Дзе набыць унікальныя вінтажныя рэчы

Мода з камоды

Мода часта звяртаецца да вопыту мінулых дзесяцігоддзяў. Але рэчамі “пад даўніну” сёння нікога не здзівіш. Іншая справа — адзенне, прадметы інтэр’еру, упрыгожванні з адзнакай свайго часу. Вось толькі адметныя рэчы на кожным вугле не сустрэнеш, за імі трэба выходзіць на паляванне. У Еўропе выдатнымі вінтажнымі крамамі і барахолкамі славяцца Берлін, Парыж, Амстэрдам і Стакгольм. Але ж, напэўна, у любым еўрапейскім горадзе адшукаецца некалькі славутых вінтажных пунктаў. У нас рэчы з гісторыяй сабраны ў антыкварных крамах і салонах. На карце Мінска іх дзясяткі.



Свежы подых мінулага

Адкрываю дзверы невялікага салона і пераношуся ў мінулае стагоддзе. Адчуванне — быццам трапіла ў музей. Але пра тое, што гэта крама, нагадваюць маленькія цэннікі з вялікімі лічбамі. Вочы разбягаюцца — грувасткія разьбяныя сталы, гадзіннікі розных формаў і памераў, крэслы, абабітыя залатой тканінай. Вядома, большасць з іх — рэчы антыкварныя, аднак тут можна адшукаць і вінтаж.

Палічкі застаўлены хрустальнымі графінамі і келіхамі. Побач фарфоравыя вазы з россыпам кветак, графін з чаркамі ў выглядзе рыбак (акурат такі набор стаіць у маёй бабулі за шклом серванта). Яго ацэньваюць у 35 рублёў, хрустальную вазу — у 12.

— У Амерыцы, Заходняй Еўропе людзі любяць і цэняць вінтаж. У Беларусі да старых рэчаў ставяцца пакуль што насцярожана, — кажа Наталля Осіпава, прадавец-кансультант мінскай антыкварнай крамы. — Да нас заходзіць шмат людзей, але большасць не за пакупкамі, а так, паглядзець. Пастаянныя пакупнікі — калекцыянеры.

У вінтажныя крамы можна прыносіць і рэчы на продаж. Кошт складаецца з некалькіх параметраў: стан, узрост, унікальнасць, мастацкая ці гістарычная каштоўнасць. Вопытны прадавец за некалькі хвілін можа вызначыць, ці будзе запатрабавана рэч і за колькі яе можна прадаць.
На інтэрнэт-аукцыёнах можна знайсці прадметы даўніны на любы густ і кашалёк — ад скуранога сакваяжа да кварцавых гадзіннікаў. Напрыклад, жаночыя сумкі, з якімі хадзілі нашы мамы і бабулі, каштуюць ад 10 да 100 рублёў. Пудраніцу савецкіх часоў у ажурнай акантоўцы з залачэннем прадаюць за 23 рублі.
Як высветлілася, посуд — не самы хадавы тавар, ён можа прадавацца не адзін тыдзень і нават не адзін месяц. На фоне ўсялякага багацця ў вочы кідаюцца кампактная швейная машынка ў скураным чамадане, драўляныя лічыльнікі, піянерскі гальштук, чырвоны габелен з выявай Леніна.

— Савецкія рэчы падабаюцца замежным гасцям, — працягвае Наталля. — Тавар бяруць бойка. Як доўга праслужыць вінтажная рэч? Гэта залежыць ад шматлікіх фактараў: ступені зносу, матэрыялу, умоў захоўвання.

У атмасфернай краме ёсць цацкі, карціны, шкатулкі, медныя збаны, розныя статуэткі, упрыгожванні, музычныя інструменты... Каб пералічыць усё, не хопіць газетнай паласы. Лепш адзін раз пабачыць.

Знаходкі ў бабуліным куфры

Мода, як вядома, паўтараецца. Асобныя элементы крою і нюансы малюнка мяняюцца, але ў цэлым пасыл застаецца. Да прыкладу, 1970-я гады вярнулі на подыумы самыя розныя варыяцыі расклёшаных штаноў, блуз і сукенак з аб’ёмнымі рукавамі, жакеты з падкрэсленай лініяй пляча. Многія рэчы можна дастаць з антрэсоляў ці бабулінага куфэрка. Таму ўважліва пераглядзіце гардэроб. Які сэнс купляць новую вопратку “ў стылі”, калі аўтэнтычныя прадметы таго часу знаходзяцца пад рукой?

Знайсці вінтажнае адзенне можна ў сэканд-хэндах, на барахолках, спецыялізаваных шоу-румах. Адна з самых вядомых “барахолак” — “OPEN ШКАФ” — некалькі разоў на год праводзіцца на модных мінскіх пляцоўках. Тут можна набыць эксклюзіўныя кашулі, паліто, сукенкі на любы густ па даступных цэнах.

Гарнітур мадам Петуховай

У перакладзе vintage — “высакаякаснае віно”, якое вытрымліваюць у ідэальных умовах не адно дзесяцігоддзе. Як вядома, пасля напой становіцца адметны і якасны. Так і з рэчамі.

Вінтажны стыль зарадзіўся ў Францыі, менавіта таму ён валодае дзіўным шармам. Спакойныя фарбы, цікавыя ўзоры — тое, што складае яго аснову. Інтэр’ер у такім стылі ўбірае ў сябе цікавае спалучэнне розных матэрыялаў: каваных металічных, драўляных і тэкстыльных вырабаў з характэрным абліччам, а таксама медзі, дрэва, керамікі, тканін.

Рарытэтны сервант, старадаўняя бабуліна камода, драўляны або каваны ложак, канешне, патрабуюць адметнага інтэр’еру. Паглядзець і набыць вінтажную мэблю розных краін і эпох можна ў антыкварных салонах. Напрыклад, у адной са сталічных крам фарфоравы алімпійскі мішка каштуе 50 рублёў, насценнае люстэрка з Бельгіі ў дубовай раме — 215 рублёў, французскі буфет з разнога дубу, упрыгожаны самавітымі геаметрычнымі ўзорамі і кветкамі, — больш за 2 тысячы рублёў, а масіўны дубовы гадзіннік — 3 тысячы рублёў.

Плёнка супраць лічбы

Сёння многія адмаўляюцца ад сучасных прылад на карысць старой тэхнікі. У сацсетках створаны суполкі аматараў тэхнікі з мінулага. Купляюць плёнкавыя фотаапараты і камеры, набываюць вінілавыя прайгравальнікі. Меламаны сцвярджаюць, што гук з вінілавых пласцінак нават параўнаць нельга з тым, што даносіцца з камп’ютарных калонак.

Маладыя фатографы ўсё часцей выкарыстоўваюць савецкія “Змену”, “Зеніт”, каб атрымаць адну каштоўную фатаграфію замест тысячы бескарысных. Неменшая папулярнасць і ў пішучых машынак. Нават калі не выкарыстоўваць яе па прамым прызначэнні, чаму б не паставіць на стол у якасці адметнай дэталі інтэр’еру? Дарэчы, у інтэрнэце за плёначны фотаапарат “Зеніт” 1962 года просяць 65 рублёў, за патэфон — каля 200 рублёў.
Вінтаж і антыкварыят — у чым адрозненне?

Асноўным крытэрыем для падзелу антыкварыяту і вінтажу з’яўляецца ўзрост прадметаў. Тэрмінам “вінтаж” прынята пазначаць рэчы, якім не менш за 20, але не больш за 60 гадоў, прычым яны абавязкова павінны адлюстроўваць модныя тэндэнцыі свайго часу. Антыкварныя рэчы старэйшыя. Асноўная частка спецыялістаў сыходзіцца ў тым, што антыкварнай рэчы не можа быць менш за 50 гадоў. Але ў некаторых краінах выраб будзе лічыцца антыкварным толькі тады, калі яму больш за 100 гадоў. У той жа час і не ўсялякая стогадовая рэч будзе лічыцца антыкварыятам. Яна павінна абавязкова валодаць мастацкай каштоўнасцю.

Яшчэ адзін крытэрый, які адрознівае вінтаж і антыкварыят, — рэдкасць. Калі вінтажныя рэчы набыць прасцей, бо прайшло не так шмат часу з моманту іх вырабу, то за антыкварыятам прыйдзецца пабегаць: страчана тэхналогія вытворчасці, перастаў існаваць брэнд, у выніку прадмет не можа быць больш выраблены, а значыць, ён рэдкі і антыкварны. Але і вінтажныя рэчы з кожным днём будуць станавіцца ўсё больш рэдкія, каштоўныя і з цягам часу абавязкова пяройдуць у разрад антыкварыяту. Яшчэ важна адзначыць, што вінтажныя рэчы — гэтакія “модныя штучкі” пэўнага часовага перыяду — выкарыстоўваюцца для паўсядзённага нашэння. Антыкварная ж вопратка не прадугледжвае гэтага, так як занадта далікатная.

Існуе меркаванне аб завоблачных цэнах на вінтажныя і антыкварныя рэчы. І сапраўды сустракаюцца вельмі дарагія экзэмпляры. Напрыклад, антыкварная рэч працы знакамітага майстра можа ацэньвацца ў сотні тысяч долараў. Роўна, як і за вінтажную сукенку вядомага куцюр’е прыйдзецца выкласці істотную суму. Аднак ёсць антыкварныя і вінтажныя рэчы, прымальныя па цане, і іх могуць дазволіць сабе многія.
Крысціна Хілько

kristinahilko@sb.by

Фота аўтара
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter