Больш за дваццаць гадоў у горадзе ладзіцца Нацыянальны фестываль беларускай песні і паэзіі

Маладзечна будзе вечна

Больш за дваццаць гадоў у горадзе ладзіцца Нацыянальны фестываль беларускай песні і паэзіі


І як жа лёгка ўлюбіцца ў гэты спеўны, чысты, зялёны і ўтульны горад, асвечаны талентам знакамітага Міхала Клеафаса Агінскага, сёлетняга юбіляра! Тры дні на пачатку лета амаль штогод Маладзечна дыхае, жыве, патанае ў музычных рытмах.



Госць Маладзечна — кампазітар Эдуард Зарыцкі

Творчы тандэм: Алена Атрашкевіч і Васіль Жуковіч

Вось набліжаліся мы пятнічным вечарам у цэнтр горада па Вялікім гасцінцы — назва праспекта! — да Палаца культуры, а з боку Амфітэатра (галоўная сцэнічная пляцоўка фэсту — у Парку імя Перамогі, пры воднай гладзі з фантанамі) гучалі акорды, спевы. Паводле праграмы фэсту — ёсць у  інтэрнэце: больш за дзясятак розных канцэртаў — там выступалі тады вядомыя гурты “Бяседа”, “Свята” і “Неруш”. Тым часам мінскі аўтобус з кампазітарамі, паэтамі сустракалі. Гасцей, па добрай традыцыі, частавалі ды суправаджалі да месца галоўнай дзеі.

Эдуард Ханок (яго віншавалі на фэсце з 75-годдзем), Эдуард Зарыцкі, Васіль Раінчык, Ганна Казлова, Алена Атрашкевіч (працавала раней ў Маладзечанскім музвучылішчы), Валеры Іваноў, Алег Елісеенкаў, Алег Моўчан… Гэтых ды іншых кампазітараў у Маладзечне ведаюць ужо ў твар. Паэтаў, праўда, на адкрыцці фэсту 5 чэрвеня было не густа, аднак Васіля Жуковіча, напрыклад, ахвотна прадстаўляла землякам, выканаўцам як свайго “лепшага паэта” кампазітарка Алена Атрашкевіч. На пытанне журналісткі СТВ, што лучыць мяне асабіста з фэстам у Маладзечне, я згадаў: калі фэст пачынаўся,  то юны Ягор Чуб з песняй “Белы Конь” (словы пісаў я) стаў дыпламантам Конкурсу маладых выканаўца. А ў 96-м “Сябры” спявалі песню “Беларусы” на мой верш, музыка Уладзіміра Сарокіна. Прэм’ера намячалася і сёлета, ды — не лёс…

Здавалася б, песня —  нейкі момант-бліскавіца ў жыцці фэсту, у яго больш чым 20-гадовай гісторыі. Але, нагадаў на адкрыцці ХV Фэсту слухачам кіраўнік ансамбля “Сябры” Анатоль Ярмоленка, гэта можа быць і момант ісціны: у свой час менавіта з Маладзечна ўдала стартануў па ўсім беларускім свеце, у розныя краіны вядомы шлягер “Полька беларуская”. Калі мы гутарылі з Анатолем Іванавічам пазней, пасля свята, ён пашкадаваў: яркіх прэм’ер на сёлетнім фэсце было малавата... Ды і новых твараў, салістаў, акрамя як на Конкурсе маладых выканаўцаў, таксама. І мы прыйшлі да высновы: а было б здорава запрашаць на Фэст і творчыя гурты беларусаў з замежжа. Іх жа дзясяткі, прычым — яркіх, самабытных. Толькі пагартай наш “Голас Радзімы” ды запрашай, бяры ў творчую абойму. А могуць і зоркі замежнай эстрады спяваць па-беларуску — было б жаданне ў арганізатараў ажыўляць фармат знакавага фэсту, творча рухацца далей.

Традыцыі — гэта вельмі  здорава! Але ж “нафталініць”, пераўтвараць фэсты ў цесна збітыя, гадамі “ўтрамбаваныя” карпаратыўныя тусоўкі, “вузкае кола сваіх людзей” — ніяк не на карысць мастацтву. Выдатная знаходка: на канцэрце ўрачыстага адкрыцця фэсту вядомыя артысты са сталічных тэатраў чыталі беларускія вершы. А многія ж — напрыклад, народныя артысты Вольга Клебановіч, Таццяна Мархель, Сяргей Журавель… — і цудоўна спяваюць! Песень можна сабраць не на адзін канцэрт. У Нацыянальным акадэмічным тэатры імя Горкага ідзе спектакль “Пясняр” з песнямі Уладзіміра Мулявіна, з цікавым артыстам Сяргеем Жбанковым у галоўнай ролі — і гэта беларускія песні! Якія, падаецца мне, цікава ўпішуцца ў фармат фэсту. А чаму б не запрасіць і зорак айчыннай оперы: яны таксама любяць беларускія песні. “Оперная спявачка Аксана Волкава стала першай беларускай, якая за апошнія сто гадоў адкрыла сезон у нью-ёркскім “Метраполітан-опера,” — пісалі летась увосень газеты. Мяркую, Маладзечна сустрэне зорку авацыяй. Што ж, і такія брыльянты прыгожа было б паказваць у Маладзечне. Бо высокі статус фестывалю — Нацыянальны — вымушае ўсіх нас, беларусаў, клапаціцца, “каб родная старонка не згалела” на спеўныя таленты “ды свет да нашых песень далучыць”. І не толькі эстрадных...

Галоўная інтрыга кожнага фэсту — спаборніцтва маладых вакалістаў. Сёлета на ганаровы п’едэстал узышла 23-гадовая Таццяна Валахановіч: у яе Гран-пры і Прыз імя Уладзіміра Мулявіна.  У ліку лаўрэатаў — Мікіта Касцюкевіч, Андрэй Цямчык, Елізавета Войтуль, Яўген Захарка, Дзмітрый Нікіцін. Запомнім іх імёны. Спадзяемся, маладыя таленты яшчэ не раз выйдуць спяваць на гасцінную маладзечанскую сцэну, для ўдзячнай публікі. Якая тонка разумее музыку і з вялікай ахвотай дае крылы для палёту тым, хто таго варты. Хто гатовы ўпрыгожыць свой спеўны талент працавітасцю, дабрынёю, любоўю да людзей і Бацькаўшчыны, да роднага беларускага слова.

Фотаздымкі: Іван Ждановіч

Аўтар: Іван Ждановіч

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter