзе.

Канцэрт атрымаўся цэльным, шматфарбным. Прык­меціла: усе гурты, артысты ў добрай творчай форме. Відаць, гатовы да напружанай працы, эксперыментаў. І яны будуць! Дырэктарка РЦНК Вольга Антоненка казала мне: “Хочацца, каб нашага гледача заўсёды чакала што-небудзь новае і цікавае. Будзем запрашаць на мерапрыемствы калектывы этнасуполак з рэгіёнаў. Абавязкова прагучаць на нашай сцэне аўтэнтычныя спевы — у выкананні спявачак з глыбінкі. Ёсць яшчэ задума ладзіць выступленні цыркавых артыстаў. Канешне ж, мы заўсёды рады будзем гуртам супляменнікаў з розных краін”.

А сёлетні сезон у РЦНК і сапраўды вельмі насычаны. Днямі вярнуліся творчыя гурты розных этнасуполак Беларусі з Польшчы, дзе родную культуру прадстаўлялі гледачам у Варшаве ды Мінску Мазавецкім. Не паспеў адгучаць-адзвінець Фэст мастацтваў беларусаў свету, як пачаліся адборачныя рэгіянальныя ды абласныя туры Фестывалю нацыянальных культур. Дарэчы, іх пераможцы збяруцца ў канцы снежня ў Мінску, дзе на Калядным кірмашы прадставяць вялікую канцэртную праграму. А ўрачыстае адкрыццё Фестывалю нацыянальных культур адбудзецца 10 снежня ў Белдзяржфілармоніі. Заключныя ж яго мерапрыемствы, па традыцыі, пройдуць у Гродне.

Кацярына Мядзведская

Голас Радзімы № 43 (3547), чацвер, 16 лістапада, 2017 у PDF
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter