Праз тыдзень Маладзечна прыме XV Нацыянальны фестываль беларускай песні і паэзіі

Мілагучная родная мова

Праз тыдзень Маладзечна прыме XV Нацыянальны фестываль беларускай песні і паэзіі.



Арганізатары свята пастараліся, каб яго гасцям не прыйшлося сумаваць. За тры дні фестывалю, які адкрыецца вечарам 5 чэрвеня на сцэне Летняга амфітэатра, выступяць і народныя калектывы, і эстрадныя выканаўцы, і нават ансамбль казацкай песні. Сярод удзельнікаў — Ядвіга Паплаўская і Аляксандр Ціхановіч, ансамбль “Песняры”, Анатоль Ярмоленка і яго “Сябры”, Ірына Дарафеева, Іна Афанасьева, Дзмітрый Калдун, IOWA і іншыя. Як заўсёды, сваё майстэрства прадэманструе Нацыянальны акадэмічны канцэртны аркестр пад кіраўніцтвам “хроснага бацькі” фестывалю ў Маладзечне Міхаіла Фінберга.


У цэнтры свята — Нацыянальны конкурс маладых выканаўцаў беларускай эстраднай песні, які пройдзе ў некалькі этапаў і завершыцца цырымоніяй узнагароджвання лаўрэатаў у час вечаровага канцэрта другога фестывальнага дня.


Акрамя песенна-музычнай праграмы, фестываль парадуе жыхароў і гасцей Маладзечна паэтычнай гасцёўняй “Красуй, Беларусь” з удзелам беларускіх паэтаў, выставай “Навечна ў памяці народнай...”, прымеркаванай да 70-годдзя Вялікай Перамогі, выставай дэкаратыўнапрыкладнога і выяўленчага мастацтва народных майстроў і ўмельцаў, гульнёвазабаўляльнымі пляцоўкамі для дзяцей.
Жадаеце акунуцца ў атмасферу беларускага слова і роднай культуры? Збірайцеся ў Маладзечна!

mila@sb.by
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter