Источник: Голас Радзiмы
Голас Радзiмы

Першакласнікі з Чарнігаўскага калегіума зрабілі больш за 40 малюнкаў, на якіх імкнуліся паказаць людзей, прыроду, краявіды Беларусі

Малююць вучні Беларусь

Вынікі конкурсу дзіцячага малюнка “Рэспубліка Беларусь — маімі вачыма” падводзіла нядаўна Чарнігаўскае нацыянальна-культурнае таварыства беларусаў “Сябры” сумесна з Амбасадай Беларусі ва Украіне. У конкурсе паўдзельнічала 30 вучняў першых класаў Чарнігаўскага калегіума №11. Яны прадставілі на конкурс ажно 45 малюнкаў. Юныя мастакі ў асноўным адлюстравалі свае ўяўленні пра суседнюю краіну. Некаторыя і бывалі ў Беларусі. На малюнках бачым прыгожыя беларускія азёры, дужых белавежскіх зуброў, а таксама буслоў, ёсць сюжэты пра сяброўства паміж братнімі народамі Украіны і Беларусі.

Юных мастакоў з Чарнігава ўшаноўваюць Галіна Варажбіт і Аляксей Панкраценка

Адбор лепшых малюнкаў арганізатары правялі ў тры этапы. Па выніках Амбасада Беларусі ва Украіне ўзнагародзіла шасцярых, а чарнігаўская суполка “Сябры” — чацвярых канкурсантаў. Для ўшанавання пераможцаў прыехаў першы сакратар беларускай Амбасады Аляксей Панкраценка. Разам з ім узнагароды ўручалі старшыня суполкі “Сябры” Галіна Варажбіт з актывістамі таварыства, метадыст абласнога навукова-метадычнага цэнтра культуры і мастацтваў Паліна Баршчэнка. На ўрачыстасці былі шматлікія ўдзельнікі конкурсу, прадстаўнікі адміністрацыі калегіума, настаўнікі, бацькі вучняў — усяго каля 70 чалавек.

Аляксей Панкраценка падзякаваў арганізатарам конкурсу за карысную справу, прычым зрабіў гэта на беларускай мове. І яна ўсім была зразумелая. Гасцінна вітала гасцей і ўдзельнікаў конкурсу дырэктар калегіума Святлана Рубан. Пра тое, як праводзіўся конкурс, як няпроста было выбраць пераможцаў, расказала Галіна Варажбіт. Граматы і сувеніры пераможцам уручалі прадстаўнік Амбасады і кіраўніца суполкі “Сябры”. І ўсе астатнія ўдзельнікі конкурсу не засталіся без увагі: атрымалі заахвочвальныя падарункі ды прысмакі. Да таго ж Аляксей Панкраценка ўзнагародзіў граматамі дырэктара і настаўнікаў калегіума, перадаў праз іх падарункі ў яго музей.

А потым гучалі песні, вершы на ўкраінскай і беларускай мовах. Старшыня суполкі “Сябры” нагадала, што 21 лютага па ўсім свеце адзначаўся Міжнародны дзень роднай мовы. Вось і сама Галіна Міхайлаўна Варажбіт, а таксама актывістка суполкі Ніна Трафімаўна Камінская прачыталі прыгожыя вершы на беларускай мове.

Як патлумачыла мне Галіна Варажбіт, гэта быў першы такі конкурс дзіцячага малюнка, арганізаваны ў Чарнігаве мясцовымі беларусамі. Мяркуючы па тым, як цікава, з падтрымкаю беларускай Амбасады ён прайшоў, колькі радасці прынёс дзецям і дарослым, які розгалас меў — гэтая справа будзе мець і працяг. А яшчэ ў планах суполкі “Сябры” на сакавік – правесці “Беларускія вячоркі” на тэму “Згадка пра Беларусь”.

Эдуард Шуман, г. Чарнігаў

Голас Радзімы № 10 (3514), чацвер, 9 сакавіка, 2017 у PDF
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter