Мазыр, палескi дыямент

На фота трэцяга тура сумеснай вiктарыны “НГ” i выдавецтва “Рыфтур” “Нечаканая Беларусь” — неверагодна прыгожы i нетыповы для Палесся горад на правым беразе Прыпяцi. Гэта Мазыр (гл. нумар ад 19 верасня).

Вышыня ягоных узгоркаў такая, што гадоў дваццаць таму тут узiмку любiлi збiрацца гарналыжнiкi, а зараз будуецца сапраўдны гарналыжны комплекс.
Самыя актыўныя чытачы “НГ” гэта ведаюць!
“Мы вырашылi, што на здымку, змешчаным 23 верасня, горад Мазыр, царква св. Мiхаiла, — пiша Iрына СЯДОВА i ўся яе сям’я з Пружанаў. — Гэты помнiк архiтэктуры цiкавы тым, што цяперашняя царква iснуе ў сценах касцёла i манастыра бернардзiнцаў, заснаваных у сярэдзiне XVII стагоддзя. Манастыр праiснаваў амаль 200 гадоў, а потым цi то каталiкоў у Мазыры паменшала, цi, хутчэй, палiтычныя прычыны паўплывалi — быў лiквiдаваны.
А мясцiны тут сапраўды незвычайныя. I справа нават не ў прыгажосцi павольнай ракi Прыпяць, не ў велiчы i выразнасцi архiтэктуры барока. Нас уразiла тое, што зусiм недалёка ад Мазыра, у Калiнкавiцкiм раёне, знойдзена першае паселiшча старажытнага чалавека. Менавiта адсюль рассялiлiся людзi па Беларусi. Аўра далёкiх продкаў, калi можна так назваць нашых роданачальнiкаў, адчуваецца нават не на ўзроўнi розуму, а на ўзроўнi генаў. Нават птушкi тут спяваюць асаблiва выразна. Гэта што тычыцца птушынага палёту”...
Сёння — чарговы, пяты тур вiктарыны. Глядзiце, пазнавайце, адкрывайце для сябе нечаканую Беларусь! Дасылайце нам таксама занатоўкi пра родныя мясцiны: мастацкiя вартасцi лiстоў будуць улiчаны.

Адказы прымаюцца на працягу двух тыдняў з моманту апублiкавання здымка па адрасе:
220013, г.Мiнск, вул.Б.Хмяльнiцкага, 10а, “Народная газета”,
з пазнакай “Нечаканая Беларусь” цi на электронную скрыню info@ng-daily.by
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter