Мацуецца сяброўства

Міністр інфармацыі Лілія Ананіч расказала журналістам пра дружалюбны прыём афіцыйнай дэлегацыі, гасцей з Беларусі на туркменскай зямлі ды сумесныя беларуска-туркменскія планы
Міністр інфармацыі Лілія Ананіч расказала журналістам пра дружалюбны прыём афіцыйнай дэлегацыі, гасцей з Беларусі на туркменскай зямлі ды сумесныя беларуска-туркменскія планы


Сучасны Ашгабат: белы горад ля падножжа гор Капетдага

Нядаўна, калі ў Туркменістане адзначалася 20-годдзе набыцця краінай статуса нейтральнай дзяржавы, у Ашгабаце з афіцыйным візітам пабываў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка. Ён наведаў Беларуска-туркменскую выставу-кірмаш у “Сяргі Кашгі” (“Выставачны Палац”), новы Алімпійскі гарадок, удзельнічаў у міжнароднай канферэнцыі, якая праводзілася з нагоды свята. У складзе афіцыйнай дэлегацыі была і Міністр інфармацыі Лілія Ананіч. Калі Прэзідэнт Беларусі сумесна з туркменскімі сябрамі аглядваў экспазіцыю выставы-кірмашу, Міністр ля стэнда паліграфпрадукцыі прэзентавала высокім наведнікам кнігу Прэзідэнта Туркменістана Гурбангулы Бердымухамедава “Імя добрае, неўміручае” на беларускай мове. Гэта аповед удзячнага ўнука пра яго дзеда — вясковага настаўніка. Кніга выйшла ў Беларусі паводле выдавецкай праграмы Мінінфармацыі.

І карэспандэнты газеты “Голас Радзімы” і часопіса “Беларусь. Belarus” тым часам былі ў Ашгабаце, назіралі за ходам падзей на выставе-кірмашы, сустракаліся з супляменнікамі, туркменскімі калегамі. Калі хваляванні на стэндзе Мінінфармацыі ўлягліся, мы папрасілі Міністра падзяліцца ўражаннямі ад знаходжання ў дружалюбнай краіне.


Лілія Ананіч дае інтэрв’ю журналістам у Ашгабаце
Фота: Іван Ждановіч

— Лілія Станіславаўна, як вядома, у 2010 годзе было заключана Міжурадавае рамачнае пагадненне паміж Беларуссю і Туркменістанам аб супрацоўніцтве ў галіне друку і інфармацыі. Ці можна сёння сцвярджаць: яно развіваецца на розных узроўнях, і ёсць ужо і так званыя нізавыя, ініцыятыўныя праекты?

— Сапраўды, любое пагадненне — толькі пачатак працы, і важна не спачываць на добрых намерах.   Прывяду як прыклад ініцыятывы праект, якія мы прывезлі. Многія члены беларускай дэлегацыі, ды й не толькі мы, цытуюць фрагменты з спецвыпуску часопіса “Беларусь. Belarus” на рускай мове. Ён падрыхтаваны ў холдынгу “СБ. Беларусь сегодня”. У прыватнасці, туркменскім сябрам як сведчанне таго, што ў дружбы нашай моцныя і даўнія карані, я пераказваю тэкст “Дыні з 44-га года”. У аснове такі факт: адпраўка з Туркменіі ў ваенны час, у верасні 1944-га, эшалона (15 вагонаў!) падарункаў “для працоўных Мінска”, які ўжо быў вызвалены ад ворага. І туркмены, уважліва слухаючы мяне, звяртаюць увагу: гатунак дыні “Гулябі”, а іх было цэлы вагон, ужо як быццам састарэў. А сяброўства нашае, радуемся разам, не старэе! Згадваем словы: брацкая сям’я савецкіх народаў. Радуемся, што цяпло, чалавечнасць у дачыненнях беларусаў з туркменамі ўдалося захаваць, і цяпер яны развіваюцца.

— Які праект беларуска-туркменскага супрацоўніцтва, на ваш погляд, сёння найбольш значны?

— Мяркую, тое многія ведаюць. Учора і на афіцыйным прыёме беларускай дэлегацыі Прэзідэнт Туркменістана нагадаў: у 2017-м будзе завершана рэалізацыя буйнога праекта — будаўніцтва Гарлыкскага горна-абагачальнага камбіната. І што гэта — найбуйнейшыя інвестыцыі краіны, наш сумесны праект, у якога вялікая будучыня. Камбінат, як вядома, будзе працаваць на эканоміку не толькі Туркменістана, але і іншых краін. Так што ў нас ёсць усе падставы ганарыцца нашай краінай, нашымі спецыялістамі, нашым Прэзідэнтам. Як член афіцыйнай дэлегацыі на ўсіх этапах візіту я бачу і адчуваю, наколькі цёпла, паважліва, па-братэрску ставяцца ў Ашгабаце да беларусаў: да Прэзідэнта, нашай дэлегацыі, да прамыслоўцаў, аграрнікаў, прадстаўнікам СМІ, культуры... Усюды падкрэсліваецца (а для турменскіх сяброў гэта важна!), што ў Беларусі — вялікая павага да маральных каштоўнасцяў. Туркмены выбудоўваюць свой нейтралітэт тут — і мы для іх прыклад дзяржавы ў цэнтры Еўропы, якая таксама актыўна ўвасабляе на практыцы палітыку нейтралітэту, добрасуседства, шматвектарнасці.


Беларусы гасцявалі ў гэтым велічным Выставачным Палацы
Фота: Іван Ждановіч

— Вам пад час перамоваў удалося знайсці паразуменне, кропкі судакранання з туркменскімі калегамі?


— Безумоўна! Я сустракалася з Майсой Язмухамедавай, намесніцай старшыні Кабінета Міністраў: яна вядзе пытанні культуры, СМІ ды друку. У гадзіннай гутарцы пачула і адчула: пазітыўнае, добразычлівае стаўленне да нашай краіны, яе вышэйшага кіраўніцтва ў Туркменістане ўжо выбудавана. Мы ўспаміналі сумесную савецкую гісторыю, у тым ліку і яе трагічныя старонкі. Мая калега не толькі чыноўніца высокага рангу, але і маці дваіх дзяцей, раней узначальвала Саюз жанчын Туркменістана — і я працую ў Саюзе жанчын Беларусі. Мы па-сяброўску гаварылі, наколькі важнае маральнае выхаванне нашых дзяцей, пра месца прэсы, кніг у гэтай дзяржаўна важнай справе. І Майса Мірэдаўна шчыра прызналася: мы ўсе ганарымся, што нашых дзяцей вучым у Беларусі. Абмяркоўвалі, як развіваць узаемадзеянне ў гэтай сферы. І як жа гэта каштоўна, знакава: што да нас, у Беларусь, туркменскія маці хочуць адпусьціць, накіраваць на вучобу сваіх дзяцей! Прычым надоўга. І яны ведаюць: іх сыны і дочкі вернуцца жывымі-здаровымі, адаптаванымі да жыцця ў іншым соцыуме — але маральна не “перапраграмаванымі” на чужы манер, з добрай адукацыяй. Такім матчыным даверам мы можам ганарыцца.

— Да чаго канкрэтна з вашага досведу працы ёсць цікавасць у Туркменістане?

— Удакладню: не проста цікавасць — вялікая зацікаўленасць ёсць! Мы гаварылі пра асобную Праграму супрацоўніцтва: будзем яе распрацоўваць, і ў 2016-м абавязкова падпішам дамову. Як вядома, мы штогод удзельнічаем у кніжных выставах-кірмашах. Скажам, на Мінскую едзе Туркменістан, і нашы выдаўцы ў верасні да іх прыязджаюць. Іхні праект такі: “Кніга — шлях да супрацоўніцтва і прагрэсу”, праходзіць вялікая канферэнцыя. То будзе ўзаемна цікава і карысна развіваць дачыненні. Тут, напрыклад, вялікая ўвага надаецца нацыянальнаму кнігавыданню. Дзяржава падтрымлівае кнігу, за яе кошт папаўняюцца бібліятэкі. І нашы сябры жадаюць, каб і лепшая сусветная кніга была ў іх. Ёсць цікавасць да беларускай класікі. Як вядома, такія творы ў савецкі час выдаваліся, пісьменнікаў Беларусі чыталі па ўсім Саюзе. Цяпер патрэбныя не разрозненыя намаганні — праграмы дзеянняў, прычым па канкрэтных аўтарах, творах. Якуб Колас, Янка Купала, Максім Багдановіч, Уладзімір Караткевіч… З іх тэкстамі будуць працаваць перакладчыкі.


Прывітанне з Туркменістана
Другое. Туркменам цікавы досвед падрыхтоўкі ды выдання кніг шрыфтам Брайля. У Туркменістане для таго ёсць тэхналагічныя магчымасці, а досведам мы гатовы дзяліцца. Бо ў рамках Дзяржпраграмы безбар’ернага асяроддзя выдавецтва “Народная асвета” ўжо выпускае такія кнігі.

Трэцяе. Падрыхтоўка кадраў — таксама ім цікава. На стыку адукацыйнай сістэмы і Мінінфармацыі. Скажам, у нас ёсць Паліграфічны каледж, і адукацыйныя праграмы адпрацоўваюцца ў цесным кантакце з паліграфпрадпрыемствамі. Па сутнасці, паліграфсфера шэфствуе над тым адукацыйным напрамкам. І Туркменістан гатовы да нас на вучобу накіроўваць сваіх юнакоў і дзяўчат.

І чацвёртае. Мы гаварылі: варта больш шырока супрацоўнічаць нашым СМІ. Тут ідуць перадачы тэлеканала “Беларусь 24” — прынамсі, я ў гатэлі глядзела. Але толькі “прысутнічаць” — нам ужо мала. Важна, скажам, праз СМІ спрыяць развіццю турызму паміж краінамі. Туркмены зацікаўленыя ў тым, каб мы паказвалі іх турпатэнцыял, і гатовыя паказваць наш. Думаю, магчымы ўзаемаабмен. Адправім телегрупы, будуць працаваць, рабіць пазнавальныя фільмы. І варта, напрыклад, адзняўшы прыгажосці Белавежскай пушчы, паказаць інфраструктуру: аграсядзібы, гатэлі, дарогі...

— З кім з вядомых у Туркменістане людзей вы яшчэ сустракаліся?


— Цікавай была ўчарашняя сустрэча з Акджой Нурбердыевай: яна старшыня Меджліса (Парламента) Туркменістана. Яны, дарэчы, з віцэ-прэм’ерам у адзін голас кажуць: Беларусь — гэта чысціня, лясы, азёры, прыгажосць, працавіты народ, смачныя і карысныя прадукты... Тут ужо ацанілі нашы хлеб, малако, тварог, сыры, мясныя прадукты, ільняныя вырабы. Мяркуючы па словах, даверлівым, дружалюбным тоне размовы з Акджой Таджыеўнай, беларусам удалося заваяваць давер, павагу туркменскіх сяброў — і цяпер важна паглыбляць узаемавыгаднае супрацоўніцтва. Дарэчы, мы стварылі краінавы ролік “Беларусь — краіна для жыцця”. Ён запушчаны на канале “СТС International”, ідзе па ўсім свеце, я і тут яго бачыла. На “Беларусь 24” таксама размесцім, на іншых каналах.

— Лілія Станіславаўна, ці будуць ладзіцца прэс-туры беларускіх журналістаў у Туркменістан? Хочацца бліжэй і глыбей пазнаёміцца з гэтай цудоўнай краінай, яе людзьмі…

— Будуць! Мы і пра тое дамовіліся. Туркменскія журналісты да нас прыязджаюць — напрыклад, на форумы “Партнёрства ў імя будучыні”. Нам цікава, каб і нашы тут пабылі. Мы бачым на прыкладзе асвятлення візіту Прэзідэнта Беларусі, мерапрыемстваў выставы-кірмашу, Дзён беларускай культуры: “наша тэма” тут гучыць і на тэлеканалах, і ў прэсе. І словы “У дыялогу ёсць працяг” на вокладцы спецвыпуска “Беларусь. Belarus” можна ўдакланіць: “У дыялогу ёсць вялікая будучыня”. У Ашгабаце я адчула: мы не чужыя былі, і нам тут рады. Будзем шукаць магчымасці, каб і ў Туркменістане шырэй расказваць пра дасягненні Беларусі ў прамысловасці, эканоміцы, аграрным і будаўнічым сектары, у спорце і культуры. Бо ўжо вядома, што працаваць у гэтым інфармацыйным полі — гэта як вогнішча падтрымліваць: заўсёды трэба падкладваць новыя дровы-навіны. І я ўпэўнена, што цёплы агонь беларуска-туркменскага сяброўства дзякуючы нашым агульным намаганням будзе ўсё больш разгарацца.

Голас Радзімы № 47 (3455), чацвер, 24 снежня, 2015 у PDF

Іван і Валянціна Ждановічы, Ашгабат — Мінск
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter