«Месяц Сальеры» заззяў на Урале

Брэсцкi тэатр лялек вярнуўся з Расii з фестывалю «Пятрушка Вялiкi»

«Пятрушка Вялiкi» пазнаёмiў брэсцкiх лялечнiкаў з землякамi

Брэсцкi тэатр лялек вярнуўся з Расii, з Мiжнароднага фестывалю «Пятрушка Вялiкi» ў Екацерынбургу. У сталiцы Урала ён завяршаў доўгi фестывальны марафон. Сёлета са спектаклем «Месяц Сальеры» ён удзельнiчаў у фэстах у Сербii, Польшчы, Чэхii, узбагацiў сваю вялiкую калекцыю ўзнагарод важкiмi прызамi, сярод якiх — Гран-пры Сусветнага фестывалю тэатраў лялек у Празе.

Тэма сёлетняга фестывалю «Пятрушка Вялiкi» гучала так: «Тэатр лялек — тэатр мастака». Бо аддаючы належнае ўсiм стваральнiкам спектакля, рэжысёру i артыстам — выканаўцам роляў, без мастака, яго таленту i фантазii сцэнiчнага цуда не адбу­дзецца. Вачыма мастака мы бачым герояў, ён вядзе нас да спасцiжэння iх характараў, выяўляе ў iх добрае i светлае альбо выносiць свой прысуд злому i хцiваму, асуджае здраду i нiзасць.

I вельмi прыемна, што сярод усiх мастакоў, якiя працавалi над фестывальнымi спектаклямi, дыплом i прыз «Пятрушка Вялiкi» за лепшую сцэнаграфiю i лялек мiжнароднае журы прысудзiла мастакам Брэсцкага тэатра Андрэю Запарожскаму i Аляўцiне Торык.

— Гэты фэст запомнiцца нам шчырай атмасферай i цiкавымi сустрэчамi, — гаворыць дырэктар — мастацкi кiраўнiк тэатра Мiхаiл Шавель. — На спектаклi прысутнiчалi нашы землякi, якiя жывуць у Екацерынбургу. Арганiзатары фэсту запрасiлi на наша выступленне першага сакратара Пасольства Беларусi ў Расii Юрыя Стасевiча. Дарэчы, Юрый Фёдаравiч наш зямляк, з Моталя, часова ўзначальвае толькi што створанае прадстаўнiцтва пасольства нашай краiны ў сталiцы Урала. Пасля спектакля адбылася цiкавая гутарка аб сувязях Беларусi з гэтым рэгiёнам, дзе актыўна працуе адно з самых вялiкiх аб’яднанняў беларусаў у Расii.

Адбылося знаёмства i з кiраўнiкамi беларускай дыяспары. Яе ўзначальваюць вядомы вучоны Васiль Андрэевiч Азаронак, прафесар, рэктар Уральскага дзяржаўнага лесатэхнiчнага ўнiверсiтэта, i капiтан 1-га рангу Павел Андрэевiч Саенка, марак, даследчык гiсторыi, аўтар шэрага цiкавых кнiг.

Вось такой вынiковай была паездка тэатра на Урал. Яна стала падзеяй не толькi для берасцейскiх лялечнiкаў, але i для нашых далёкiх землякоў, якiя нiколi не забываюць сваю Радзiму.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter