Можно ли верить историческим портретам в Википедии?

Маскарад на фоне гiсторыi

Часцей за ўсё, калi трэба знайсцi выяву якога-небудзь дзеяча, шукаюць у iнтэрнэце, а артыкул у Вiкiпедыi чамусьцi ўвогуле лiчаць самай надзейнай крынiцай. Што ж, мы прывыклi верыць старым дакументам i фотаздымкам, нават апублiкаваным у глабальнай сетцы. Але насамрэч Вiкiпедыя — крынiца вельмi сумнiўная. А дзякуючы iнтэрнэту памылкi, свядомыя i несвядомыя, замацоўваюцца так, што iх цяжка абвергнуць. Пра фальшывыя выявы вядомых беларускiх дзеячаў з артыкулаў Вiкiпедыi мы гаворым з дырэктарам Беларускага дзяржаўнага архiва-музея лiтаратуры i мастацтва Ганнай Запартыкай.

Ганна Запартыка
ФОТа АЛяКСЕЯ МАцЮША.

Здымак Уладзiмiра Самойлы



У мiнулым годзе мне тэлефануе журналiст Мiкола Раманоўскi, унук Кузьмы Чорнага, i кажа, што яму прапанавалi на аўкцыёне набыць арыгiнальную фатаграфiю Ула­дзiмiра Самойлы, беларускага пуб­лiцыста i крытыка пачатку ХХ стагоддзя. Калi ён даслаў мне выяву, аказалася, што гэта фатаграфiя, якая захоўваецца ў нашым музеi ў фондзе Беларускага музея Iвана Луцкевiча i значыцца ў вопiсе як фота­здымак невядомага. Пачала ўважлiва разглядаць — гэта i ёсць наш здымак! Дакладней, яго копiя. Як яна патрапiла на аўкцыён? Нехта яшчэ на пачатку 1990-х, да апрацоўкi фонду, зрабiў копiю. На фота­здымку няма архiўнага нумара, але ёсць месца штампа, характэрныя надрывы. I вось гэтае фота выдаюць за выяву Уладзiмiра Самойлы. Здымак пайшоў у iнтэрнэт, красуецца ў артыкуле пра Самойлу ў Вiкiпедыi. 

 
Незнаёмец са значком вышэйшай тэхнiчнай адукацыi.
 
Сапраўдны здымак Уладзiмiра Самойлы.
  
Але калi прыгледзецца, можна ўбачыць, што на пiнжаку маладога чалавека, хутчэй за ўсё, значок выпускнiка вышэйшай навучальнай установы, магчыма тэхнiчнай. Фотаздымак прыблiзна 1910 года. Тады Самойла нiякай вышэйшай адукацыi не меў. А проста так гэты значок у той час начапiць нiхто не мог. 

Адзiн з нашых даследчыкаў добра ведае сваякоў Ула­дзiмiра Самойлы, якiя жывуць у Польшчы, паказаў iм фота­здымак i атрымаў пацверджанне: гэта не Самойла. Хто i калi прыдумаў, што гэты прыгожы малады чалавек — вядомы беларускi публiцыст? Натуральна, Мiкола быў, з аднаго боку, расчараваны, што не атрымаў такi выдатны артэфакт, з другога — узрадаваны, што не набыў фальшыўку.
 
 

Здымак Цёткi

 
Такой была Алаiза Пашкевiч.
 
Здымак гэтай невядомай прыгажунi выдаюць за здымак Цёткi.
Зараз у iнтэрнэце ходзiць прыгожая фатаграфiя беларускай пiсьменнiцы Цёткi, яна ж Алаiза Пашкевiч. Выява становiцца ўсё больш папулярнай i нават з’явiлася на вокладцы кнiгi пра Цётку. Можа, прыгожая дзяўчына на здымку i мела прозвiшча Пашкевiч, можа, яна нават i Алаiза. Але гэта не Цётка. Фота пайшло ў народ, бо мадэль на iм вельмi прыгожая, рамантычная. Аднак калi супаставiць, у якiм годзе нарадзiлася Цётка, у якiм годзе мог быць зроблены гэты фотаздымак i якая тады iснавала мода, зразумела, што гэта не яна. Тым больш што па антрапалагiчных асаблiвасцях гэта адразу бачна. Але нават паважаныя людзi, навукоўцы кiдаюцца на такiя танныя сенсацыi. Як гэта спынiць? Мне проста крыўдна за Цётку, бо атрымлiваецца, нiбыта няёмка паказаць сённяшняму чытачу яе сапраўдную — з рэзкiмi рысамi твару, зусiм не такой вытанчанай, як мадэлька на фотаздымку.

Здымак Ядвiгiна Ш.

У артыкуле Вiкiпедыi, прысвечаным беларускаму пiсьменнiку Ядвiгiну Ш., ёсць прыгожы здымак, падпiсаны «Шлюбнае фота Антона i Люцыi». Значыць, на iм павiнны быць Антон Лявiцкi, якi пiсаў пад псеўданiмам Ядвiгiн Ш., i яго жонка Люцыя. Але на тым вясельным фотаздымку можа быць чалавек па прозвiшчы Лявiцкi, ён можа быць сваяком пiсьменнiка, але гэта не сам пiсьменнiк. I не толькi з-за антрапалагiчных несупадзенняў з iншымi партрэтамi. На паспарту вельмi ясна чытаюцца iмя фатографа i назва атэлье. Гэтае атэлье было адкрыта прыблiзна ў 1909 — 1910 гадах у Санкт-Пецярбургу. Антон Лявiцкi ажанiўся ў 1894 годзе ў Радашковiчах з мясцовай швачкай Люцыяй Гнатоўскай, то бок iх вясельная фатаграфiя павiнна была быць зроблена нашмат раней. 

 
Шлюбнае фота гэтых маладых людзей
зроблена нашмат гадоў пазней
вяселля Антона Лявiцкага i Люцыi.
 
Сапраўдны Ядвiгiн Ш.
Так што Ганна Запартыка папярэджвае: 

З асцярожнасцю карыстайцеся фотаздымкамi, якiя ходзяць у iнтэрнэце. Вiкiпедыя — зручная рэч, але туды пiшуць усе, хто захоча цi хто ўявiў сябе гiсторыкам цi лiтаратуразнаўцам. Вельмi часта за навуковае адкрыццё выдаецца тое, што ўжо даўно вядома, пра што iснуюць дысертацыi i манаграфii. Я не прымаю сучасных даследчыкаў, якiя пачынаюць толькi з сябе, забылiся, як шмат адкрылi, расцерабiлi шлях для наступнiкаў Генадзь Кiсялёў, Сцяпан Александровiч, Уладзiмiр Мархель, Адам Мальдзiс. Iдзiце далей, працягвайце iх працу i не рабiце сенсацый там, дзе iх няма. 

cultura@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter