Місія Месінга. Кар’ера славутага мага пачыналася ў Брэсце

Ён мог зайсці ў ашчадную касу, працягнуць супрацоўніку банка пусты аркуш паперы і па гэтым “дакуменце” атрымаць любую суму грошай. У СССР Вольф Месінг зрабіў кар’еру тэатральнага шоумэна, забаўляючы публіку сваімі фокусамі. Ён стаў заслужаным артыстам Расійскай Федэрацыі. А між тым аншлагі гіпнатызёр, экстрасэнс пачынаў збіраць у Беларусі — яшчэ  ў  1940  годзе.  Чара-дзей уцёк з Варшавы ў Брэст, хаваючыся ад Гітлера, які абяцаў за галаву мага 200 тысяч марак. Бо Месінг прадказаў гібель фюрэра, калі той сунецца з вайной на ўсход Еўропы.

Пракампасціраваныя мазгі

Вольф нарадзіўся ў “гразі” — у беднай яўрэйскай сям’і пад Варшавай. Таму, каб выбіцца ў “князі”, яму змалку даводзілася пераадольваць шмат нягод. У пошуках шчасця хлопец адправіўся цягніком у Берлін. Не маючы грошай, ён схаваўся пад лаўкай, спадзеючыся перабыць дарогу без білета. Але ў вагон увайшоў кандуктар, які прыкмеціў небараку. Месінг не ведаў куды дзецца. Ён схапіў нейкі шматок паперы, які аказаўся пад рукой, і, пільна гледзячы кандуктару ў вочы, працягнуў “квіток” на праверку. Погляды іх сустрэліся. І адбыўся цуд: кантралёр пракампасціраваў брудны абрывак, аддаў пасажыру і ветліва пацікавіўся:
— А чаго пан з білетам пад лаўкай едзе? Хай бы пан сеў — ёсць жа месцы.
Так у Вольфа адкрыўся дар: падпарадкоўваць мозг, свядомасць іншых людзей сваёй волі з аднаго толькі позірку.

Дрэсіроўкі Эйнштэйна і Фрэйда

У Берліне Месінг не знайшоў збавення ад пакут. Ён часта галадаў, траціў прытомнасць. Упаўшы аднойчы на вуліцы, ачуняў толькі праз тры дні. Небараку падабраў з бруку прафесар Абель. Доктар заўважыў, што хлопец незвычайны. Высветлілася, што ў дзяцінстве Вольф хварэў на лунатызм. Абель навучыў свайго знайдзёна верыць ва ўласныя сілы і кіраваць сваім мозгам.
Затым Месінг трапляе ў берлінскі паноптыкум — містычны цырк. Тут яму даводзіцца даваць першае ў жыцці шоу — трое сутак ляжаць нерухома ў шкляной труне і гэтым забаўляць публіку.
Да вундэркінда прыходзіць вядомасць. Пачынаюцца гастролі. У 1915 годзе ў Вене Месінг знаёміцца з Эйнштэйнам, які зводзіць знаёмца з Зігмундам Фрэйдам. Знакаміты псіхіятр “дрэсіруе” свайго новага прыяцеля.
У 1917 годзе Месінг выпраўляецца ў турнэ вакол свету, дасягае Японіі, Бразіліі. Па вяртанні ў Варшаву яго прымае сам Юзаф Пілсудскі. “Начальнік” Польшчы загадвае госцю знайсці схаваны ў пакоі партабак. Экстрасэнс робіць гэта за адно імгненне. Прыдворныя Пілсудскага ў шоку, а сам маршал просіць чарадзея прадказаць яму важныя падзеі. Аднак што сказаў Месінг свайму суразмоўцу, так і засталося тайнай.
Затое ў 1937 годзе ў варшаўскім тэатры маг адкрыта дакляраваў, што, калі Гітлер пачне вайну супраць краін Усходняй Еўропы, яго чакае немінучая гібель. На прадказальніка пачынае паляваць гестапа, якое абяцае 200 тысяч марак таму, хто схопіць ворага рэйха.

Ленінская цытата

Калі Германія напала ў 1939 годзе на Польшчу, Месінгу не ўдалося схавацца ад фашыстаў. Славутага мага схапілі на варшаўскай вуліцы, упяклі ў турму. Але і тут Вольф праявіў сябе. Ён загіпнатызаваў наглядчыкаў вязніцы, завабіў іх у сваю камеру, а сам выйшаў з яе і замкнуў дзверы звонку. Уцякаць можна было толькі ў адным кірунку — на ўсход.
Ноччу Месінг пераплывае Заходні Буг і трапляе ў БССР. Але тут пра яго ніхто не чуў, не ведаў. За жалезную заслону не пранікалі весткі пра незвычайныя здольнасці замежнага тэлепата. Учарашняй сусветнай зорцы не дазволілі пераначаваць у гасцініцы — нават за трайную плату! Нібыта вольных месцаў не было. Першая ноч у Беларусі прайшла на падлозе брэсцкай сінагогі...
Бежанцу ўрэшце паверыў намеснік старшыні Брэсцкага аблвыканкама Пётр Абрасімаў. Мо таму, што экстрасэнс прадказаў чыноўніку вялікую будучыню — пасаду пасла ў вялікай краіне. Так і сталася. Пасля вайны Абрасімаў уваходзіў у кіраўніцтва Беларусі, а затым прадстаўляў інтарэсы СССР у Кітаі, Польшчы, Германіі, Францыі, Японіі.
Чыноўнік уключыў дзівоснага чалавека ў брыгаду артыстаў, якія абслугоўвалі Брэсцкі раён.   Было гэта ў 1940 годзе. 1 мая Месінг выйшаў на дэманстрацыю з партрэтам Сталіна. Неўзабаве артыста накіравалі з выступленнямі ў Мінск.
У Мінску чалавекам з незвычайнымі здольнасцямі зацікавіўся тагачасны кіраўнік Беларусі Панцеляймон Панамарэнка. Ён загадаў у думках, каб Месінг пайшоў у бібліятэку, узяў патрэбны том твораў Леніна і разгарнуў на старонцы, дзе пачынаецца артыкул “Крок уперад, два крокі назад”. Неўзабаве Месінг прынёс тую самую кнігу, хаця не ведаў ні рускай, ні беларускай мовы.
Але дарога на ўсход працягвалася. Артыст трапляе ў Гомель. Зноў гастролі. І вось тут, у час аднаго з шоу, да майстра падышлі супрацоўнікі НКУС і паведамілі, што мусяць забраць яго з сабой, у Маскву.

Воланд нашага часу

Месінга прывезлі ў Крэмль — да Сталіна.
— Уваходзіць нейкі чалавек з вусамі, — згадваў у мемуарах тэлепат. — Я яго пазнаў і кажу: “Дзень добры! А я вас на руках насіў”.
— Як гэта на руках? — здзівіўся Сталін.
— Першага мая, на дэманстрацыі...
Гэта Сталін даў загад Месінгу — на праверку яго здольнасцей — пайсці ў банк і зняць 100 тысяч рублёў па чыстым аркушы паперы.
Савецкі правадыр паверыў госцю з-за Буга. Вольф Рыгоравіч пачынае гастраляваць па Краіне Саветаў.
Не стала аднаго з загадкавых людзей ХХ стагоддзя ў 1974 годзе. Даследчыкі не знайшлі пра яго ніводнага дакумента ў архівах Германіі, Польшчы, былога СССР. Ён жыў, варажыў, але ўсе сведчанні пра сябе дзіўным спосабам знішчыў. Як булгакаўскі Воланд: спусціўся на зямлю, нарабіў цудаў і... растварыўся ў часе.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter