Ансамблі беларускай песні “Купалiнка” і “Зорачкi” выступілі на святочным канцэрце ў Тальяці

Моладзь прадаўжае традыцыі

Каляды цяпер адзначаюць у розных беларускіх замежных суполках, згадваюць Стары Новы год – на Беларусі яго называюць і Шчадрэц, Шчодрык, Шчадруха… Але ж вядома: зімовы перыяд святаў – якія называлі святкамі – раней заканчваўся Вадохрышчам. Вось і мы ў Тальяці далучыліся да святкавання Вадохрышчанскай Куцці – так беларусы называюць “Крещенский Сочельник”. Як вядома, пачынаецца свята 18 студзеня, напярэдадні Вадохрышча (19 студзеня, па-руску: “Крещение Господне”). Паводле хрысціянскіх паданняў, якраз у такую пару калісьці Іаан пахрысціў Ісуса Хрыста ў рацэ Ярдан. Кажуць, у час хрышчэння на Ісуса сышоў Святы Дух у выглядзе голуба. У памяць пра тую падзею і ладзіцца свята. Напярэдадні 19 студзеня асвячаюць ваду ў праваслаўных храмах. Дарэчы, сёлета ў Тальяці для вернікаў былі зроблены адмысловыя купелі, дзе кожны ахвочы мог акунуцца.


Ладзіліся ў горадзе і свецкія святочныя мерапрыемствы. Звычайна мы выкарыстоўваем любую магчымасць, каб з лепшага боку паказаць беларускую культуру. На гэты раз нашы ансамблі “Купалiнка” і “Зорачкi” выступілі на святочным канцэрце ў малой зале Палаца культуры, мастацтва і творчасці. Як заўсёды, гледачоў была – поўная зала, на фоне кулісаў ляталі прыгожыя белыя сняжынкі. Уся зала, ды і артысты, здавалася, дыхалі святам. Нашы артысты парадавалі гледачоў: гучалі песні з новага рэпертуару, на сцэну выйшаў абноўлены склад “Купалінкі”. Ансамбль ужо, дарэчы, можна называць і моладзевым. З нашымі артыстамі былі побач сябры і партнёры з Тэатра танца “Кредо”, а таксама хор рускай песні “Родники”.

Царкоўных песень у нашым рэпертуары няма, спявалі пра Беларусь. Сярод іх былі новыя: “Журавы” і “Да цябе, Беларусь!”, а таксама “Беларусь чароўная” і “Сваёй Беларуссю ганаруся”. Нядаўна стала вядома: “Купалінка” і “Зорачкі” сёлета выступяць на адным з вядомых фэстаў у Беларусі. Вось і адпрацоўваем новую праграму, а найлепш рабіць гэта – перад гледачамі. Выступаем на розных пляцоўках.

Мне як кіраўніцы заўсёды цікава назіраць рэакцыю залы. Бачыла: гледачы слухалі нашы песні, затаіўшы дыханне. А ў некаторых і вочы блішчэлі, калі гучалі “Журавы” і “Да цябе, Беларусь!”. Гэта моцныя, прыгожыя песні. І нават адзін мой добразычлівы крытык, да меркаванняў якога заўсёды прыслухоўваюся, сказаў: ну проста мурашкі па целе пабеглі ад гэтых беларускіх песень...
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter