«Марыя Апанасаўна запрашае»

У музеi Багдановiча ў Гродне пачалiся тэатралiзаваныя экскурсii

Тэатралiзаваныя экскурсii пачалi праводзiць супрацоўнiкi гродзенскага Музея Максiма Багдановiча. Цяпер у наведвальнiкаў ёсць унiкальная магчымасць зрабiць вандроўку ў мiнулае i стаць сапраўднымi ўдзельнiкамi падзей стогадовай даўнасцi.

– Экскурсiя называецца «Марыя Апанасаўна запрашае» i вядзецца ад асобы мацi паэта, – расказвае Людмiла Абраменка, галоўны захавальнiк фондаў музея. – У галоўных ролях, зразумела, нашы навуковыя супрацоўнiкi. Аснову сцэнарыя складаюць рэальныя факты. Гаспадыня запрашае наведвальнiкаў у пакоi i знаёмiць iх з укладам жыцця сям’i Багдановiч, звычкамi i традыцыямi, расказвае пра сяброў i блiзкiх, засяроджвае ўвагу на адметных прадметах iнтэр’ера, паказвае сямейныя фотаздымкi.

Экскурсiя праходзiць на адным дыханнi. Але на гэтым прыемныя сюрпрызы не заканчваюцца. Гаспадыня прызнаецца гасцям, што яна яшчэ i здольная лекарка. Таму запрашае ўсiх пакаштаваць яе фiрменную гарбату, завараную з сабраных улетку зёлак.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter