Экасцежкі ў мегаполісе: бабровыя хаткі, гняздоўі кажаноў і рэдкія віды дрэў

Мiнск — горад-заказнiк

Жыхары Мінска змогуць далучыцца да прыроды, не пакідаючы горад: у кожным раёне да канца года з’явяцца экалагічныя сцежкі. Карэспандэнт «Р» прагулялася па мясцінах, дзе іх пракладуць, і ўпэўнілася, што флора і фаўна там сапраўды разнастайныя.

Бабры хутка будуюцца ледзь не ў цэнтры Мінска.

— Экасцежкі — гэта гарадскі варыянт так званых зялёных маршрутаў, якія пракладваюцца па тэрыторыях заказнікаў, запаведнікаў, — тлумачыць Таццяна Дубік, намеснік старшыні Мінскага гарадскога камітэта прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя. — На самай справе прырода ў горадзе значна багацейшая і больш разнастайная, чым мы думаем. Проста заклапочаныя людзі, якія заўжды кудысьці спяшаюцца, гэтага не заўважаюць. Дык вось экасцежкі — выдатная магчымасць зрабіць цікавую і пазнавальную прагулку на свежым паветры, не пакідаючы межы горада. 

Ідэя стварэння экасцежак узнікла яшчэ летась і знайшла падтрымку ў гарвыканкаме. У распрацоўцы праектаў удзельнічалі нават вучоныя Нацыянальнай акадэміі навук — яны расказалі, дзе ў Мінску ёсць мясціны, цікавыя прыроднымі адметнасцямі, годныя для назірання і захавання. Такіх аказалась шмат, экасцежкі з’явяцца ва ўсіх раёнах Мінска, а ў некаторых — нават дзве. І кожная з іх будзе мець нейкую асаблівасць.

Жыллё без ордара


Экасцежка ў Заводскім раёне размесціцца ў межах вуліц Убарэвіча, Галадзеда, ракі Свіслач. Зрэшты, сцежкі, пратаптаныя мясцовымі жыхарамі, там ёсць і зараз, але яны патрабуюць добраўпарадкавання. З першых крокаў па лесапаласе мяне сустрэў рознагалосы птушыны хор. Магчымасць паназіраць за птушкамі — адна з адметнасцей гэтай экасцежкі. Але найбольшую цікавасць, без сумнення, выклікаюць дзве бабровыя хаткі. Адну з іх знайсці няцяжка — вялізная куча хмызняку відаць нават з аўтобуснага прыпынку. Толькі на першы погляд яна здаецца бязладнай, на самай справе кожная галінка надзейна замацавана. Уваходы ў хатку знаходзяцца пад вадой, а на паверхні можна ўбачыць навесы — іх звяркі робяць, каб зімой вада над уваходам не замерзла і не заперла іх у хатцы. 

Фота Юрыя МАЗАЛЕЎСКАГА

А вось каб знайсці другую хатку, давялося досыць доўга пахадзіць па балоцістай мясцовасці. Гэта пабудова яшчэ маленькая і амаль незаўважная, але можна не сумнявацца, што вырасце яна вельмі хутка: навокал шмат паваленых дрэў са слядамі бабрыных зубоў. 

Яблыкі і кажаны


У Маскоўскім раёне плануецца стварыць дзве экасцежкі. Адна з іх, на вуліцы Сапегі, будзе праходзіць па тэрыторыі яблыневага саду і ўздоўж ракі Мышкі. Той, хто па ёй прагуляецца, зможа пазнаёміцца з рознымі сартамі яблыкаў, паназіраць за птушкамі і нават кажанамі, якія тут сустракаюцца. 

Сцежкі да бабровых хатак ужо пратаптаны, засталося іх добраўпарадкаваць.

Экалагічная сцежка з’явіцца і ў лесапарку Мядзвежына, на скрыжаванні вуліц Панамарэнкі і Гарэцкага ў Фрунзенскім раёне. Гэта тэрыторыя былога гадавальніка дрэў, там захаваліся экзатычныя для нашай краіны пароды — напрыклад, бук.

Стварыць і зберагчы


Зараз у Мінску дзве экасцежкі: адна ў заказніку «Лебядзіны», другая — на тэрыторыі праваслаўнага храма Мікалая Японскага. Створана яна сіламі храма, а таксама Цэнтра экалагічных рашэнняў пры ўдзеле Міністэрства прыродных рэсурсаў і мясцовай адміністрацыі. Яе адметнасць — невялікая сажалка, на якой камфортна сябе адчуваюць дзікія качкі.

Падчас вячэрняй прагулкі па экасцежцы на вуліцы Льва Сапегі можна сустрэць нават кажана

Таццяна Дубік лічыць, што экалагічныя сцежкі важна не толькі стварыць, але і зберагчы. 

— Маршрут, па якім пралягае сцежка, павінен быць зручным для наведвання, — кажа яна. — Аптымальная працягласць — да  2 км і не больш за гадзіну на азнаямленне. На ўваходзе абавязкова патрэбны стэнд з назвай, карт-схема маршрута. У ідэале сцежка павінна быць закальцавана, як на Сапегі, або выходзіць да прыпынку грамадскага транспарту ці нейкага люднага месца. 

На сцежках плануецца зрабіць месцы для адпачынку з садовай мэбляй. 

Пакуль шматлікія зялёныя маршруты існуюць у эскізах. Іх стварэнне патрабуе не вельмі значных затрат — хутчэй, удзелу энтузіястаў. Таму ў Мінскім гарадскім камітэце прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя спадзяюцца, што большасць іх з’явіцца ўжо ў бягучым годзе. 

nevmer@mail.ru

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter