Маскоўскі беларус Іван Бурсаў

Ураджэнец Магілёўшчыны, які даўно жыве ў Маскве, — аўтар шматлікіх зборнікаў вершаў
Ураджэнец Магілёўшчыны, які даўно жыве ў Маскве, — аўтар шматлікіх зборнікаў вершаў. Ён да таго ж вядомы і як перакладчык твораў многіх беларускіх паэтаў на рускую мову.


Зборнікі вершаў Івана Бурсава

Прэзентацый кніжак рознага роду праходзіць шмат. Я ж хачу расказаць не проста аб прэзентацыі — пра важную падзею на культурным полі беларуска-расійскага сяброўства. Мінулым летам, у чэрвені, у Зале беларускай дыяспары Дзелавога і культурнага комплексу Пасольства Беларусі ў Маскве прайшла прэзентацыя саліднага выдання: зборніка вершаў 94-х беларускіх паэтаў “Дыхание времени”. Прычым усе вершы пераклаў з беларускай мовы на рускую выдатны беларускі паэт Іван Цярэнцьевіч Бурсаў.

Выданне, мушу запэўніць чытачоў, нешараговае, нават унікальнае. Па сутнасці, аўтарская анталогія беларускай паэзіі за ХХ стагоддзе. І што важна: тэматычна кніга прадаўжае знаёмства рускамоўных чытачоў з беларускай паэзіяй, распачатае крыху раней кнігай “Шаги” (2011). Гэты была таксама анталогія беларускай паэзіі — ХVIII-ХХ стагоддзяў. Таксама ў перакладах Івана Бурсава. У новым выданні адлюстраваны літаратурныя тэндэнцыі савецкай эпохі. Пададзены разнапланавыя творы: як добра вядомых, так і малапрыкметных у літаратурным асяроддзі аўтараў, як з салідным творчым наробкам, так і пачаткоўцаў. Так што беларус Іван Бурсаў прыадкрывае, падае ў пэўным парадку, робіць больш даступнаю для рускамоўных аматараў паэзіі, спецыялістаў паэтычную і духоўную культуру беларускіх літаратараў за вялікі прамежак часу.

Аматары паэзіі ў кнізе адкрыюць для сябе нямала новых імёнаў, спецыялісты знойдуць каштоўны матэрыял для аналізу, даследаванняў. Што за тэмы, вобразы прыцягвалі творцаў, якімі словамі адлюстроўвалі яны свае ўражанні, перажыванні, развагі? Цікава на тое паглядзець! І хто мае інтарэс да беларускай культуры, той зможа яшчэ больш наблізіцца да разумення яе сутнасці. Між тым Іван Бурсаў публікацыю кожнага з перакладаў дапоўніў каштоўнымі, важнымі для разумення і твора, і шляхоў развіцця літаратуры звесткамі, фактамі. Сама па сабе такая праца — грунтоўнае даследаванне. Па ўсім бачна, Іван Цярэнцьевіч праз усё жыццё адчувае моцную духоўную повязь з Бацькаўшчынай, яе творчымі людзьмі. Але ж ён не толькі перакладчык, даследчык — ён і аўтар больш чым 70-і зборнікаў вершаў! Сярод іх пераважна дзіцячыя вершы і казкі. Цяжка і ўявіць, колькі дзяцей і дарослых дакрануліся ўжо да цеплыні, радасці, мудрасці ягоных вершаў. Кнігі Івана Цярэнцьевіча разляталіся раней па дзіцячых бібліятэках усяго Саюза, цяпер — пераважна па Расіі. У вершах ёсць і залацінкі гумару беларускага, і жывыя слоўцы ад нашых продкаў.


Удзельнікі маскоўскай вечарыны, на якой прэзентавалася анталогія “Дыхание времени”

Сціпласць, моцная повязь з роднай Беларуссю, сяброўскія ды прафесійныя стасункі з беларускімі паэтамі, павага да іх творчасці — вось на якім грунце з’яўляюцца ў таленавітага паэта Івана Бурсава пераклады беларускіх вершаў на рускую мову. Па сутнасці, з розных твораў маскоўскі беларус ужо шмат гадоў складвае цікавую мазаіку, і такім чынам становіцца бачным цэлы Паэтычны беларускі свет, блізкі ды зразумелы яму. Цяпер з тымі скарбамі беларускага прыгожага пісьменства можна і нам бліжэй пазнаёміцца. У тым Паэтычным свеце ёсць месца як заснавальнікам беларускай літаратуры, так і сучасным аўтарам, як рэпрэсаваным ды пакалечаным ГУЛАГам, так і паэтам-эмігрантам. Выдавец тома “Дыхание времени” Віктар Хурсік называе Івана Бурсава “чалавекам-легендай рускай і беларускай літаратуры”. Прычым гэтая легенда, дзякуй Богу, жывая. Перад прэзентацыяй кнігі мы мелі магчымасць дзякуючы інтэрнэт-трансляцыі сустрэцца з Іванам Цярэнцьевічам, і ён пачытаў свае вершы для дзяцей. Будучы вядучай, я прадставіла выданне, расказала пра жыццёвы і творчы шлях паэта. Дарэчы, на стэндзе ў Зале дыяспары, дзе праходзіла творчая сустрэча, былі прадстаўлены 79 выданняў Івана Бурсава: кніг вершаў, казак для дзяцей.

Гаварылі мы таксама і пра іншыя выданні аўтара. У прыватнасці, пра зборнік “Шаги” распавёў вядомы літаратар-беларус з Масквы Алесь Кажадуб. Пра кнігу “Купальский клад” цёплыя словы казала пісьменніца Любоў Турбіна, у біяграфіі якой таксама ёсць беларускія радкі. Гучалі вершы беларускіх паэтаў у перакладах Івана Бурсава са зборніка “Дыхание времени”: Яўгеніі Янішчыц, Сяргея Панізьніка, Генадзя Бураўкіна, Ларысы Геніюш, Яўгена Крупенькі, Дануты Бічэль-Загнетавай, Веры Вярбы, Іосіфа Скурко. Мы слухалі таксама ўласныя вершы Івана Бурсава для дзяцей: іх выбраў, дарэчы, сам аўтар. Асабліва кранала, калі гучалі радкі, нам з маленства знаёмыя. А сюжэты некаторых казак Івана Цярэнцьевіча, лёгка было пераканацца, маюць нацыянальны беларускі каларыт.

На заканчэнне творчай вечарыны гучалі традыцыйныя народныя песні Магілёўшчыны: іх выконваў наш Беларускі фальклорна-этнаграфічны ансамбль “Кірмаш”.

Ірына Капчынская, кіраўніца ансамбля “Кірмаш”, удзячная чытачка вершаў і перакладаў Івана Бурсава

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter