Як жа трапілі песні майго маленства ў рэпертуар гурта сталічных студэнтаў?

“Матырынская спадчына” з Вушаччыны

Летась у траўні я сустракаўся з таленавітымі землякамі — то былі студэнты Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў — на фестывалі “Славянскі кірмаш”, які праходзіў на беразе Фінскага заліва ў Санкт-Пецярбурзе. Тады і пісаў у “Голас Радзімы”, што мінчане прывезлі ў Піцер каштоўныя ўзоры народнай пеўчай культуры. На працягу ўсяго свята яны паказвалі і развучвалі з гледачамі традыцыйныя народныя гульні, танцы, паказвалі абрады і ладзілі канцэртныя выступленні. І якім жа шчасцем для мяне было пачуць і тыя матывы, што гучаць і на маёй малой радзіме — на Вушаччыне.


Шмат на Вушаччыне жніўных песень

“Нешта незнаёмае, але вельмі душэўнае…”

Як жа трапілі песні майго маленства ў рэпертуар гурта сталічных студэнтаў? Пад час гутаркі з загадчыкам кафедры этналогіі і фальклору Універсітэта культуры і мастацтваў Вячаславам Калацэем высветлілася: студэнты і педагогі з Мінска неаднойчы бывалі ў вёсцы Матырына Ушацкага раёна, дзе і вывучалі тамтэйшы фальклор. Туды і я, на шчасце, дарогу з Піцера, куды закінуў мяне лёс, не забываюся. І вось у чарговы прыезд на Бацькаўшчыну я зноў пачуў, як дзівосна спяваюць мае зямлячкі, артысткі фальклорнага гурта “Матырынская спадчына”. Гурт, дарэчы, мае ганаровае званне народнага. Мне ўдалося і пагутарыць з стваральніцай гэтага адметнага калектыву Галінай Рудзёнак. І першым было пытанне: калі ды як утварыўся ў глыбінцы на Віцебшчыне такі гурт?

— У 1986 годзе я выйшла замуж, пераехала жыць у сям’ю мужа, у вёску Матырына, — расказала Галіна Сяргееўна. — У тым жа годзе стала працаваць мастацкім кіраўніком у мясцовым Доме культуры. І хацелася мне прыўнесці ў справу нешта сваё, адметнае, бо рабіць штосьці па чужых шаблонах у культуры — не заўсёды лепшы шлях. Вось і прыглядвалася да людзей, прыкідвала: з чаго б пачаць? І аднойчы пачула, як спявае бабуля мужа, Ірына Дзмітрыеўна Рудзёнак. То было нешта незнаёмае, але вельмі душэўнае. Прычым спявала жанчына нягучна, не на паказ — для сябе. Вось гэтая народная песня і падштурхнула мяне на стварэнне фальклорнага гурта пры вясковым Доме культуры. Тады мне здавалася, што мы, маладзейшыя, многае ўжо не ведаем, страцілі з духоўнай спадчыны мінулых пакаленняў, а бадай ці не кожная з народных песень — гэта ж сапраўдная культурная каштоўнасць. І хацелася захаваць хаця б тое, што яшчэ жывое ў памяці нашых матуль і бабуль.   

Галіна з энтузіязмам узялася за справу. Значную дапамогу пры стварэнні фальклорнага гурта адчувала з боку бабулі мужа: тая падказвала, якіх людзей можна запрасіць, чые песні паслухаць, у каго павучыцца манеры спявання, народнаму выканальніцкаму майстэрству. Давялося быць і арганізатарам, і тонкім псіхолагам: бабулі ж ніяк не хацелі выходзіць на сцэну! Як вядома, у беларусаў пры ўсёй павазе да старэйшых спрадвеку лічылі, што ў цэнтры ўвагі павінны знаходзіцца маладыя, ім трэба даваць дарогу. Ну а “ролі” людзей паважанага веку — на другім, як кажуць кіношнікі, плане: сядзець недзе збоку ды любавацца моладдзю, якая спявае і таньчыць. Але як быць, калі пераемнасць культурна-спеўных традыцый парушылася? Можа, варта ветэранам і прыклад маладзейшым паказаць? Галіна хадзіла па хатах — разам з добраахвотнай памочніцай Ірынай Дзмітрыеўнай. Як магла ўгаворвала патэнцыяльных артыстак, прыводзіла прыклады. Прычым наведвацца ў некаторыя хаты даводзілася па шмат разоў.

Паступова сцяна недаверу танчэла. Патрохі пачаліся сходкі-спеўкі. Але праходзілі яны не ў Доме культуры. Каб не адрываць бабуль ад звыклага асяроддзя, Галіна Сяргееўна прыдумала “хатнія спеўкі”: запрашала бабуль на чаяванне. Спачатку вяліся размовы пра жыццё-быццё, а потым гучалі і песні.

Калі нешта пачало атрымлівац­ца, сходкі тыя сталі называцца рэпетыцыямі. Іх ужо чакалі, да іх рыхтаваліся. А як нешта не атрымлівалася ды якая артыстка не магла своечасова прыйсці на рэпетыцыю, то гэта была ўжо для яе ледзь не трагедыя. Так, лічыць спадарыня  Галіна, праяўлялася ў матырынскіх сялянках савецкая загартоўка: яны ж умелі працаваць і толькі за ідэю, “за палачку”-працадзень. І жанчына-арганізатар так павяла справу, што сталі самадзейныя артысткі лічыць калектыўныя спевы ўжо не толькі задавальненнем, прыемным баўленнем часу, але і грамадска значнаю працаю.


Інтэрв’ю тэлежурналістам дае Аляксандра Рудзёнак

Спяваюць тое, што чулі з дзяцінства

Хто ж адгукнуўся першым на просьбы Галіны Рудзёнак? Спачатку самадзейнымі артысткамі ў новаствораным гурце сталі Зінаіда Аўласенка (яна, дарэчы, памерла зусім нядаўна: у ліпені), Ірына і Зінаіда Рудзёнак, Марыя і Ніна Шараг, Валянціна Шалак, Марыя Цісковіч, Лізавета Салаўёва, Александрына і Надзея Собаль, Ганна Холад. Ім аніколі не была чужою народная песня, якая на нашай Вушаччыне перадавалася з вуснаў у вусны, з пакалення ў пакаленне. 

Гэтыя вясковыя працаўніцы-пявунні з дзяцінства чулі, як спявалі іх бабулі і дзядулі, іх бацькі, аднавяскоўцы, а потым і самі падключыліся да таго велічнага “хору”, калі можна так сказаць. А ў тым хоры, дадам ад сябе, кожнаму з нас, пэўна, знойдзецца годнае месца: толькі ўпусці народную песню ў сваю душу.

Першы выступ гурта на публіцы з поспехам прайшоў у Матырынскім сельскім Доме культуры ў форме “Вясковых вячорак” зімою 1987-га. Пра тое, што рыхтуецца творчая імпрэза новага калектыву, паведамлялі афішы, навіну перадавалі сябрам-суседзям артысткі, а тыя — сваім знаёмым. Такое “сарафаннае радыё” спрацавала выдатна: усе 220 пасадачных месцаў у актавай зале запоўніліся. Падстаўлялі дадатковыя крэслы, а некаторыя вяскоўцы глядзелі прадстаўленне і стоячы. Атрымалася яно, па словах Галіны Сяргееўны, вельмі яркім. Артысткі выйшлі на сцэну ў нацыянальных касцюмах і нават у лапцях. Гледачы ж потым, пасля канцэрту, казалі: “Вось усё на месцы: і кіраўнік, і артысты!”

Першы поспех усіх акрыліў. Наступнае выступленне было ўжо на раённым аглядзе-конкурсе: занялі там першае месца. Так і прыйшла да гурта “Матырынская спадчына” вядомасць, адкрыліся шляхі на іншыя канцэртныя пляцоўкі. І выступалі артысты з Матырына ўжо не толькі ў вёсцы, але і за яе межамі. А ў канцы 87-га гурт запрасілі на Рэспубліканскае тэлебачанне: паўдзельнічаць у папулярнай на той час перадачы “Запрашаем на вячоркі” з абрадам “Жанiцьба Цярэшкi”. Што, дарэчы, было вельмі да месца, бо гэтая народная гульня праводзіцца якраз на Каляды.

Тэлебачанне, сказалі б цяпер, раскруціла вясковы гурт. Прыйшла слава. Пазней матырынскія артысткі выступалі на “Славянскім базары ў Віцебску”. Пра іх творчасць былі сюжэты ва ўсебеларускіх тэлеперадачах “Крок”, “Паўстанак”. І абласное тэлебачанне аддало належнае талентам з глыбінкі: прадстаўляла “Мытырынскую спадчыну” ў праекце “Беларусь — мая песня”.


Удзельніцы гурта (справа налева) Валянціна Шнітко, Марыя Пракаповіч і Аляксандра Рудзёнак

Не з нот, а з голасу: аўтэнтычна

З гадамі пашыраўся рэпертуар гурта, адточвалася сцэнічнае майстэрства артыстак. Гурт запрашалі ўжо на розныя мерапрыемствы раённага, абласнога і рэспубліканскага ўзроўню. У 2002-м ён меў гонар выступаць на Рэспубліканскім свяце “Дажынкі” ў Полацку. Паступалі прапановы з розных устаноў: прыедзьце, паспявайце! І што важна: вялікі інтарэс да народнай творчасці праявілі спецыялісты з профільных вну. У прыватнасці, у гурта “Матырынская спадчына” ўсталявалася даволі плённае супрацоўніцтва з Віцебскім дзяржаўным педуніверсітэтам імя П. М. Машэрава, Беларускім дзяр­жаўным універсітэтам культуры і мастацтваў, Наваполацкім універсі­тэтам культуры.

Тут варта нагадаць, што ў цяперашняй практыцы ёсць так званы аўтэнтычны спосаб ці метад навучання студэнтаў. Гэта навучанне народным спевам не з нот, а з голасу, з аўдыё- і відэазапісаў. Але ж дзе браць тыя запісы? За аснову бяруцца жывыя галасы выканаўцаў, пераважна тых, што самі жывуць у глыбінцы і зберагаюць мясцовыя традыцыі фальклорных спеваў. Вось і глянуліся спецыялістам гэтыя галасістыя жанчыны з Матырына. На базе гурта праходзілі рознага роду абласныя, занальныя і раённыя семінары работнікаў устаноў культуры. Артысты ўдзельнічалі ў міжнароднай канферэнцыі “Спеўная этнiчная Вiцебшчына”. У 2014-м матырынцы наведалі Белдзяржуніверсітэт культуры і мастацтваў, дзе праходзіла міжнародная канферэнцыя “Аўтэн­тычны фальклор i яго захаванне”, А яшчэ давалі майстар-клас на абласным семінары ў Наваполацку для метадыстаў па народнай творчасці.

Ізноў згадваю мінскіх студэнтаў на фестывалі “Славянскі кірмаш” у Санкт-Пецярбурзе. Для іх, як я даведаўся, мае землякі з Матырына паказвалі розныя абрады: “Жаніцьба Цярэшкі”, “Зажынкі”, “Дажынкі” ды іншыя. Прычым з адпаведнымі песнямі ды танцамі. Былі ў іх і сумесныя творчыя выступленні, ад якіх задавальненне атрымалі і вясковыя артысты, і мінскія студэнты, і гледачы.


Жніво — пара прыгожая, спеўная, багатая

Песням не будзе канца

Самадзейным артыстам народнага фальклорнага гурта “Матырынская спадчына” з Вушаччыны вельмі прыемна сёння бачыць, што народнай творчасцю, яе глыбіннымі каранямі не проста цікавяцца, а вельмі грунтоўна займаюцца маладыя людзі, прыгожыя хлопцы і дзяўчаты ва ўзросце да 20 гадоў. Прычым, расказала спадарыня Галіна, яны ўжо цяпер так спяваюць, што заслухаешся. Размаўляе Галіна Сяргееўна з такой моладдзю ды радуецца: нашым песням не будзе канца! Яны будуць і надалей жыць, уплываць на свядомасць, пачуцці кожнага, хто іх пачуе. І якая ж гэта радасць для матырынскіх спявачак: бачыць, што праца, якой займаюцца яны без малога трыццаць гадоў, не марная, патрэбная для грамадства. Удалося захаваць пераемнасць традыцый. Сёння народная культура — запатрабаваная, і гурт “Матырынская спадчына” будзе мець працяг.

— Цяпер у нас ужо чацвёрты склад удзельнікаў, — здзівіла мяне прызнаннем Галіна Рудзёнак. — Гурт пастаянна абнаўляецца, бо, на жаль, сыходзяць з яго не толькі па стане здароўя: сыходзяць і з жыцця. Але, на шчасце, месцы тых, хто, як кажуць, даспяваў сваю песню, запаўняюць іншыя, больш маладыя артысткі, аматары фальклорнай творчасці. Першы прыток маладых сіл быў у нас яшчэ ў 1998 годзе. Цяпер у “Матырынскай спадчыне” спяваюць таксама Марыя Пракаповіч, Аляксандра і Наталля Рудзёнак, Соф’я Собаль, Аліна Федуковіч, Валянціна Шнітко.

Цяпер Галіна Рудзёнак працуе метадысткай па народнай творчасці ў Вушацкім раённым цэнтры культуры і народнай творчасці. Аднак не пакінула яна і свой гурт: застаецца яго куратарам не толькі па новай пасадзе, але і па сэрцы. Вельмі ўдзячная ўсім артыстам за іх працу, за творчасць. Бо гэта ж дзякуючы супольнай дзейнасці звычайныя, здавалася б, вясковыя жанчыны сталі вядомымі і ў раёне, і, напрыклад, нават у далёкім Санкт-Пецярбурзе. А пасля публікацыі ў “Голасе Радзімы”, мяркую, будуць запрашэнні на выступленні і з замежных беларускіх суполак, у якіх цэняць сапраўднае народнае мастацтва. Пра “Матырынскую спадчыну”, дарэчы, па-ранейшаму пішуць журналісты розных выданняў, вясковыя артысткі — гераіні шматлікіх тэле- і радыёперадач. Звесткі пра фальклорны гурт з Матырына ўнесены ў “Кнігу памяці Ушацкага раёна”, у энцыклапедыю “Культура Прыдзвіння”. Сама ж Галіна Рудзёнак абнадзеіла: “Пакуль мы запатрабаваныя — гурт “Матырынская спадчына” будзе спяваць, жыць, працаваць”. 

Для публікацыі мне перадалі фотаздымкі з архіва гурта. Застаецца пажадаць усім яго самадзейным артысткам, маім дарагім зямлячкам: добрага здароўя і творчага даўгалецця!

Ушацкі раён — Санкт-Пецярбург
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter