Маркетолог и медовый сомелье — о своей любви к пасеке, тонкостях вкуса и особенностях продвижения белорусского меда

Моцныя мядовыя пачуцці

Мёд на розных мовах свету атаясамліваецца са здароўем, золатам, а яшчэ з цеплынёй і пяшчотай... Возьмем, напрыклад, англійскае слова honey, што значыць «дарагі», «мілы». З мёдам у большасці з нас звязаны толькі станоўчыя эмоцыі. Многія фермеры, прадпрымальнікі гэтым прадуктам прысвяцілі сваё жыццё... Як і Вольга Гаўрылік, прадстаўніца незвычайнай прафесіі. Яна — мядовы самелье: вельмі добра разбіраецца ва ўласцівасцях карыснага нектару, займаецца вытворчасцю мёду больш за сем гадоў і экспартуе яго нават у Японію і Амерыку.

Шлях да сотаў

Вольга скончыла Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы па спецыяльнасці «міжнародныя эканамічныя адносіны». Прымала ўдзел у розных даследчых праектах, але тэма мёду была для яе самай цікавай. 

Сям'я ГАЎРЫЛІКАЎ: «Наш родны мядок вельмі якасны».

— У дзяцінстве я праводзіла лета ў бабулі і дзядулі, назірала за іх пчальніком. Тады і не думала, што калі-небудзь далучуся да гэтай салодкай тэмы, — усміхаецца Вольга. — Аднойчы мне спатрэбілася інфармацыя, як працуюць пчаляры ў краінах-суседках, па якіх правілах ажыццяўляюцца там агра- і бізнес-праекты. За год пазнаёмілася з рознымі людзьмі, наведала сучасныя прадпрыемствы. Зразумела, што вытворчасць натуральных прадуктаў — сфера вельмі перспектыўная. Так з мужам наладзілі сямейны бізнес. Пачыналі з фасоўкі простых відаў мёду, але заўсёды хацелі дадаць нешта сваё ў гэты прадукт. Напрыклад, распрацавалі лінейку ўзбітага мёду (ён мае больш далікатную кансістэнцыю і амаль не крышталізуецца). Менавіта гэты від прадукцыі быў заўважаны і ўпершыню трапіў на паліцы ў ЗША.

— Для любога старту новага прадпрыемства трэба мець пэўныя рэсурсы. Як вы сталі на крыло?

— Нашу справу распачалі ў 2013 годзе. Выкарыстоўвалі і ўласныя, і крэдытныя сродкі, перш за ўсё абапіраліся на свае веды і, вядома ж, вялікі аб'ём уласнай працы. Нічога не далося проста і з першага разу. Нават цяпер, калі вытворчыя і тэхналагічныя працэсы ў нас наладзіліся, знаходзім час і сілы для іх паляпшэння і імкнёмся вырабляць натуральныя і карысныя прадукты з мёду. Пераймаем самыя лепшыя веды і тэхналогіі з галін харчовай прамысловасці і медыцыны. Справу мы зарэгістравалі ў Гродзенскім раёне, таму першыя пяць гадоў дзейнасці карысталіся падатковымі льготамі. Гэта была значная падтрымка.

— На мядовым рынку Беларусі шмат канкурэнтаў. Што вы робіце, каб выгадна адрознівацца ад іншых?

— Канкурэнты, вядома, ёсць, а ў гэтым годзе іх колькасць падвоілася ў параўнанні з 2014 годам. Мы маем непаўторныя прадукты. Прадаём на ўнутраным рынку, таксама сталі першым мядовым экспарцёрам у ЗША і Японію. Пастаўляем наш прадукт у Грузію і Сінгапур.

Вытворчасць натуральных прадуктаў — сфера вельмі перспектыўная.

Вольга запрашае зазірнуць на качавы пчальнік, які дазваляе атрымліваць розныя гатункі мёду: лугавы, малінавы, грэчкавы... Ён знаходзіцца на тэрыторыі экалагічнага заказніка «Гродзенская пушча». Але для вытворчасці мядовых прадуктаў уласнага пчальніка мала. Таму прадпрыемства купляе мёд і ў айчынных пчаляроў. Вольга тлумачыць:

— Мёд, які паступае да нас, праходзіць пільны кантроль. У прадукце не павінна быць антыбіётыкаў, пестыцыдаў, іншых дабавак. Акрамя таго, мы правяраем мёд на натуральнасць. Ёсць спецыяльныя патрабаванні сістэмы HACCP: санітарны кантроль і аналіз рызык еўрапейскага ўзроўню. У мяне ёсць кваліфікацыя «мядовы самелье» (я атрымала яе ў Італіі), якая дазваляе разбірацца ў разнастайнасці гэтага каштоўнага прадукту, ацэньваць яго якасць.

Эксперт па аналізе мёду

Некалькі гадоў таму Вольга наведала італьянскага прафесара ў Балоні, на англійскай мове вывучала курс аналізу мёду. Прашу падрабязней расказаць аб засваенні рэдкай прафесіі. Мая суразмоўца з задавальненнем распавяла, як вывучылася на мядовага тэсціроўшчыка:

— Курс мядовага самелье быў дасканалы. З раніцы да вечара прадстаўнікі 15 краін вывучалі гісторыю сэнсарнага аналізу, біялогію пчалы, хімічныя мядовыя працэсы. Практыка неверагодная! Цяпер я магу вызначаць віды прадукту ўсляпую і адкрыта, па гусце і паху.

Дарэчы, і пасля вучобы Вольга падтрымлівае сувязь з замежнымі калегамі. У яе нават сабралася калекцыя: сотні відаў мёду з Еўропы і далёкіх краін свету.

— Некаторыя віды замежнага мёду маюць незвычайны для нас смак, як гаворыцца, са сваім нацыянальным каларытам: сунічны, са спецыямі, фруктовы... Мы таксама ўлічваем густы людзей і распрацавалі нямала навінак, якія пашыраюць уяўленне аб прадукце: узбіты мёд з журавінамі, малінамі, чарніцамі і какавай, фундуком, — гаворыць Вольга.

— А які мёд найбольш папулярны ў нашых суайчыннікаў? — удакладняю ў эксперта.

— Мабыць, самы запатрабаваны ў беларусаў грэчкавы мёд. У яго больш насычаны і выразны смак.

Мёд Вольгі і Аляксандра ГАЎРЫЛІКАЎ экспартуецца ў Японію і Амерыку.

Пераход на новы ўзровень

Пандэмія каронавіруса ўнесла свае карэктывы ў прасоўванне пчолапрадуктаў. Па словах Вольгі, попыт гэтай восенню ў параўнанні з мінулымі перыядамі на прадукцыю ўмераны, ажыятажу на мёд не назіраецца.

— Заўважыла, што шмат людзей працуюць у інтэрнэце, таму і мы туды пераходзім. У нас ёсць свой сайт і старонкі ў сацыяльных сетках. Рыхтуем матэрыялы пра мёд і прадукты пчалярства. Яшчэ адным крокам да папулярызацыі айчыннага мёду стала развіццё экскурсійнага напрамку. Збіраем экспазіцыю старажытных вулляў і абсталявання для пчалярства, шчыльна супрацоўнічаем з Гродзенскім дзяржаўным універсітэтам імя Янкі Купалы: з кафедрай біялогіі распрацоўваем цікавыя матэрыялы пра пчол для дзяцей і дарослых.

Нягледзячы на тое што неспрыяльная эпідэміялагічная сітуацыя затармазіла працэс экскурсій і асабістых сустрэч, упэўнена — усё наперадзе. Падчас дэгустацый і паездак я спрабавала мёд і пчолапрадукты з розных краін, але, думаю, у свеце няма аналагаў беларускаму мёду. Наш родны мядок вельмі якасны. Хочацца, каб яго паспрабавала як мага больш людзей!

shimuk@sb.by

Фота з архіву герояў матэрыялу.

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter