Месца ў жыцці

У ШАРКАЎШЧЫНСКІМ раёне прайшоў злёт моладзі. Распачалася сустрэча ў вялікай зале Дома Саветаў з прагляду відэафільма «Шаркаўшчына маладзёжная». У ім гаварылася пра лепшыя напрацоўкі мясцовай моладзі, яе дасягненні ў працы, культуры, добраўпарадкаванні, фізкультуры, спорце і турызме.

Моладзь задае тон у працы на Шаркаўшчыне.

У ШАРКАЎШЧЫНСКІМ раёне прайшоў злёт моладзі. Распачалася сустрэча ў вялікай зале Дома Саветаў з прагляду відэафільма «Шаркаўшчына маладзёжная». У ім гаварылася пра лепшыя напрацоўкі мясцовай моладзі, яе дасягненні ў працы, культуры, добраўпарадкаванні, фізкультуры, спорце і турызме.

Лагічным працягам відэафільма стала выступленне начальніка аддзела па справах моладзі райвыканкама Ігара Іванова, на чые плечы і лягла асноўная нагрузка па падрыхтоўцы і правядзенні мерапрыемства, удзел у якім, дарэчы, прынялі больш за 60 з 82 маладых спецыялістаў розных галін вытворчасці. Ігар Афанасьевіч яшчэ раз агучыў прозвішчы пераможцаў абласнога конкурсу маладых аратых Дзмітрыя Ліпскага і Дзяніса Кляпко з ААТ «Даватарскі». Хлопцам не было роўных ні на тэарэтычным заданні, ні на палетку. Прадстаўнікі Шаркаўшчынскага раёна, зазначыў выступаючы, упершыню ў гісторыі правядзення абласных турыстычных злётаў рэалізавалі сваю запаветную мару — стаць першымі. Сканцэнтраваўшы ў адзінае цэлае волю, талент, вынаходлівасць, творчасць — даказалі перавагу.

У сваёй кароткай прамове старшыня райвыканкама Мечыслаў Морхат яшчэ раз падкрэсліў ролю маладых спецыялістаў у развіцці рэгіёна, паабяцаў і надалей падтрымліваць усе ініцыятывы і пачынанні, якія садзейнічаюць прагрэсу. А пасля ўручыў пераможцам абласнога турыстычнага злёту падзячныя пісьмы райвыканкама і грашовыя прэміі.

Дыплом аддзела па справах моладзі райвыканкама і прэмію атрымала сям’я Крыўко, якая выйшла пераможцам раённага конкурсу «Маладзёжнае падвор’е-2011».

А затым удзельнікі злёту накіраваліся ў ААТ «Жвіранка», перадавую гаспадарку раёна. Там маладыя спецыялісты розных галін маглі пераканацца, што і на вёсцы, у дадзеным выпадку аграгарадку Більдзюгі, можна паспяхова спалучаць работу з актыўным адпачынкам. Яны наведалі фізкультурна-аздараўленчы комплекс «Юнацтва», комплексны прыёмны пункт, дзіцячы сад, Більдзюгскі сельскі Савет, фельчарска-акушэрскі пункт, вясковыя гандлёвыя кропкі, сярэднюю школу, мехдвор гаспадаркі, Дом механізатара, даільную залу малочна-таварнай фермы.

На кожным аб’екце маладым спецыялістам паказалі ўсё лепшае.

З вялікай увагай было выслухана выступленне галоўнага юрысконсульта райвыканкама Таццяны Шышко, якая засяродзіла ўвагу на правах і абавязках маладых спецыялістаў. Успамінамі аб маладосці і сваім жыццёвым шляху падзяліўся ветэран працы Нікадзім Протас.

Вынікі сустрэчы моладзі з кіраўніцтвам раёна падвёў першы намеснік старшыні райвыканкама Мікалай Баговіч.

— Такія сустрэчы — добрая традыцыя, — адзначыў Мікалай Ірынархавіч. — Кіраўніцтва раёна разлічвае на вас і спадзяецца, што кожны, хто прыязджае працаваць на шаркаўшчынскую зямлю пасля заканчэння адпаведнай навучальнай установы, застанецца тут.

Эдуард КОРСАК

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter