“Манна нябесная” для Фёдара Шмакава

Некалькi малавядомых фактаў з жыцця вялiкага артыста Старэйшыне коласаўскай сцэны народнаму артысту СССР Фёдару Iванавiчу Шмакаву 1 сакавiка спаўняецца 90 гадоў. 66 з iх выдатны майстра аддаў Нацыянальнаму акадэмiчнаму драматычнаму тэатру iмя Якуба Коласа ў Вiцебску. Цi не з’яўляецца такая адданасць сакрэтам маладосцi нашага юбiляра?

Фёдару Шмакаву зусiм не 90, а толькi крыху за дваццаць. Бо нарадзiўся шаноўны Фёдар Iванавiч 29 лютага, у дзень, якi надараецца раз на чатыры гады. Вось i падзялiце 90 на чатыры...
Няма спакою маладой душы Шмакава. Яшчэ ў юнацтве цягнула яго да прыгод i падарожжаў. Гадоў у дванаццаць падбухторыў чатырох хлапчукоў употай збегчы на Каўказ. Маўляў, там пабудуем хатку, заробiм грошай i будзем жыць. Селi на начны цягнiк i паехалi да Масквы. Але хлопцаў высадзiлi на блiжэйшай станцыi, давялося пяшком вяртацца дадому, у Ленiнград.
У маладосцi вельмi хацеў Фёдар стаць лётчыкам. Прыйшоў на спецнабор для камсамольцаў, але першая ж медкамiсiя адмовiла — выявiлi праблемы са зрокам.
Ледзь не стаў Фёдар Iванавiч i цыркавым артыстам. Нумар быў гатовы, заставалася толькi пашыць касцюмы. Цырк збiраўся на гастролi ў Сярэднюю Азiю, але Шмакаў у апошнi момант адмовiўся. Зараз ён кажа, што на яго рашэнне паўплывалi сваякi, маўляў, навошта нам дома клоун...
Калегi пра Шмакава гавораць, што гэта чалавек, адданы сваёй прафесii i свайму тэатру. Сам Фёдар Iванавiч заўважае: “Характар у мяне “не кар’ерысцкi”. Я ведаю акцёраў, якiя мянялi тэатры, кудысьцi ўвесь час iмкнулiся, думаючы, што дзесьцi там, далёка, манна нябесная. Да ўсяго гэтага я быў абыякавы...”
1 красавiка 1975 года Шмакаву патэлефанаваў дырэктар тэатра i павiншаваў з прысваеннем звання народнага артыста СССР! Артыст не паверыў: маглi б на 1 красавiка жарт i прасцей прыдумаць! Нават пакрыўдзiўся, бо на той час правiнцыяльнаму акцёру званне давалася вельмi рэдка. Але на наступны дзень пра гэты “жарт” сам прачытаў у газеце. Прыемна, канечне, у тэатры гэта быў трэцi (i апошнi!) народны артыст СССР, пасля Iльiнскага i Малчанава.
Народная мудрасць сведчыць: салаўя байкамi не кормяць. Прафесiя акцёра адна з самых нервовых i напружаных. Трэба ўмець не толькi вывучыць тэкст i дакладна запомнiць мiзансцэны, але найперш перажыць хваляваннi i эмоцыi свайго героя. “Галоўнае — не скокi i мiзансцэны, а думкi, пачуццi герояў. Калi смех — дык да ўпаду! Драматург распавядае пра людзей, у якiх усё нерадавое. Драматычнае, трагiчнае, смешнае. Тады гэта — тэатр,” — зазначае мэтр. Таму пасля плённай працы Фёдар Iванавiч аддае перавагу хатнiм справам i стравам. Вельмi любiць пельменi i блiны. Гаворыць, на блiнах вырас. Пячэ сам! А яшчэ ўмее гатаваць дранiкi.
У юбiлейны дзень на коласаўскай сцэне будзе паказана пастаноўка Фёдара Шмакава “Праўда — добра, а шчасце лепш” па А.Астроўскаму.
Чалавек, якi прайшоў вайну, пражыў шмат лёсаў у тэатры i кiно, застаўся адданым любiмаму тэатру. Усмiхайцеся, Фёдар Iванавiч, у свае дваццаць з коптурыкам! Ад усяе душы жадаем вам здароўя i веснавога настрою!

  з біяграфічнай даведкі

У 1939 годзе Фёдар Шмакаў закончыў Ленiнградскi тэатральны  iнстытут па спецыянальнасцi акцёр драматычнага тэатра i кiно. Працуе ў тэатры iмя Якуба Коласа з 1941 года. Узнагароджаны шматлiкiмi ордэнамi: “Знак Пашаны”, Працоўнага Чырвонага Сцяга, Дружбы народаў, медалём Францыска Скарыны. Сыграў у спектаклях “Улада цемры” Л.Талстога, “А досвiткi тут цiхiя” Б.Васiльева, “Несцерка” В.Вольскага, “Навальнiца будзе” паводле Якуба Коласа, “Таблетку пад язык” А.Макаёнка i многiх iншых. Самыя цiкавыя з яго рэжысёрскiх пастановак: “Бацькаўшчына” К.Чорнага, “Трывога” А.Петрашкевiча, “Мудрамер” М.Матукоўскага, “Блэз” К.Манье, “Праўда — добра, а шчасце лепш” А.Астроўскага.
Здымаўся ў фiльмах “Балтыйскае неба”, “Узнятая цалiна”, “Мужнасць”, “Мiнулагодняя кадрыля”, “Анюцiна дарога”, “Заўтра будзе позна”, “Мiргарад i яго жыхары”, “Людзi на балоце”.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter