Малако для Танка і “шэўрале” для Купалы

Пра якія яшчэ захапленні і прыхільнасці пісьменнікаў-юбіляраў мы мала ведаем?

Пра якія яшчэ захапленні і прыхільнасці пісьменнікаў-юбіляраў мы мала ведаем?

Сёлетні год як ніякі іншы ўраджайны на юбілеі: 130-годдзе Янкі Купалы і Якуба Коласа, 95 гадоў з дня нараджэння Пімена Панчанкі і Янкі Брыля, сто гадоў — Максіму Танку. У адзін святочны “кошык” 2012 года змясціліся самыя любімыя беларусамі класікі. Мы з лёгкасцю ўспомнім іх творы, назавём герояў іх апавяданняў, працытуем вершы. Але ці шмат мы ведаем, якімі яны былі ў побыце, дзе любілі адпачываць, якімі стравамі ласаваліся? “Народная газета” паказвае юбіляраў з нязвыклага боку.

“Шэўрале” для паэта

Адкуль у Янкі Купалы з’явіўся аўтамабіль, які сёння каштуе больш за сто тысяч еўра?

У Дзяржаўным літаратурным музеі Янкі Купалы можна знайсці шмат экспанатаў: дзённікі, рукапісы, зборнікі, уласныя рэчы паэта. Сярод іх ёсць нават... аўтамабіль “шэўрале”! Праўда, знаходзіцца “жалезны конь” (а можна сказаць і “залаты”, бо каштуе рарытэт не менш за сто тысяч еўра) не ў мінскім музеі, а ў яго філіяле — у Ляўках Аршанскага раёна. У сталіцу машыну прывозяць толькі для часовага экспанавання.

Давялося аднойчы падзівіцца на купалавага “каня”. Бліскучы, адпаліраваны... Нават уявіць цяжка, што машыне аж 75 гадоў!

— У Янкі Купалы гэта машына з’явілася ў 1939 годзе, — расказала вучоны сакратар музея Ала Дражына. — Тагачасны першы сакратар ЦК КПБ Панцеляймон Панамарэнка замяніў ёю раней падораную паэту савецкую “эмку”. Менавіта на “шэўрале” Купала ў чэрвені 1941 года пакінуў палаючы Мінск, пераехаў спачатку ў Ляўкі, потым у Маскву, а пазней рушыў у эвакуацыю ў кірунку Казані.

Пасля смерці паэта ў 1942 годзе машына перайшла ва ўласнасць яго жонкі Уладзіславы Луцэвіч. Праз восем гадоў яна перадала яе Дзяржаўнаму літаратурнаму музею Янкі Купалы.

Аўтамабіляў Chevrolet GA Master DeLuxe сышло з канвеера крыху больш за дзве тысячы. Толькі адзін з іх трапіў у Беларусь. І дастаўся менавіта Купалу.

Паляванне па-ціхаму

Якуб Колас добра страляў з нагана, але ў лес хадзіў не паляваць — грыбы збіраць

Мяркуючы па тым, колькі Колас напісаў за сваё жыццё, адпачываць яму надта не было калі. Але калі з’яўлялася вольная хвілінка, то выбіраўся на прыроду.  Сваёй дачы ў паэта не было, і ён яе здымаў у навакольных вёсках. Спачатку ў Масюкоўшчыне, Ждановічах, потым аблюбаваў Пухавіччыну. Яна нагадвала паэту яго родныя стаўбцоўскія мясціны, якія доўгі час знаходзіліся “пад Польшчай”. Паехаць на малую радзіму паэт не мог, таму знайшоў прытулак у Тальцы, дзе адпачывалі знаёмыя літаратары і мастацтвазнаўцы. Таксама маляўнічае месца. І рэчка там цякла, дзе Колас любіў парыбачыць. Як успамінаюць родныя, паэту добра шанцавала — цягаў ляшчоў больш за кілаграм! З Талькі перабраўся ў Падбярэжжа, на самы бераг Свіслачы. Месца вельмі грыбное. Па ўспамінах сына паэта Міхася Канстанцінавіча, ім удалося ўтраіх — разам з маці і бацькам — знайсці аднойчы аж 539 баравікоў! Вось, аказваецца, якім майстрам у ціхім паляванні быў народны паэт. А вось сапраўднага палявання Колас не прызнаваў, хоць і ўмеў добра страляць і з нагана, і з дробнакаліберкі. Казаў: усё жывое — святое.

Ранняя птушка

Каб не перашкаджаць бацьку працаваць, дзеці Янкі Брыля збягалі глядзець тэлевізар да суседа Янкі Маўра

Заўсёды цікава даведацца, як пісалі аўтары тыя творы, якія мы сёння чытаем захлёбваючыся. Некаторыя, вядома, не маглі сесці за твор без сваёй улюбёнай пішучай машынкі, камусьці абавязкова патрэбна была ручка Parker, хтосьці працаваў выключна ноччу... А вось Янка Брыль сядаў за стол з самага ранку. Дзеці Брыля ведалі: калі бацька працуе, трэба паводзіць сябе ціхенька... і ісці да Янкі Маўра глядзець тэлевізар.

Справа ў тым, што Янка Брыль, як і многія іншыя беларускія літаратары, жыў у Мінску на вуліцы Карла Маркса — у так званым пісьменніцкім доме. Не многія з яго жыхароў маглі пахваліцца тэлевізарам. Цуд з блакітным экранам першым ва ўсім доме з’явіўся ў Маўра. Маўр быў вельмі добрым чалавекам, і калі з дзясятак малых суседзяў завальваліся ў яго “міні-кінатэатр”, нічога не гаварыў супраць, нават калі самому трэба было пісаць. Затое шчасцю Брыля не было канца — ён мог у спакоі і цішыні ствараць новыя шэдэўры.

На пачастунак — кефір

Максім Танк любіў сала з цыбуляй і мог выпіць трохлітровы слоік малака нагбом

Каму ікра з ракамі, каму віно з шампанскім, а для Максіма Танка не было лепшай стравы, як сала з парэзанай цыбуляй. А яшчэ паэт вельмі любіў малако. Аднойчы Танк купіў у бабулі на Нарачы трохлітровы слоік малака. Тая гаворыць: “Мне слоік трэба, іх мала”. “Добра”, — сказаў той. Узяў ды выпіў адразу ўсё малако, а слоік аддаў. А яшчэ кіслае малако любіў.

А вось алкаголем паэт зусім не захапляўся. І не паліў. Праўда, гэта не перашкаджала яму быць за сталом лепшым тамадой — гумар у паэта быў выдатны. Прыехаў аднойчы да Танка знаёмы мастак з Вільні. Вырашыў напісаць партрэт паэта алеем. Старанна так маляваў. І вось калі партрэт быў амаль скончаны, адкуль ні вазьміся падзьмуў моцны вецер і партрэт зваліўся прама алеем у пясок. Мастак, вядома, разгубіўся. Падымае, засмучаны, сапсаваны партрэт. А паэт яму: “Ну, глядзі, дык жа яшчэ лепш атрымалася!”

Жартаўнік і падарожнік

Пімену Панчанку прыпісваюць шэраг вясёлых экспромтаў і дасціпных рэчаў

У гэтага літаратара хіба не самая багатая геаграфія падарожжаў — Амерыка, Канада, Англія, Францыя, Італія, Індыя і нават Афрыка. Сябры-пісьменнікі, дарэчы, прыпісваюць яму і вось гэты афрыканскі экспромт: “Баабаб, баабаб, я ахвоч да чорных баб”.

Лёс распарадзіўся так, што, абкалясіўшы ў свой час амаль паўсвету, напрыканцы жыцця паэт, зняможаны хваробай, не мог нават устаць з ложка. Але, нягледзячы ні на што, Панчанка заўсёды заставаўся вясёлым і жыццярадасным. Яго знаёмыя літаратары не перастаюць успамінаць, як умеў пасмяяцца і пажартаваць паэт.

Генадзь Бураўкін неяк расказваў, як аднойчы гасцяваў у Панчанкі разам з Васілём Быкавым і Аляксандрам Кузьміным — сакратаром ЦК Беларусі па ідэалогіі. Кузьмін, нягледзячы на пасаду, быў чалавекам простым і таварыскім. Яму даўно хацелася сустрэцца з Панчанкам у неафіцыйных абставінах. Мужчыны засядзеліся. Кузьмін пачаў турбавацца — во ад жонкі дастанецца! На што Панчанка ўстаў з-за стала, узяў ліст паперы і напісаў: “Даведка выдадзена Аляксандру Трыфанавічу Кузьміну ў тым, што гэты вечар ён правёў сярод добрых людзей: Быкава, Бураўкіна, Панчанкі”. Даў падпісацца ўсім прысутным і прыклаў як пячатку намазаную фарбай пяцікапеечную манету.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter