“Матавы” фон

Некалькі тыдняў таму сябры запрасілі папарыцца ў лазню. Апынуўся нечакана ў вельмі шаноўнай кампаніі, дзе быў шэраг даволі значных асобаў, у тым ліку адзін вядомы ў краіне чалавек творчай прафесіі. Пасля парылкі, як водзіцца, чакала і другая частка мерапрыемства — сяброўскае застолле. Калі прапусцілі па чарцы-другой, пачалася традыцыйная для мужчынскай кампаніі размова: пра паляванне, рыбалку, аўтамабілі і т.д. і т.п. Згаданы мой знаёмы пачаў сваю прамову, як чалавек творчы, вельмі арыгінальна, адразу змусіўшы прыціхнуць і заслухацца дасюль гаманлівую кампанію. Ды і ўвогуле гаварыў, па вялікім рахунку, цікава і па справе.

Усё б нічога, калі б не фон, на які абапіраўся ўвесь той спіч, — гэта быў шчыльны мат! А паколькі гаварыў чалавек таленавіты, то і мат быў не абы-які... І вось гэты “матавы” фон моцна разануў па маіх вушах. Не тое, каб я быў да гэтага нязвыклы — давялося шмат чаго перажыць і пачуць. Але з вуснаў гэтага творцы, якога я ведаў як чалавека інтэлігентнага і тонкага, ён падаўся абсурдным. Гэта было для мяне загадкай: навошта чалавеку, які амаль дасканала валодае словам, такая, шчыра кажучы, брудная лаянка? Ніяк не стыкаваўся ў маім сэрцы гэты адборны мат са шляхетнымі і прыгожымі вобразамі, якія “выляпляў” гэты чалавек у сваёй творчасці!
Псіхолагі, напэўна, скажуць, што нічога страшнага тут няма — у таленавітага чалавека напружанае ўнутранае жыццё, якое патрабуе разрадкі. І дзе, як не ў кампаніі сяброў, ды яшчэ пасля лазні, можна сабе дазволіць...
Калі ў гады маёй маладосці пачуць мат у грамадскім месцы было хутчэй выключэннем, то сёння ён стаў ледзь што не нормай. Ягоная пачвара заваёўвае сабе ўсё больш шырокую прастору на вуліцы, у транспарце, на працы...
Калі пачынаеш абмяркоўваць гэтую праблему з тымі, хто можа на яе неяк паўплываць, яны таксама ўсміхаюцца: маўляў, знайшоў тэму!.. Адразу згадваецца выраз з вядомага фільма: “Зноў смяшлівыя патрапіліся!” Але па мне, дык гэты смех страшнаваты, як і ў герояў згаданага фільма, прысуджаных да смерці. Бо і “бяскрыўдны” дзіцячы мат, і мат чароўных “анёлкаў” са школьных калідораў, і мат “вясёлых” начальнікаў — усё гэта небяспечны фугас замаруджанага дзеяння. Ён абавязкова калі-небудзь выбухне, пахаваўшы пад сваімі аскепкамі шмат чыіхсьці надзей. Нездарма навукоўцы ўжо даўно бьюць ва ўсе званы. Нашыя словы, іх гукі даюць актыўны хвалевы імпульс, які наўпрост уздзейнічае на пэўныя гены, так ці інакш трансфармуючы іх. Тут з навукоўцамі цалкам разам і царква, якая брыдкаслоўе заўсёды атаясамлівала з нячыстай сілай і змагаецца з ім усімі даступнымі сродкамі. (Бачыў неяк у царкве выдатную брашуру на гэтую тэму — на жаль, малы тыраж...)
Нам цяжка ўсвядоміць, што, вымавіўшы мат, мы такім чынам завязваем ланцужок, якому няма канца-краю. Таму і шчыруе “матавая” пачвара на нашай зямлі, заваёўваючы ўсё болей і болей прасторы. Мы быццам заключылі між сабою нейкую жахлівую дамову — хто каго перамацярыць! Разбураючы пры гэтым цэльнасць свайго “я” і забруджваючы акаляючы духоўны свет. І асаблівая роля ў гэтым ланцужку ў тых, хто стаіць у грамадскай ці духоўнай іерархіі на больш высокіх прыступках. Я маю на ўвазе эліту, асабліва верхавіну кіруючай вертыкалі, і творчую інтэлігенцыю.
І вось тут мне і бачыцца магчымасць (не перамагчы — гэта з галіны фантастыкі!) хаця б крыху аслабіць уціск “матавай” пачвары на нашыя бедныя душы, якія і так дзякуючы глабалізацыі страшэнна перагружаныя ўсялякага кшталту “энергасмеццем”. Міліцыянеры ўсіх не пераштрафуюць, бо проста не змогуць зрабіць гэта фізічна. Ды і не захочуць, бо самі мацярацца не меней. А вось калі нашыя кіруючыя і духоўныя “пастыры” будуць мэтанакіравана задаваць слушны тон у гэтай справе (ну, дапусцім, не выкарыстоўваць ненарматыўную лексіку як стымулятар пры вырашэнні важных вытворчых праблем), то, упэўнены, нашае грамадства адрэагуе імгненна. Неабходна стварыць прэстыж, калі хочаце, моду на “чыстаслоўе” ў грамадстве, калі мат будзе рэзаць слых не толькі “кісейным” паненкам, а ўсім нармальным людзям. Зрэшты, такі пачатак мы даўно ўжо маем — нешта не чуў я, каб першая асоба дзяржавы “стымулявала” нават самую архіважную справу “матавым” фонам.
А пачынаць трэба з малога, ствараючы “тэрыторыі без мата” — “установу без мата”, “кафэ без мата”, “школу без мата” і г.д. Толькі так у гэтай, сёння вельмі моцнай, пачвары можна адваяваць прастору, хоть трохі ачысціць ад яе нашую зямлю.

Што ж датычыць згаданага выпадку ў лазні, то я прыйшоў да высновы — за брутальнай мацяршчынай многія хаваюць асабістую няўпэўненасць і слабасць. Мат здаецца ў такіх выпадках нейкім маральным (прабачце, амаральным) апірышчам, падпоркай.  

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter