Управляя интернет-процессами необходимо находить баланс между свободой личности и безопасностью государства

Маральны кодэкс інфармацыі

Хто валодае інфармацыяй — валодае светам! Хто не ведае гэтай збітай і зацёртай фразы. Мы знаходзімся сёння ў бясконцай інфармацыйнай прасторы, дзе на кожнага назапашаны трыльёны мегабайтаў інфармацыі. Карыснай і вельмі небяспечнай. У асноўным яна ўзбагачае нас энцыклапедычнымі ведамі, робіць іх больш разнастайнымі і цікавымі, пашырае кругагляд і дапамагае рухацца ў фарватары сучасных трэндаў жыцця. А найноўшыя лічбавыя тэхналогіі дазваляюць літаральна імгненна знаходзіць у інтэрнэце неабходныя звесткі, аператыўна выходзіць адзін з адным на сувязь амаль з любога пункту планеты, мець доступ да шырокіх даведачных крыніц, сацыяльных сетак.

Інтэрнэт даўно і цвёрда стаў нашай неад’емнай часткай, трансфармуючы розныя сферы жыццядзейнасці грамадства, палітыку, эканоміку і культуру. Аднак існуючыя выклікі і пагрозы (кібератакі, кіберзлачыннасць, інфармацыйныя войны, фэйкавыя навіны і шмат іншага негатыву) усё ж прымушаюць дзяржавы вучыцца кіраваць інтэрнэт-працэсамі, забяспечваючы інфармацыйную бяспеку сеткі, яе функцыянаванне і інавацыйнае развіццё. Але на гэтым шляху ў інтэрнэце неабходна заўсёды знаходзіць баланс паміж свабодай асобы і бяспекай дзяржавы.

Недарэмна на працягу апошніх гадоў ААН стала выступае за агульную абарону сістэмы міжнароднай інфармацыйнай бяспекі ад “трыяды пагроз” — тэрарыстычных, злачынных і ваенна-палітычных у выглядзе інфармацыйных войнаў і супрацьстаяння. Тым больш што звыш за 130 дзяржаў цяпер рэалізуюць уласныя праграмы вядзення кібервойнаў. Гэта, безумоўна, нясе пагрозу стабільнасці, паколькі першапачаткова любую кібератаку цяжка адсачыць. Наступствы ж інфармацыйных удараў могуць справакаваць бакі канфлікту да ваеннага адказу — пасродкам звычайных узбраенняў.

Заканадаўчыя і адміністрацыйныя захады для абароны інфармацыі прымаюцца ў большасці развітых краін. Так, у ЗША працуюць каля пяцісот заканадаўчых актаў па абароне інфармацыі, адказнасці за яе выдаванне і камп’ютарныя злачынствы. А пасля падзей 11 верасня ў гэтай краіне былі прынятыя законы, якія абмяжоўваюць бяспеку карыстальнікаў інтэрнэту на карысць бяспекі дзяржавы.

У Вялікабрытаніі існуе адна з самых жорсткіх сістэм органаў абароны інфармацыі, паколькі яна стваралася ў межах дзяржавы і для яе мэт. Адпаведныя праблемы ў Расіі зараз вырашае Дактрына інфармацыйнай бяспекі. Падобныя глабальныя дакументы дзейнічаюць ва многіх краінах ЕАЭС.

Нядаўна Савет Еўропы ў сваёй заяве наогул выступіў з папярэджаннямі аб пытаннях працы аўтаматычных сістэм падбору інфармацыі ў інтэрнэце: яны могуць не толькі прадбачыць жаданні карыстальнікаў, але і ўплываць на фарміраванне ў іх меркавання па пэўных пытаннях, у тым ліку на вынікі выбараў. Арганізацыя заахвочвае краіны ЕС ліквідаваць пагрозу, паколькі людзьмі могуць маніпуліраваць з выкарыстаннем прасунутых тэхналогій, праводзіць разнастайныя грамадска-палітычныя эксперыменты.

Беларусь не можа стаяць убаку ад сусветных тэндэнцый: праект Канцэпцыі інфармацыйнай бяспекі нашай краіны быў распрацаваны па даручэнні Прэзідэнта і разгледжаны на адпаведнай нарадзе з удзелам Кіраўніка дзяржавы. Дакумент, як піша БЕЛТА, зыходзіць з геапалітычных інтарэсаў рэспублікі, яе месцы і ролі ў сучасным свеце і з’яўляецца выключна айчыннай распрацоўкай. У Канцэпцыі адлюстраваны сучасныя выклікі і пагрозы, што фарміруюцца ў інфармацыйнай галіне і нясуць небяспеку для канстытуцыйных асноў і жыццядзейнасці дзяржавы: маніпуляцыя масавай свядомасцю, дыскрэдытацыя ідэалаў і каштоўнасцей, размыванне нацыянальнага суверэнітэту, няўстойлівасць інфармацыйнай інфраструктуры і іншыя напрамкі. Каб у перспектыве не адбылося “выбуху” на нашым інфармацыйным полі — яго трэба кантраляваць, уплываючы на ўсе працэсы існавання і распаўсюджвання інфармацыі.

Упершыню, паводле слоў палітолага Аляксандра Шпакоўскага, якога цытуе БЕЛТА, у правапрымяняльную практыку краіны ўводзяцца тэрміны “інфармацыйны суверэнітэт”, “інфармацыйны нейтралітэт”, “кібербяспека”, падкрэсліваецца намер дзяржавы стала ўплываць на рызыку, выклікі і пагрозы ў інфармацыйнай галіне і аператыўна рэагаваць на іх. Разам з эфектыўнай працай масмедыя, у праекце зазначана важнасць актыўнай прысутнасці дзяржавы ў інтэрнэце: гаворка не столькі пра сайты дзяржаўных органаў, колькі пра блогасферу, месенджары і сацыяльныя сеткі.

Асобна ў Канцэпцыі будзе адлюстравана тэма абароны традыцыйных каштоўнасцей беларускага грамадства — сям’і, мацярынства, гістарычнай памяці, што ва ўмовах глабалізацыі мае вялікі духоўны сэнс.

Бліжэйшым часам Канцэпцыя інфармацыйнай бяспекі Беларусі будзе зацверджана і надрукавана. Па сутнасці, сёння гэты значны нацыянальны дакумент можна назваць “Маральным кодэксам інфармацыі”.

Вось такія навіны. Сустрэнемся...

sav@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter