Вялікі тэатр Беларусі не перастае здзіўляць, захапляць і радаваць. На гэты раз операй “Царская нявеста” Мікалая Рымскага-Корсакава

Магутна, пранікнёна, душэўна…

Вялікі тэатр Беларусі не перастае здзіўляць, захапляць і радаваць. На гэты раз операй “Царская нявеста” Мікалая Рымскага-Корсакава. На такую, як сцвярджаюць музыказнаўцы, пярліну рускага опернага рэпертуару замахнуўся галоўны рэжысёр тэатра Міхаіл Панджавідзэ. Гэта не першая яго работа са славутай операй: больш за шэсць гадоў назад ён паставіў яе ў Екацерынбургскім тэатры оперы і балета. У Мінску “Царская нявеста”, паводле слоў рэжысёра — зусім іншы спектакль, больш дынамічны і выразны.


Ззакуліссем “Царскай нявесты” ў новым абліччы ў ліку іншых прадстаўнікоў СМІ я знаёмілася напярэдадні прэм’еры на прэс-канферэнцыі, якая праводзілася сярод дэкарацый. У той дзень на нашы пытанні адказвалі рэжысёр-пастаноўшчык Міхаіл Панджавідзэ, дырыжор-пастаноўшчык Мікалай Калядка, мастак-пастаноўшчык Аляксандр Касцючэнка і намеснік генеральнага дырэктара Уладзімір Рылатка. Вялікі тэатр, што становіцца ўжо традыцыяй, запрашае журналістаў прама на сцэну, каб мы не толькі задалі пытанні пастановачнай групе, але і ўбачыўшы, наколькі будзе зручна выканаўцам існаваць у прапануемых абставінах, адчулі дух спектакля. Што, па-мойму, і адбылося.

Сцэнаграфія Аляксандра Касцючэнкі ўражвае каларытам даўняй эпохі, аб’ёмнасцю, вытрыманасцю стылю. Фактура матэрыялаў, з якіх створаны дэкарацыі, здзіўляе: прама-такі сапраўднае дрэва, з якога ўзводзіліся баярскія церамы эпохі царавання Івана Грознага. Як сказаў сам мастак, ён імкнуўся, каб фактура матэрыялаў энергетычна “працавала” на тое, каб глядач адчуў час, у які вяршылася оперная гісторыя. Пра тое, што Касцючэнка — таленавіты сцэнограф, які чуе і музыку, і рэжысёра-пастаноўшчыка, мне пісаць ужо даводзілася. З дэкарацыямі да “Царскай нявесты” ён, што называецца, перасягнуў самога сябе. Яны такія, што ні хвіліну не сумняваешся, быццам асяроддзе пражывання чалавека ў часы Грознага магло быць іншым. Да таго ж, пра тое сказаў Панджавідзэ, дэкарацыі тэхнічна сапраўды разлічаныя і адпаведна выкананыя так, што пераходы паміж “будынкамі” ў выглядзе арак і розныя іх узроўні ствараюць “ракавіну”, таму галасы выканаўцаў гучаць яшчэ мацней і ярчэй. Акрамя таго, няцяжкія і негрувасткія дэкарацыі ўсталёўваюцца за чатыры гадзіны, што немалаважна ў тэатры. 

Выканаўцам утульна іграць у дэкарацыях Аляксандра Касцючэнкі. Сцэна са спектакля

Ад рэжысёра мы даведаліся: ніякага авангардызму і псеўдамадэрну ў оперы чакаць не варта. Усё, паводле яго слоў, проста і набліжана да верагоднасці. Гэтая опера, гаворыць, вельмі руская глыбінна, па сутнасці сваёй, і ў ёй адлюстраваны складаны перыяд станаўлення рускай дзяржавы, калі царская апрычніна жорстка змагалася з баярамі. І ў гэтым дачыненні спектакль Панджавідзэ — разважанне і пра асаблівасці ўзаемаадносінаў чалавека і ўлады, пра тых, хто яе мае і хто яе пазбаўлены. Канкрэтызуючы думку рэжысёра-пастаноўшчыка, спашлюся на яго інтэрв’ю агенцтву навін Sputnik (http://ru.sputnik.by/culture/20150325/1014455565.html). Вось што ён сказаў:

“Царская нявеста” — гэта гісторыя адносінаў цара і дзяржавы… Асоба Івана Грознага — адна з самых спрэчных у гісторыі дзяржавы Расійскай. Фігура вельмі супярэчлівая: ён сам пісаў малітоўныя каноны, быў літаратурна адораным чалавекам, але пры гэтым называўся Грозным. Улада не можа быць амаральнай і маральнай, яна існуе па-за паняццямі маралі, яна можа быць якой хочаш, але толькі не слабай і вартай жалю, бо калі яна не можа абараніць сябе і свае інтарэсы, то як яна можа абараніць свой народ?”


Як выказалася хормайстар-пастаноўшчык Ніна Ламановіч, тое, што адбываецца ў гэтай оперы, само жыццё, у ёй няма нічога выдуманага: опера ўражвае яркімі партыямі, рэдкімі ў опернай літаратуры вобразамі, шчырасцю, душэўнасцю і нейкай асаблівай натуральнасцю мелодый. Гэта чыстая крыніца чыстага мастацтва — так вобразна сказаў пра оперу дырыжор-пастаноўшчык Мікалай Калядка. Гэта першы досвед яго работы з творчасцю Рымскага-Корсакава, які яго ўзбагаціў і напоўніў. Ні да, ні пасля “Царскай нявесты”, як гаворыць дырыжор у інтэрв’ю часопісу “Партэр”, кампазітар не ствараў такіх цэласных опер, якія вылучаліся б дынамічнасцю развіцця дзеяння, удала раскладзеных па галасах, меладычных і поўных чароўных арый, ансамбляў і хораў.

Чаму Міхаіл Панджавідзэ выбраў “Царскую нявесту”, не дзіўна. Музыказнаўчая гісторыя гаворыць: яна разлічана на магутныя галасы. А трупа Вялікага тэатра такімі галасамі валодае, таму не мець у рэпертуары гэтую оперу, у якой кожная партыя, як лічаць пастаноўшчыкі, нібы адрасавана беларускім выканаўцам, было б недаравальна. У двух саставах спектакля заняты вядучыя салісты Вялікага: народныя артысты Беларусі Уладзімір Пятроў і Васіль Кавальчук, заслужаныя артысты Беларусі Уладзімір Громаў, Аксана Волкава, Аляксандр Кеда, Анастасія Масквіна, лаўрэаты міжнародных конкурсаў Наталля Акініна, Андрэй Валенцій, Таццяна Гаўрылава, Кацярына Галаўлёва, Алена Золава, Эдуард Мартынюк, Павел Пятроў, Станіслаў Трыфанаў.


Станіслаў Трыфанаў у ролі Грыгорыя Гразнога зачароўвае перажываннямі свайго героя

Усё, што адбываецца ў оперы, тыповае для рамантычнай драмы. Дачка наўгародскага купца Марфа Сабакіна (Таццяна Гаўрылава) закаханая ў маладога баярына Івана Лыкава (Віктар Мендзелеў). У яе таксама закаханы царскі апрычнік Грыгорый Гразноў (Станіслаў Трыфанаў). Але ўзаемным пачуццям Марфы і баярына не наканавана развіцца. У іх адносіны ўмешваецца сам лёс у асобе цара Івана Грознага: на аглядзе нявест ён выбірае яе ў жонкі. Але пра гэта не ведае Любаша (Аксана Волкава), палюбоўніца Гразнова, і вырашае атруціць суперніцу.

І вось яна, прэм’ера легендарнай оперы, якая яшчэ ў 1933 годзе, з моманту адкрыцця тэатра, папоўніла “залаты” рэпертуар Вялікага. Дарэчы, тады спектакль ішоў пад назвай “Апрычнікі”. У 1938 годзе гледачы слухалі ўжо новую версію “Царскай нявесты”. А трэцяя пастаноўка, 1950 года, праіснавала на сцэне амаль 60 гадоў, гэтак жа доўга, як і знакамітая “Аіда”.


Яркае меца-сапрана Аксаны Волкавай у ролі Любашы ўзрушае публіку

Мяркую, і цяперашняй “Царскай нявесце”, якая стане чарговым творчым набыткам тэатра, наканавана доўгае і паспяховае жыццё. Яна ашаламіла ўсім і адразу, ужо пачынаючы з уверцюры з яе выдатнай мелодыяй, якая ліецца ў душу, вельмі рускай па інтанацыях, у якіх гучаць і стылізаваныя ноткі народных песень. І светлавой партытурай, дзякуючы якой ажылі і зайгралі дэкарацыі, высвеціўшы дэталі афармлення: ікону, калодзеж, разны ганак… Ужо з першай карціны-пралога, калі партыю Грыгорыя Гразнова пачаў выконваць Станіслаў Трыфанаў, увага гледачоў была захоплена прыгожай рускай мовай: (лібрэта М. Рымскага-Корсакава і І. Цюменева па аднайменнай драме Л. Мея), калі кожнае слова было такім зразумелым, што не даводзілася пераключацца на бягучы электронны радок. Пра страсны барытон Трыфанава можна складаць оды, такі ён магутны, упэўнены. Да таго ж акцёр зачароўвае перажываннямі свайго героя, і цяжка адхіліцца на штосьці іншае. Тое ж самае магу сказаць і пра яркае, глыбокае мецца-сапрана нашай опернай дзівы Аксаны Волкавай. Яе Любашы, чые душэўныя пакуты не пакідаюць абыякавымі, хоць яна і пляце інтрыгі, спачуваеш. Кранае і ахвярнае каханне Марфы ў выкананні Таццяны Гаўрылавай з яе крыштальна-чыстым сапрана. Падкупляе бацькоўскім клопатам і дабрынёй бацька Марфы Сабакін — Васіль Кавальчук, уладальнік моцнага і глыбокага баса. Ён пранікнёна выконвае свае партыі. Практычна кожны з выканаўцаў у спектаклі не толькі дакладна вядзе сваю партыю, але і акцэнтуецца на пачуццях свайго героя.

Пра здольнасць Міхаіла Панджавідзэ выбудоўваць псіхалагічна глыбокія і праўдзівыя вобразы мы ведаем і па многіх іншых яго спектаклях, так што ў “Царскай нявесце” асабіста мяне гэта нават не здзівіла: многія артысты Вялікага не толькі добра спяваюць, але яшчэ і выдатна ўжываюцца ў вобразы сваіх персанажаў. Гэта дадзенасць, уласцівая ўсёй таленавітай опернай трупе. Хор, а гэта і царскія апрычнікі, і народ у спектаклі, як заўсёды “ў часы Панджавідзэ” — на вышыні. Гэта не проста артысты ў касцюмах, якія спяваюць і рухаюцца, а жывыя людзі, кожны са сваёй біяграфіяй. Відаць, што ўсё адпрацавана рэ­жысёрам да драбнюткіх дэталяў. Вось тут адзін апрычнік паднімае хлыст, другі ўжо адштурхоўвае трэцяга, каб выканаць сваю, пастаўленую рэжысёрам і хормайстрам задачу, чацвёрты азіраецца на пятага… Усё звязанае, апраўданае, стройнае… І ўсё, што адбываецца на сцэне, разам надае оперы нейкі трагедыйны размах, у аснове якога вечныя тэмы — перапляцення лёсаў заможных і простых людзей, барацьбы за ўладу і барацьбы за сферы ўплыву, кахання і рэўнасці, кахання ўзаемнага і нераздзеленага, вернасці і здрадніцтва…


Кожны з выканаўцаў выдатна вядзе сваю партыю. Сцэна заручын Марфы

Гэтая прыгожая і сумная гісторыя, якая здарылася ў далёкую ад нас эпоху, прагучала суцэльна, дынамічна, праўдападобна. І хоць опера даволі працяглая па часе, слухаецца яна, як гаворыцца, на адным дыханні. Мне падаецца, гэта адбываецца таму, што тэатр, расказваючы нам на першы погляд бытавую гісторыю, змог адысці ад бытавізму, адчуўшы ў музыцы Рымскага-Корсакава таямніцу рускай душы. Мне імпануюць разважанні Мікалая Калядкі пра містыку, заключаную ў “Царскай нявесце”. Дазволю сабе яго працытаваць: “Калі адысці ад бытавога разумення сюжэта, убачыўшы сапраўдны трагедыйны размах, можна разгадаць містычную таямніцу гэтай оперы, утоеную ў выдатнай музыцы, цудоўных тэмбравых і дынамічных характарыстыках аркестра, дзейсным і неверагодна меладычным вакале, драматычнай ігры. Таямніцу, якая агаляе сутнасць рускай душы праз архетыпы рускіх характараў — моцных, гарачых, здольных і на душэўныя пакуты, і на раскаянне, і на мужны подзвіг, але пры гэтым цярплівых, паслухмяна пакорлівых”.

Ад сябе дадам: Вялікаму тэатру гэтую таямніцу разгадаць удалося. А як вядома, нават разгаданая, яна заўсёды застаецца прыцягальнай.

Фота: Анжаліка Грэковіч

Валянціна Ждановіч

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter