Міратворцы

Споўнілася трэцяя гадавіна падпісання ў Мінску “нармандскай чацвёркай” — лідарамі Германіі, Расіі, Францыі і Украіны — Комплексу захадаў па рэалізацыі Мінскіх пагадненняў (Мінск-2). У ім паэтапна прапісаны ўмовы, на якіх Данбас можа быць рэінтэграваны з Украінай. На сёння гэта адзіны дакумент, які сапраўды працуе, хоць яго рэалізацыя ідзе часам марудна, даволі моцна прабуксоўваючы.

Нямала ў Мінска-2 і праблем. Першае: гэта немагчымасць стварэння бліжэйшым часам агульнай палітычнай прасторы паміж Украінай, ЛНР і ДНР (Вярхоўнай радай не прыняты закон аб выбарах у мясцовыя органы ўлады ў “народных рэспубліках”). Другое: адсутнасць з боку ўкраінскай дзяржавы сацыяльных гарантый і правоў насельніцтва Данбаса, існаванне эканамічнай і транспартнай блакады ў рэгіёне, сталыя двухбаковыя абстрэлы на лініі сутыкнення пазіцый апалчэнцаў і байцоў Узброеных сіл Украіны. Трэцяе: значнае павелічэнне аб’ёмаў паставак ва Украіну найноўшых узораў зброі з заходніх краін. Летась на паўднёвым усходзе Украіны было забіта 105 чалавек, 486 атрымалі раненні.

Дадаткова па сітуацыі ва Украіне цяпер ідуць перамовы і ў фармаце Расія — ЗША. Аднак Трохбаковая кантактная група пад патранатам АБСЕ з удзелам прадстаўнікоў ДНР, ЛНР, Украіны і Расіі ўсё ж крок за крокам напаўняе Мінскія пагадненні рашэннямі, абавязковымі для выканання канфліктуючымі бакамі на паўднёвым усходзе краіны-суседкі (гэта аднаўленне абмену палоннымі, працяг тэрмінам на год дзеяння закона аб асаблівым статусе Данбаса, часовыя поспехі ў забеспячэнні рэжыму спынення агню і іншыя). Нягледзячы на тое, што асобныя сусветныя палітыкі заяўляюць аб магчымасці змены мінскай перамоўнай пляцоўкі па Украіне, для ўсіх застаецца відавочным факт: рэальнай альтэрнатывы ёй зараз не існуе.

Адмысловы прававы фон у зоне канфлікту на тыдні стварыў новы закон аб рэінтэграцыі Данбаса, падпісаны Пятром Парашэнка. Згодна яму, прэзідэнт можа абвяшчаць ваеннае становішча ў краіне, уводзіць войскі на любыя тэрыторыі на няпэўны тэрмін. Часткі Данецкай і Луганскай абласцей Украіны прызнаюцца акупаванымі тэрыторыямі пад кантролем “узброеных фарміраванняў Расійскай Федэрацыі”.

Днямі “ўкраінская тэма” атрымала новы інфармацыйны віток: гаворка ідзе аб размяшчэнні ў Данбасе міжнароднага кантынгенту “блакітных касак”. Рэзалюцыю аб гэтым Масква ўнесла ў Савет Бяспекі ААН  у верасні мінулага года.

На нядаўняй Мюнхенскай канферэнцыі па бяспецы генеральны сакратар НАТА Енс Сталтэнберг заявіў, што вайскоўцы пад сцягам Аб’яднаных Нацый павінны не толькі гарантаваць бяспеку назіральнікаў АБСЕ, але і знаходзіцца ва ўсёй зоне канфлікту — на тэрыторыі непадкантрольнай афіцыйнаму Кіеву, уздоўж расійска-ўкраінскай мяжы.

Аляксандр Лукашэнка падчас галасавання ў Мінску на выбарах у мясцовыя Саветы дэпутатаў паведаміў: калі б Беларусі даручылі сыграць пэўную ролю ва ўрэгуляванні канфлікту ва Украіне, яна выканала б усё неабходнае, не займаючы чыюсьці пазіцыю. Пры дамоўленасці Пуціна і Парашэнкі, лічыць наш Прэзідэнт, да дзесяці тысяч беларускіх міратворцаў могуць стаць паміж канфліктуючымі бакамі.

Праўда, гэта рацыянальная і высакародная ініцыятыва не была пачутая нашымі суседзямі. Намеснік украінскага міністра замежных спраў Алена Зеркаль упэўнена, што Беларусь не можа браць удзел у згаданай міратворчай місіі ААН, паколькі краіна з’яўляецца... членам Арганізацыі Дамовы аб калектыўнай бяспецы (АДКБ).

Між іншым, нягледзячы ні на што, Мінскі працэс працягваецца.

Вось такія навіны. Сустрэнемся...


sav@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter