Малодшы сын Якуба Коласа

У галоўнага героя паэмы для дзяцей “Міхасёвы прыгоды” надышлі 90-я ўгодкі

У галоўнага героя паэмы для дзяцей “Міхасёвы прыгоды” надышлі 90-я ўгодкі


Гэта яму, тады яшчэ малому, прысвячаў Якуб Колас такія радкі: “Абнімаю цябе я, мой сыне,/ Да гарачага сэрца тулю,/ Дык расці ж нам на радасць, краіне,/ Каб праславіў ты нашу зямлю…”


Міхась Міцкевіч з зямлячкамі ў Рызе, на адкрыцці выставы

Прычым даследчыкі творчасці Песняра ніколі не сумняваліся наконт таго, хто быў, як кажуць, правобразам лірычнага героя ягонай паэмы “Міхасёвы прыгоды”. І вось ужо той Міхась — у паважаным узросце: 31 студзеня адзначаліся 90-я ўгодкі Міхася Канстанцінавіча Міцкевіча. Гэта вядомы вучоны ў галіне электраэразійнай апрацоўкі металаў, доктар тэхнічных навук, грамадскі дзеяч. А для многіх ён найперш вядомы — не толькі ў Беларусі, але і за яе межамі — як малодшы сын Якуба Коласа.

Цікавае, насычанае на падзеі жыццё ў Міхася Канстанцінавіча. Ён аўтар звыш 180 навуковых публікацый, мае 30 патэнтаў і вынаходніцтваў. У 1980-м за дасягненні ў галіне навукі, якія мелі і вялікую практычную значнасць, ушанаваны Дзяржаўнай прэміяй Беларусі. Вядомы і дасягненнямі ў спорце: майстар спорту па стэндавай стральбе, мае шматлікія ўзнагароды. А з гадамі праявіў сябе і ў літаратуры — напісаў кнігу ўспамінаў “Пад бацькоўскім дахам”. І ў розных выданнях друкаваліся яго артыкулы пра цікавыя, малавядомыя старонкі жыцця класіка літаратуры, членаў яго сям’і.  Ён укладальнік кнігі, якая выйшла да 130-х угодкаў народнага паэта Беларусі “Якуб Колас: у думках, у сэрцах,  у песнях”. Напісаў прадмову да кнігі Наталлі Міцкевіч (спадарожніца яго жыцця — дачка пісьменніка Янкі Маўра) “Доўгая дарога ад дома Янкі Маўра да дома Якуба Коласа”. Кніга, спадзяюся, хутка прыйдзе да чытача. Міхась Міцкевіч папулярызуе творчасць бацькі, выступае на літаратурных імпрэзах і вечарынах. Гэта выдатны чытальнік твораў, па-мастацку дэкламуе вершы, урыўкі з паэм Якуба Коласа і свае вершы, эпіграмы. У 2015-м з яго ўдзелам запісаны відэа-дыск па паэме “Сымон-музыка” (праект Глеба Лабадзенкі).

Чытачам “Голасу Радзімы” цікава бу-дзе ведаць: Міхась Міцкевіч удзельнічаў і ў шматлікіх сяброўскіх сустрэчах з прадстаўнікамі беларускай дыяспары, сярод якіх айцец Аляксандр Надсан, Мікола Прускі, Хведар Нюнька, Вячка Целеш ды многія іншыя. У 2007-м ён ушанаваны Ганаровай граматай за развіццё сяброўскіх стасункаў паміж беларускім і ўкраінскім народамі ды захаванне культурных, нацыянальных традыцый, падтрымку беларускай дыяспары Белгарада-Днястроўскага. У 2014-м Міхась Міцкевіч прымаў удзел у адкрыцці выставы “Янка Маўр і Якуб Колас: разам па жыцці” ў Рызе, яна ладзілася пры падтрымцы Пасольства Беларусі ў Латвіі. Пад час той паездкі сустракаўся з вучнямі і настаўнікамі Рыжскай беларускай школы імя Янкі Купалы, прадстаўнікамі беларускіх суполак Латвіі.

З 1998 года ён — нязменны старшыня таварыства “Беларусь—Ірландыя” Беларускага таварыства дружбы і культурнай сувязі з замежнымі краінамі. З яго ўдзелам прайшлі вечарыны, прысвечаныя выдатным дзеячам ірландскай культуры: кампазітару Джону Філду, пісьменнікам Оскару Уайльду, Уільяму Батлеру Ейтсу ды іншым. У Беларусі распачаліся святкаванні Дня Святога Патрыка, праходзяць фестывалі ірландскай культуры. У 2001-м за папулярызацыю ірландскай культуры і з нагоды  свайго 75-годдзя Міхась Міцкевіч атрымаў Віншавальнае пасланне ад Прэзідэнта Ірландыі Мэры Макэліс. 

У 90-гадовы юбілей мы жадаем Міхасю Канстанцінавічу далейшых поспехаў у грамадскай ды літаратурнай дзейнасці, сіл і энергіі для новых творчых здзяйсненняў. 

Марыя Міцкевіч, сябар Таварыства “Беларусь—Ірландыя”

Голас Радзімы № 4 (3460), чацвер, 4 лютага, 2016 у PDF
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter