Упершыню за гады існавання Малдаўскага радыё на ім загучала беларуская мова. Дзякуючы суайчыннікам у Кішынёве.

Маем сваё слова!

Упершыню за гады існавання Малдаўскага радыё на ім загучала беларуская мова. Дзякуючы суайчыннікам у Кішынёве.

veteran.png

Ветэран-беларус Уладзімір Вайцяховіч у радыёстудыі


Спробы зрабіць сваю перадачу на Малдаўскім радыё мясцовыя беларусы прадпрымалі і раней, але безвынікова. Ды, як кажуць, хто стукае — таму адчыняюць: кіраўніцтва грамадскай кампаніі “ТэлерадыёМалдова” напярэдадні Дня Незалежнасці Беларусі і 70-годдзя яе вызвалення ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў вылучыла ў эфірным часе 20 хвілін. Першая перадача прайшла 2 ліпеня на хвалі 100.5 FM. Адбылося тое па хадайніцтве Міжнароднага таварыства дружбы і супрацоўніцтва “Малдова—Беларусь” пры падтрымцы Пасольства Беларусі ў Малдове. А 6 жніўня ў 20.15 выйшла ў эфір і другая перадача. Ёсць дамоўленасць на штомесячныя — кожную першую сераду — перадачы. Праект мае назву “Беларуская Крыніца”. Рэдактар перадач — выпускнік факультэта журналістыкі Беларускага дзяржніверсітэта 1971 года, старшыня таварыства “Малдова—Беларусь” Генадзь Зяньковіч.

У першай, святочнай перадачы былі два блокі. Спачатку выступіў Часовы павераны ў справах Рэспублікі Беларусь у Рэспубліцы Малдова Аляксандр Салаўёў. Ён павіншаваў беларусаў Малдовы са святам. Потым звярнуўся да землякоў, дзяліўся ўспамінамі пра былое ветэран вайны, удзельнік Парада Перамогі 1945 года, доктар навук, беларус Уладзімір Вайцяховіч. Газета “Голас Радзімы” расказвала пра франтавіка, які ўдзельнічаў у вызваленні ад фашыстаў дзесяці краін Еўропы. Уладзімір Віктаравіч — кавалер многіх ардэноў і медалёў, заслужаны і ганаровы грамадзянін Малдовы. Яму 90 гадоў, але толькі нядаўна цягавіты беларус перастаў выкладаць у Дзяржаўным аграрным універсітэце Малдовы. 70 гадоў працоўнага стажу! Ветэран не толькі вучыў, выхоўваў студэнтаў — ён падрыхтаваў дзясяткі кандыдатаў і дактароў навук. Актыўна займаецца грамадскай дзейнасцю і быў, дарэчы, старшынёй адной з ветэранскіх арганізацый Кішынёва.

Сам ветэран сёлета быў на Бацькаўшчыне, наведваў сваякоў і родных, якіх даўно не бачыў. А ягоны зварот да землякоў запісалі загадзя. Хоць ветэран не чуў перадачу ў эфіры, яму па вяртанні ўручылі аўдыёзапіс. Стваральнікі перадачы ўпэўнены, што з блаславення Уладзіміра Вайцяховіча яна будзе мець добры лёс.

Разлічаны радыёпраект “не толькі на 20 тысяч беларусаў, якія пражываюць на левым і правым берагах Днястра”. Гэтыя словы гучалі ў жнівеньскай “Беларускай Крыніцы”. Вядучы Генадзь Зяньковіч гаварыў, што папярэдні выпуск слухалі і разумелі ўкраінцы, палякі, рускія ды прадстаўнікі іншых нацынальнасцяў: “Пра гэта паведамілі нам, у прыватнасці, пенсіянер, малдаванін Пётр Карнілаў, сваякі якога жывуць у Беларусі, бізнесмэн-украінец Артур Лупашка, які неаднаразова бываў ў Беларусі па справах гандлю, гагаузкая пісьменніца, вучоны сакратар Асацыяцыі навукоўцаў Малдовы імя Мілеску Спэтару, доктар гістарычных навук Вольга Радаў-Каранастас”. Вядучы падзякаваў за віншаванні, якія прыйшлі ў адрас стваральнікаў перадачы, расказаў, як у Беларусі святкавалі Дзень Вызвалення. Удзельнікам урачыстасцяў у Мінску быў і Уладзімір Вайцяховіч. Ушаноўвалі памяць пра герояў і ахвяры вайны і ў беларускіх суполках Малдовы: у Ціраспалі, Бэндэрах, Бельцах, Камраце, Грыгарыопалі, Рыбніцы, Кішынёве.

Вядучы расказаў: на ўрачыстасці ў бібліятэцы імя Петрычыку Хаждэу, якую ладзілі таварыства “Малдова—Беларусь” і Асацыяцыя беларусаў муніцыпія Кішынэу, была і паэтка, ураджэнка Баранавічаў Вера Сугак: чытала свой новы верш “Пра Радзіму”. Веру Мікалаеўну Бяляеву-Сугак і запрасілі на гэты раз у студыю. Генадзь Зяньковіч знаёміў слухачоў з субяседніцай, яна ж чытала свае вершы, гаварыла пра падобнасць асобных беларускіх і малдаўскіх слоў. А другім субяседнікам у студыі быў спявак Сяргей Варсанаў, бацька якога балгарын з Малдовы, а маці — беларуска. У рэпертуары яго шмат беларускіх песень, у тым ліку і вядомая многім “Ты мне вясною прыснілася” — яе спявак выконваў у студыі. Вядучы павіншаваў Сяргея з 30-годдзем творчай дзейнасці.

Па словах Г. Зяньковіча, у перадачы будуць блокі навін з Беларусі, паведамленні пра справы беларускіх суполак у Малдове, “хатнія” знаёмствы з малдаўскімі беларусамі, аповеды пра тое, як гатаваць стравы беларускай кухні. Рэдактар мае намер рабіць музычныя падарункі, расказваць пра песні роднага краю, віншаваць суродзічаў з днямі нараджэння. “Пасля дзвюх перадач атрымалі дзясяткі станоўчых водгукаў з розных куткоў краіны , — задаволены ўдалым стартам радыёпраекта Генадзь Зяньковіч. — Гэта небывалая з’ява ў жыцці беларускай дыяспары Малдовы. Ніколі раней тут у радыёэфіры не гучала перадача на беларускай мове, зробленая для беларусаў самімі беларусамі. Нядаўна зацверджана сетка радыёвяшчання на наступны год. І нашу перадачу “Беларуская Крыніца” туды ўключылі, паколькі яна спадабалася і слухачам, і кіраўніцтву кампаніі “ТэлерадыёМалдова”. Так што, як кажуць радыёжурналісты, да сустрэчы ў эфіры!”

Ігар Белакавыльскі, г. Кішынёў

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter