Майстар ласункаў

Не раз даводзілася канстатаваць факты, калі структуры іншай...

Не раз даводзілася канстатаваць факты, калі структуры іншай формы ўласнасці пераманьвалі кадры са Стаўбцоўскага райспажыўтаварыства. На гэты раз мы маем адваротны выпадак. Ганна Шахнер, якую вы бачыце на здымку, пераехала працаваць у кандытарскі цэх райспажыўтаварыства з Гарадзеі, маючы там вопыт работы каля 20 гадоў. Больш таго, разам з ёю на працягу пяці апошніх гадоў ездзіць на працу з Гарадзеі ў Стоўбцы ўся яе брыгада ў складзе Вольгі Пачко, Наталлі Дубовік, Людмілы Кібень. Кандытары не бачаць у гэтым ніякіх праблем: чыгуначным транспартам вельмі зручна дабірацца — некалькі прыпынкаў на электрацягніку.

Кіраўніцтва аддзела грамадскага харчавання лічыць, што такія кадры — сапраўднае шанцаванне. Аб гэтым сведчаць і вынікі. Ганна Шахнер, як загадчыца кандытарскага цэха, імкнецца быць у пастаянным пошуку новых распрацовак. Дапамагае ў гэтым і ўдзел у розных выставах. Адметна, што стаўбцоўскія кандытары едуць туды не як пабочныя сузіральнікі, а як вытворцы, са сваёй прадукцыяй. На Міжнароднай выставе «Хлебная справа» быў прадстаўлены стаўбцоўскі каравай. Да слова тут будзе сказаць, што вялікім попытам у спажыўцоў карыстаецца велікодная выпечка кандытарскага цэха, велікодныя кулічы. На выставу-конкурс «Ласунак-2013» стаўбцоўскія кандытары прадставілі вялікую калекцыю тортаў з вельмі адметным упрыгажэннем і свае новыя пірагі.

Зразумела, што ў кандытарскай справе, як і ў любой іншай, патрэбна паспяваць за часам, шукаць інавацыі. І кандытарам неабходна самім развіваць свае ўменні, прыглядвацца да вопыту іншых. Для Ганны Шахнер у гэтым плане вельмі карыснай была напрыканцы мінулага года паездка па абмене вопытам па маршруце Рыга—Стакгольм—Хельсінкі—Талін у складзе прадстаўнікоў Белспажыўсаюза.

— Мы пабывалі, — дзеліцца ўражаннямі Ганна Валянцінаўна, — на хлебазаводах, хлебакамбінатах, у кандытарскіх цэхах, рэстаранах, кафэ. У Рызе, напрыклад, наведалі пякарню, дзе выпякаецца хлеб па старадаўніх рэцэптах. Вельмі смачны. У Фінляндыі сапраўдны культ хлеба. Хлеб у іх бездражджавы, вельмі высокай якасці. Рэалізуецца дзяржаўная праграма, дзецям з пачатковых класаў прывіваюць шаноўныя адносіны да хлеба. Сервіроўка стала, афармленне страў, кандытарскі дызайн — можна было ўсё сфатаграфаваць, занатаваць сабе. Вялікі інтарэс выклікалі розныя дэсерты з самых нечаканых інгрэдыентаў. Для нас гэта была сапраўдная школа, мы шмат чаго для сябе ўзялі. Паездка была карысная і тым, што ў дарозе мы мелі магчымасць абмяняцца вопытам са сваімі беларускімі калегамі.

Ганна Шахнер не адклала на доўгі час набытыя ўражанні. У кандытарскім цэху распрацаваны новыя віды пірагоў і тортаў з натуральнымі фруктовымі напаўняльнікамі, са сметанковым крэмам. Хоць прадукцыя з натуральных інгрэдыентаў і мае кароткія тэрміны рэалізацыі, але на яе знаходзяцца пакупнікі. А ў кафэ «Забава», якое размешчана пад адным дахам з кандытарскім цэхам, заўсёды можна атрымаць інфармацыю аб прадукцыі і набыць самыя свежыя вырабы.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter