Мастак. Грамадзянін. Герой

У Мінску адкрылася першая частка галерэі Міхаіла Савіцкага

У Мінску адкрылася першая частка галерэі Міхаіла Савіцкага

Напярэдадні свята Перамогі Музей гісторыі горада Мінска запрасіў наведвальнікаў на адкрыццё першай часткі Мастацкай галерэі Героя Беларусі, народнага мастака СССР і Беларусі, ганаровага грамадзяніна Мінска Міхаіла Савіцкага.

Галерэя размясцілася ў адметным будынку Верхняга горада на плошчы Свабоды, 15 — былой гарадской сядзібе XVIII стагоддзя.

Экспазіцыя, прысвечаная творчасці Міхаіла Савіцкага, адлюстроўвае важнейшыя этапы творчасці знакамітага майстра. Яна займае дзевяць залаў агульнай плошчай 430 кв. м, дзе прадстаўлена каля 40 работ са збораў Нацыянальнага мастацкага музея Беларусі, Музея гісторыі горада Мінска і сям’і мастака.

Раздзел «У пачатку творчага шляху» знаёміць з творамі 1960-х гадоў. Яны прысвечаны тэме працы і ілюструюць творчыя пошукі маладога аўтара. Цэнтральнае месца адведзена дыпломнай рабоце «Песня», а таксама рабоце «Хлеб» — знакавым палотнам першага этапу яго творчасці.

У раздзеле «Творчасць 1970—1990-х гадоў» прадстаўлены творы мастака, якія паэтызуюць паўсядзённую працу чалавека на зямлі, прыгажосць сялянскага ладу жыцця і прысвечаны вечным тэмам, што ўслаўляюць каханне, мацярынства, гармонію чалавека і прыроды. Дэманструюцца партрэты вядомых асоб і карціны-разважанні, сярод якіх глыбокім філасофскім сэнсам вылучаюцца «Філосафы», «Фёдар Дастаеўскі», «ХХ стагоддзе».

Асобны раздзел экспазіцыі прысвечаны біяграфіі, грамадскай і педагагічнай дзейнасці Міхаіла Савіцкага. Прадстаўлены асабістыя рэчы мастака, узнагароды, дакументы, фотаздымкі, кнігі з аўтографамі і г.д. Дэманструецца інтэр’ер службовага кабінета, які знаходзіўся ў Творчых акадэмічных майстэрнях жывапісу, графікі і скульптуры, створаных па ініцыятыве мастака ў 1981 годзе, а таксама інтэр’ер яго творчай майстэрні па вуліцы Някрасава, 3. Як адзначаюць супрацоўнікі музея, узнаўленне інтэр’ера творчай майстэрні і рабочага кабінета мастака з’яўляецца важным элементам, які дае магчымасць уявіць не толькі тэхнічны працэс працы над карцінай, але і адчуць непасрэдную прысутнасць самога аўтара.

Для дэманстрацыі кінахронікі, дакументальнай хронікі, відэазапісаў інтэрв’ю, дакументальных фільмаў пра Міхаіла Савіцкага, іншых беларускіх і замежных мастакоў абсталявана спецыяльная кіналекцыйная зала. Адначасова з праглядам відэаматэрыялаў аўтары змогуць экспанаваць некалькі работ, сустракацца з наведвальнікамі, тым самым анэнсаваць свае новыя творчыя праекты.

Цалкам стварэнне экспазіцыі завершыцца да пачатку сёлетняй восені. Урачыстасці з гэтай нагоды запланаваны на Дзень горада. Чакаецца, што ў галерэі да гэтага часу з’явіцца мемарыяльны пакой мастака, дзе будуць прадстаўлены яго асабістыя рэчы, а ў новых залах можна будзе ўбачыць працяг калекцыі работ Міхаіла Савіцкага, у тым ліку і яго знакамітыя цыклы «Лічбы на сэрцы» (1974—1979) і «Чорная быль» (1987—1992).

Нагадаем, ваенная біяграфія Міхаіла Савіцкага ў значнай меры вызначыла магістральныя шляхі яго творчасці. Прызваны ў 1940 годзе ў Чырвоную армію, малады воін быў у радах легендарных абаронцаў Севастопаля, якія 250 дзён трымаліся пад ударамі варожых полчышчаў. Калі магчымасці супраціўлення былі вычарпаны, трапіў у палон да гітлераўцаў. Працуючы ў Дзюсельдорфе на вагонабудаўнічым заводзе, ваеннапалонны Міхаіл Савіцкі актыўна ўдзельнічаў у дыверсійнай антыфашысцкай дзейнасці. Пасля правалу групы быў адпраўлены ў Бухенвальд, адтуль трапіў на каменяломні канцлагера Міттэльбау-Дора, затым у Дахау, прайшоўшы ўсе кругі фашысцкага пекла.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter