Нямала нашых суайчыннікаў жывуць, вучацца, працуюць за межамі Беларусі

Месца жыхарства — суседнія краіны

Нямала нашых суайчыннікаў жывуць, вучацца, працуюць за межамі Беларусі. Такі цяпер час: кожны выбірае, дзе яму лепш. Аднак важна, што многія з беларусаў і ў замежжы застаюцца грамадзянамі беларускай дзяржавы.

А ў якіх замежных еўрапейскіх краінах жыве найбольш людзей з беларускім грамадзянствам? Пра тое можна меркаваць, выкарыстоўваючы статыстычныя дадзеныя. Ды нават і не ведаючы тае статыстыкі, можна не сумнявацца: найбольш беларускіх грамадзян — у краінах суседніх. Цяпер канкрэтызуем меркаванні. Летась самы вялікі працэнт грамадзян Беларусі да ўсіх замежных мігрантаў, уключаючы краіны Еўрасаюза, быў у Літве. Паводле дадзеных Eurostat, там нашы — другая па колькасці група мігрантаў (пастаянна пражываюць без змены пашпарта ці прыехалі на працу, вучобу) пасля расіян. Грамадзян Расіі ў Літве — 10 289 чалавек (44% ад ліку іншаземцаў), Беларусі — 2 302 чалавекі (10%), на трэцім месцы — грамадзяне Украіны: іх 1 662 чалавекі (7%).

У Польшчы па тых жа паказчыках беларусы — трэція: 5 407 чалавек (6%) да агульнай колькасці замежнікаў. Цяпер з замежных грамадзян у Польшчы найбольш украінцаў:19 983 чалавекі (22%). Абагналі беларусаў і грамадзяне Германіі: 6 147 чалавек (7%). Чацвёртае і пятае месца ў Польшчы занялі мігранты з Расіі (5%) і В’етнама (4%).

Трэцяя краіна, у якой беларускія грамадзяне “на перадавых пазіцыях” — гэта Латвія: там нашы на 5-м месцы. У Латвіі Eurostat выявіў 1 686 грамадзян Беларусі (1% да агульнай колькасці замежнікаў). Да апошніх еўрастатыстыка адносіць і так званых неграмадзян — суб’ектаў латвійскага (а таксама эстонскага) права, якія не маюць грамадзянства з 1991 года або ад нараджэння. У Латвіі на 1 студзеня 2014 года такіх налічвалася 253 643 чалавекі, ці 83% ад усяго ліку замежнікаў. Наперадзе беларусаў у Латвіі — расіяне (13%), літоўцы (1%) і ўкраінцы (1%). 

Многія з нашых супляменнікаў у замежжы маюць і грамадзянства іншых краін. Аднак  пры тым ці лічаць сябе яны беларусамі? Гэта — справа асабістая. Мяркуем, у тых краінах, дзе актыўна дзейнічаюць беларускія суполкі, і ўзровень нацыянальнай самасвядомасці беларусаў акажацца вышэйшым. Бо грамадзянства, як вядома, можна і зменьваць, а родавыя карані? Пра іх хіба што можна забыцца ў плыні іншых жыццёвых клопатаў — але ж беларускасць у нас, як кажуць, у крыві.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter