Прэзідэнт даў эксклюзіўнае інтэрв’ю газеце “Жэньмінь Жыбаа”

Любыя спробы змяніць гісторыю пацерпяць крах

Прэзідэнт даў эксклюзіўнае інтэрв’ю газеце “Жэньмінь Жыбаа”. Гэта аўтарытэтнае выданне з’яўляецца не толькі самым уплывовым у Кітаі, але і адной з вядучых газет у свеце. Звыш тысячы яе журналістаў працуюць у 70 карэспандэнцкіх аддзяленнях па ўсёй планеце. Тыраж “Жэньмінь Жыбаа” дасягае 2,8 мільёна асобнікаў і штогод прырастае больш як ста тысячамі новых.


Вось што сказаў Аляксандр Лукашэнка:

— Другая сусветная вайна — адна з цэнтральных падзей XX стагоддзя, якая вызначыла ход гісторыі ва ўсім свеце на многія дзесяцігоддзі наперад.

Калі асноўную ношу ў вайне супраць Германіі вынес савецкі народ, то асноўны цяжар вайны з Японіяй, вядома ж, лёг на плечы кітайскага народа.

Я ні ў якім разе не хачу прыніжаць ролю нашых саюзнікаў: безумоўна, яны таксама ўнеслі значны ўклад у нашу агульную перамогу — і ў Еўропе, і ў Азіі. Але з лічбамі ўсё ж не паспрачаешся: згодна з апошнімі даследаваннямі, савецкія страты за гады вайны склалі каля 27 мільёнаў чалавек, кітайскія — 35 мільёнаў чалавек. Ніякія іншыя краіны не панеслі такіх вялікіх ахвяр. Беларусь, якая з’яўлялася часткай СССР, пацярпела, напэўна, больш за іншых — мы страцілі амаль трэць свайго насельніцтва.

Мы ў Рэспубліцы Беларусь з хваляваннем ставімся да памятных мерапрыемстваў. Летась наша краіна адсвяткавала 70-годдзе вызвалення Беларусі ад фашысцкіх захопнікаў, сёлета — 70-годдзе Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне. Гэтыя падзеі сталі сапраўдным святам адзінства і з’яднання нашага народа.

Неабходна сумленна прызнаць, што ў свеце існуюць сілы, зацікаўленыя ў пераглядзе вынікаў Другой сусветнай вайны. Для чаго яны гэта робяць? Каб, паставіўшы пад сумненне гістарычную праўду, аспрэчыць цяперашнія правы і інтарэсы краін, якія вынеслі асноўны цяжар вайны ў Еўропе і Азіі. Гэтага нельга дапускаць. Як гаворыцца ў адным вядомым выслоўі, тыя, хто не засвоілі гісторыю, абавязкова яе паўтораць.

І ў гэтым кантэксце на Кітай ускладзена асаблівая, калі хочаце, гістарычная місія: калі паўтарамільярдны кітайскі народ будзе памятаць і шанаваць вынікі і праўду аб Другой сусветнай вайне — нікому не ўдасца яе сказіць, аддаць забыццю.

Некалькі слоў пра пасляваенны сусветны парадак на чале з ААН. Давайце помніць, што ААН стваралася як палепшаны варыянт Лігі Нацый, і яна адыграла сваю станоўчую ролю. Бо пасля 1945 года паміж вялікімі дзяржавамі не было “гарачых” войнаў.

Сёння ў нас складваецца іншая сітуацыя. Ужо адышло ў гісторыю мінулае дзесяцігоддзе з яго “аднапалярным момантам”. І мы ўсур’ёз зноў гаворым пра пабудову шматпалярнага свету. У сувязі з гэтым ідэі 70-гадовай даўнасці аб цэнтральнай ролі ААН у свеце зноў запатрабаваныя. Безумоўна, ААН павінна “ісці ў нагу з часам” і праводзіць неабходныя рэформы. Але абсалютна перакананы ў тым, што мэты і прынцыпы Статута ААН, а таксама кампетэнцыі яго асноўных органаў, прадпісаныя гэтым дакументам, павінны заставацца непарушнымі.

Кітайскі народ мае старажытныя і слаўныя гістарычныя традыцыі, якія ідуць у глыб тысячагоддзяў. Усім вядомая працавітасць кітайскага народа, дзякуючы якой пад мудрым кіраўніцтвам Кітай сёння ператварыўся ў сучасную дзяржаву, якая адыгрывае вядучую ролю ў сусветных працэсах, рухавік глабальнай эканомікі і ўзор для пераймання, на які арыентуюцца краіны свету ў стадыі развіцця.

Хачу пажадаць народу КНР мірнага неба над галавой і здзяйснення кітайскай мары аб пабудове яшчэ больш моцнай і квітнеючай дзяржавы на аснове якаснага росту эканомікі, асабістага поспеху і дабрабыту яе грамадзян.

Хачу запэўніць, што ў асобе беларусаў кітайскі народ мае самых на­дзейных і адданых сяброў і партнёраў у цэнтры Еўропы. Беларусь вельмі цэніць і ганарыцца адносінамі ўсебаковага стратэгічнага партнёрства з Вялікім Кітаем.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter