Сборник Констанции Буйло «Курганная кветка» составлял Янка Купала

Маўчанне сфiнкса

Дэбютны зборнiк гэтай дваццацiгадовай паэткi ўкладаў самы вядомы беларускi паэт, афармляў самы вядомы мастак, фiнансавала легендарная княгiня-мецэнатка… I быў надрукаваны ў гэтым зборнiку верш, якi стаў народнай песняй.

Канстанцыя Буйло.
Зборнiк называўся «Курганная кветка» i пабачыў свет 105 год таму. Яго аўтар — Канстанцыя Буйло, дачка Антона Буйло, аб’ездчыка графа Тышкевiча. 

Зрэшты, кiм Антон толькi не працаваў: трэнiраваў у Вiльнi скакавых коней князя Гагарына, быў ляснiчым, таксiдэрмiстам. Але галоўнае — чалавек адукаваны, з любоўю да кнiгi. Гэтак жа, як i мацi, Настасся Францаўна, якая цудоўна спявала i стварыла сямейны хор. Жыла сям’я тады ў Вiшнева Валожынскага раёна, там жа, натхнёны цудоўнай прыродай, i нарадзiўся верш юнай Канстанцыi:

Люблю наш край, старонку гэту,
Дзе я радзiлася, расла,
Дзе першы раз пазнала шчасце,
Слязу нядолi пралiла.

У Вiшнева вучыла дзяцей графа Храптовiча францужанка Эмiлiя Станкевiч. Яна ўзялася выкладаць французскую мову i Канстанцыi, якая сябравала з дачкой сваёй настаўнiцы — Уладзiславай, Уладкай. Шчырае сяброўства прадоўжыцца ўсё жыццё. Костку i Уладку звяжа яшчэ адно iмя — Iван Дамiнiкавiч Луцэвiч. Янка Купала. 

Вось што ўспамiнае Канстанцыя Буйло пра свой першы вiзiт у рэдакцыю «Нашай Нiвы»: 

«Нехта, узяўшы мяне за плечы, павярнуў да сябе. Перада мной стаяў высокi, тонкi мужчына, з сiнiмi вачыма, задумлiвы i сур’ёзны. — «Ты, мусiць, Буйлянка, — лагодна сказаў ён мне, — ну а я Купала. Дык давай знаёмiцца». I ён, нагнуўшыся, пацалаваў мяне так сур’ёзна i ўрачыста, што я нават не здзiвiлася, а смяшлiвая Уладка не засмяялася. Да гэтага знаёмства яшчэ Купала прысвяцiў мне вельмi прыгожы свой верш».

У другiм варыянце гэтых успамiнаў 1962 г. Буйло не згадвае нi пра пацалунак, нi пра тое, што з ёй была Уладка. I ўвогуле сцвярджае, што тады мела год чатырнаццаць. Але верш, прысвечаны ёй Купалам да гэтага знаёмства, надрукаваны ў № 36 «Нашай Нiвы» за 1910 г., а паколькi годам нараджэння паэткi лiчыцца 1893-цi, было ёй не менш сямнаццацi.

Уладзiслава Станкевiч i Янка Купала.

Падчас першай сустрэчы Купала прапанаваў юнай госцi заначаваць у рэдакцыi. Тая «мусiла пагадзiцца». У кабiнеце рэдактара «была шырокая, мяккая канапа», «Купала прынёс бутэльку салодкага вiна i яблыкаў». Згодна з успамiнамi Канстанцыi, яны да ранiцы ўдваiх па чарзе чыталi п’есу «Паўлiнка».

Чытаў «Паўлiнку» паэт з Канстанцыяй. Але менавiта смяшлiвая Уладка, Уладзiслава Станкевiч, у 1916-м зробiцца ягонай жонкай. 

У 1914 годзе Купала стаў галоўным рэдактарам «Нашай Нiвы» i прапанаваў Канстанцыi падрыхтаваць яе першы зборнiк. Вершы для кнiгi падбiраў сам, працаваў «з вялiкiм замiлаваннем, як над сваёй». 

Вокладку ўзяўся ствараць Язэп Драздовiч. Мастак-вiзiянер, якi сцвярджаў, што ў «вiдзежах» сваiх падарожнiчае ў часе i па iншых планетах. На малюнак яго натхнiлi радкi Буйло «Я каханне маё пахаваю ў душы, спакой сфiнкса на твар палажу». Таямнiчы дзявочы профiль, рот схаваны пад вэлюмам… Сфiнкс у стылi арт-дэко.

Малюнак Язэпа Драздовiча выяўляе сфiнкса з завязанымi вэлюмам вуснамi — алюзiя на радок паэткi.

Магдалена Радзiвiл.
Сродкi на зборнiк «Курганная кветка» выдзелiла мецэнатка беларускага руху княгiня Магдалена Радзiвiл. I тут усё не так проста. Буйлянка атрымала запрашэнне ад княгiнi наведаць яе ў Мiнску. Панi Магдалена ашаламiла маладую госцю прапановай: «Я хачу вам дапамагчы паступiць у варшаўскi манастыр шарытак. Там вы прабудзеце нейкi час. Калi вырашыце стаць шарыткай, я ўнясу за вас багаты пасаг. Нам трэба мець уплыў на беларускую палiтыку». 

Разгубленая Канстанцыя як мага ветлiва адмовiлася.

I вось кнiга з’явiлася на свет — у Вiльнi, у друкарнi Марцiна Кухты, вядомай нам па апошнiм вершы Максiма Багдановiча. Купала, высылаючы сваёй пратэжэ асобнiкi, пiсаў: «Пасылаю табе кнiжкi, зрабiў — як умеў. Дрэнная папера, але лепшай не маглi дастаць».

Першы водгук на зборнiк таленавiтай паэткi напiсаў Максiм Багдановiч, якi яшчэ ў 1911 годзе ў аглядзе беларускай паэзii адзначаў: «Адна толькi Канстанцыя Буйла абяцае развiцца ў праўдзiвы асабiсты талент».
Дэбютны зборнiк Канстанцыi Буйло стаў класiкай беларускай лiтаратуры.
Вершы з «Курганнай кветкi» сталi надзвычай папулярнымi. Як сведчыў Рыгор Шырма, у Заходняй Беларусi ўсе яны зрабiлiся песнямi. А «Люблю наш край», якi паклаў на музыку Мiкола Равенскi, лiчыўся гiмнам.

Пасля таго як выйшаў яе першы зборнiк, Канстанцыя Буйло па просьбах Ластоўскага, Цёткi i Купалы адправiлася несцi культуру ў народ — працаваць у полацкай кнiжнай краме. А тады пачалася вайна. Потым — рэвалюцыя. Потым Канстанцыя Буйло, якая стане Калечыц, пераедзе з мужам у Маскву, перажыве яго арышт. Наступны зборнiк вершаў, «Свiтанне», выйдзе ў яе праз 36 год, у 1950-м. На Беларусь Буйло вернецца толькi попелам — на Вiшнеўскiя могiлкi. 

cultura@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter