Любімыя ўрокі працы

Сярод сваіх сябровак і спадарожнікаў жыцця адной з самых верных і мілых сэрцу жыхарка Ельска Вольга Бабіч лічыць «Сельскую газету»

Сярод сваіх сябровак і спадарожнікаў жыцця адной з самых верных і мілых сэрцу жыхарка Ельска Вольга Бабіч лічыць «Сельскую газету»


На працягу амаль паўвека нязменна падпісваецца і чытае нашу газету васьмідзесяцідвухгадовая Вольга Міхайлаўна БАБІЧ з Ельска. Глухі палескі хутар, на якім яна нарадзілася і вырасла ў працалюбівай сялянскай сям’і, акружалі векавыя дубравы і бясконцыя балоты, дзе ў гады нямецка-фашысцкай акупацыі ратаваліся ад гітлераўцаў. У мірны час дзяўчынка выдатна закончыла вясковую сямігодку і марыла паступаць вучыцца на агранома. Але лёс інакш распарадзіўся...

НЕВЯЛІКАЯ сядзіба Лазара Прыміна шчыльна прымыкала да двух суседніх падворкаў ельскага хутара Гнайное, за якім пачыналася дрымучае балота. Вузенькія надзелы зямлі сяляне аралі валамі. У Грамадзянскую вайну, якая прайшлася і па аддаленым палескім кутку, коней забралі ваенныя, і асноўнай цяглавай сілай заставаліся валы. Хутар чырвонаармейцы перайменавалі ў Чапаеўку. Пару дужых жывёлін прывёў сюды прымак Міхаіл Бабіч, які пасля смерці пры родах жонкі пасватаўся да незамужняй хутаранкі Хімкі, дачкі Лазара. Дзяўчыну і яе старэйшага брата Рыгора, які атрымаў вышэйшую ваенную адукацыю і стаў кадравым афіцэрам Чырвонай Арміі, выхоўвалі аўдавелы бацька і мачыха Агрыпіна. Хімка дапамагала па гаспадарцы. Яна прыняла прапанову ўдаўца, у якога на руках заставалася маленькая дачушка Ганначка. Сагравала сваім цяплом сірацінку і сваіх пяцярых дзяцей. Ганначка дапамагала няньчыць немаўлятак, ахвотна люляла ў калысцы, якую бацька змайстраваў і прыладзіў да столі ў хаце.

Упраўлялася Хіма Лазараўна на калгасным полі і на хутарской гаспадарцы. Бабічы трымалі карову, пару валоў, свіней, авечак, розную птушку. Міхаіл Іосіфавіч у жніво вазіў з калгаснага поля ў свіран снапы на сваіх валах. Вясновымі золкамі выводзіў іх на прысядзібны палетак і да сёмага поту ўвіхаўся за плугам. Трагедыяй для яго стаў крадзеж жывёл. Злодзеі ноччу з хлява вывелі іх. Збянтэжаны гаспадар кінуўся па следу даганяць. Дайшоў да ўкраінскай вёскі Выступовічы, але прапажу не адшукаў. Сваякі, суседзі дапамаглі апрацаваць зямельны надзел. Не хутка выгадавалі замену ўкрадзенай цяглавай жывёле.


Вольга БАБІЧ (злева) з сяброўкай юнацтва Таццянай МАРОЗ. 1952 год.

З хутара Бабічы перабраліся ў вёску Белякі, дзе ім выдзелілі сядзібу. Пасадзілі яблыні, грушы. Міхаіл працаваў ездавым у калгасе. Сяляне дружным калектывам сеялі збожжавыя, садзілі бульбу, касілі травы, нарыхтоўвалі сена. Калгас імя Калініна пашыраўся, будаваліся новыя жывёлагадоўчыя фермы. Для дзяцей адкрыўся дзіцячы садзік, пачатковая школа. Вечарамі луналі над вёскай песні. Моладзь пасля працоўнага дня адпачывала ў новым клубе. 

Страшэнная вестка пра вайну абарвала мірнае жыццё вяскоўцаў. Варожыя самалёты з гулам несліся на ўсход. Мужчын тэрмінова прызывалі ў ваенкамат. Міхаіла Бабіча на фронт не ўзялі. Пасля фінскай кампаніі, у якой ён удзельнічаў, ледзьве жывы, схуднелы вярнуўся дамоў. У апусцелай вёсцы дапамагаў іншым сем’ям выжываць. З паведамленняў па радыё чуліся звесткі аб набліжэнні фронту да іх мясцовасці. Жнівеньскім ранкам Міхаіл Іосіфавіч разам з падлеткамі касілі збажыну на полі і пачулі незвычайны рокат. Па бальшаку да Белякоў набліжаліся матацыклісты. Збянтэжаныя вяскоўцы праз агароды пакідалі падворкі і хаваліся ў лесе.

Міхаіл Бабіч загадаў падлеткам-жняцам бегчы ў лес, а сам праз жытнёвае поле паляцеў дамоў, дзе з немаўляткам на руках засталася жонка. Хлопчык нарадзіўся за тыдзень да вайны. Перапужаная Хіма Лазараўна хадзіла па хаце з дзіцем на руках. Праз акно назірала, як пад іх дзвюма разгалістымі грушамі гучна рагаталі і нешта па-свойму гаргаталі няпрошаныя госці. Нечаканыя візіты гітлераўцаў у Белякі сталі частымі. 

У першую ваенную восень на Мазыршчыне пачалі дзейнічаць атрады народных мсціўцаў. У ціхія Белякі дайшлі весткі, што ў навакольных лясах фарміруецца партызанскі атрад. Сяляне навакольных вёсак дапамагалі змагарам адзеннем, харчамі. 

– АКУПАНТАМ стала вядома пра сувязь нашых вяскоўцаў з партызанамі, — расказвае Марыя Бабіч. — Летам другога года вайны старэйшыя мае сёстры Ганна і Марыя з братамі Пятром і Міхасём пасвілі кароў за вёскай. Я глядзела ў хаце за маленькім брацікам Толікам, а маці пякла хлеб. Толькі пасадзіла боханы з лапаты ў печ, як на падворак пад’ехала падвода. Усхваляваны бацька ўскочыў у хату і паведаміў, што рыхтуецца сёння карніцкі налёт на вёску. Бацькі хуценька звязалі клункі і кінулі іх на падводу, пасадзілі туды і мяне. Суседзі таксама спешна грузілі свае спажыткі, і мы выехалі ў лес. Бацькі з маленькім Толікам засталіся ў хаце. Яны расказвалі, што гітлераўцы хутка з’явіліся ў вёсцы. У хату ўскочыў хударлявы ваенны. Убачыў маці з немаўлём на руках і на ломанай рускай мове папярэдзіў, каб уцякалі, бо за сувязь з партызанамі будуць спалены ўсе жыхары і вёска. Бацькі анямелі ад такой весткі, разгубіліся. З падворка даносіліся галасы, гучны смех. Незнаёмец ціхенька правёў бацькоў да палоскі жыта, што даспявала на агародзе. Прыгнуўшыся, яны па жыту дабеглі да ўскрайку лесу і накіраваліся ў гушчар. Да іх далучылася і сваячка маці таксама з немаўляткам на руках. Доўга дабіраліся па лесу да партызанскага атрада. Бацька адшукаў падводы, на якіх мы раней выехалі з вёскі, і забраў мяне. Многа мясцовых прытуліў лес. Як сцямнела, адзін з мужчын залез на высокую альху і ўбачыў, як палала зарыва над вёскай. Усіх жыхароў, якія не паспелі ўратавацца, фашысты спалілі ў хляве. Такая доля спасцігла і жыхароў вёсак Новае Высокае і Жукі.

— А ці даведаліся вашы бацькі, што за незнаёмец уратаваў іх ад смерці?

— Калі стала вядома імя славацкага афіцэра Яна Налепкі, бацькі высветлілі, што менавіта ён ускочыў у хату. Хударлявы, невысокага росту ў афіцэрскай форме — такім запомніўся ён маім бацькам. Калі пасля заканчэння вайны ўбачылі яго фотаздымак у Ельскім краязнаўчым музеі, адразу пазналі гэтага мужнага чалавека. Ён рызыкаваў сваім жыццём, калі выводзіў з хаты маіх бацькоў з маленькім брацікам на руках. Цяпер я ведаю, што Ян Налепка з’явіўся ў Ельску восенню 1942 года разам са славацкімі вайсковымі часцямі, якія прыбылі сюды для аховы варожых аб’ектаў. Кватаруючы ў жыхароў горада, славакі спачувалі нашым людзям: на свае вочы бачылі зверствы фашыстаў. 

— Вядома з гісторыі, што, будучы начальнікам штаба 101-га славацкага палка, капітан Ян Налепка стварыў падпольную групу, у пачатку 1943 года ўстанавіў сувязь з савецкімі партызанамі і падрыхтаваў арганізаваны пераход на іх бок. Гэта адбылося ў ноч з 14 на 15 мая 1943 года каля ельскай  вёскі Рамязы. Славацкі атрад прымаў удзел у знішчэнні фашысцкага гарнізона восенню 1943-га ў Давыд-Гарадку. Савецкі генерал-маёр Аляксандр Сабураў аддаў загад аб стварэнні чэхаславацкага партызанскага атрада, камандзірам якога быў прызначаны капітан Ян Налепка, які меў падпольнае прозвішча Рэпкін. Яго атрад неаднаразова вызначаўся ў баях з нямецка-фашысцкімі захопнікамі. Прымаючы ўдзел са сваім атрадам у Кіеўскай наступальнай аперацыі, восенню 1943 года Ян Налепка загінуў у баі за вызваленне ўкраінскага горада Оўруча. Там яму ўсталяваны помнік. А як адзначаны гераізм славака на Ельшчыне?

— У райцэнтры на памятным камені выбіта прозвішча Героя Савецкага Саюза Яна Налепкі. Колькі жыву, буду ўдзячна мужнаму выратавальніку нашай сям’і. У нашых вёсках старажылы расказвалі пра гераізм славака ў час акупацыі фашыстамі Палесся. У гонар яго названа вуліца ў Ельску.

— Вольга Міхайлаўна, ваша дзяцінства выпала на ваеннае ліхалецце. Што больш запомнілася з перажытага ў той час?

— Дэталі, якія чамусьці моцна аселі ў маёй памяці. Калі бацька забраў мяне з падводы і павёў далей у лясны гушчар, дзе мы нечакана сустрэліся са старэйшымі братамі Пецем і Мішам, сёстрамі Ганнай і Марыяй, якія прыгналі ў лес кароў. Бацька абрадаваўся, што яны засталіся жывымі. Жывёлу пагналі да партызанскай стаянкі. Помніцца, як пераходзілі з бацькам дарогу і ён моцна трымаў мяне за руку і ўсё азіраўся, каб ніхто нас не ўбачыў. Страху я не адчувала, бо побач быў бацька.

У лесе мы зімавалі. Запомнілася, як стаянку выведалі паліцаі з вёскі Скароднае і акружылі. Пад канвоем павялі нас па балоце на востраў. Маці на руках несла маленькага браціка, а я трымалася за яе спадніцу і пераскоквала па купаўю. На адну надта высокую купіну не магла ўзлезці, і нямецкі салдат, што гнаў нас, прыкладам аўтамата балюча біў мяне па плячах. На востраве ахоўнікі аддзялілі дзяцей ад бацькоў і асобна вылучылі маладых. Я моцна ўчапілася за спадніцу маці. Гітлеравец схапіў мяне і адштурхнуў у бок да гурту дзяцей. Насупраць стаялі кулямёты. Мне было ўсяго дзесяць гадкоў, але разумела, што застаюцца апошнія хвіліны жыцця. Моцна плакала і глядзела ў бок, дзе сярод натоўпу стаяла маці з брацікам на руках. Да кулямётчыкаў падышоў адзін з гітлераўцаў і нешта шапнуў. Усе напружана чакалі, што будзе. Паступіў загад рухацца па балоту. Так я зноў апынулася каля маці. Яна несла на руках Толіка і за плячамі ў яе быў скрутак, дзе ляжалі дзве прыгожыя хусткі, загорнутыя ў лістоўкі. Гэтыя лістоўкі кідалі з неба савецкія самалёты і маці іх знайшла на балоце.

Нас прыгналі ў спаленую родную вёску Белякі, на краі якой стаяў уцалелы недабудаваны вялікі хлеў, у яго нас заганялі. Маці перад уваходам у хлеў прысела, быццам стамілася, і зарыла ў зямлю скрутак з хусткамі і лістоўкамі. Гітлераўцы гэта не заўважылі. 

Амаль суткі мы нічога не елі. Кожнаму далі па кавалачку чорнага хлеба. Прымусілі накасіць жыта і пасцяліць у хляве. Там пад зорным небам начавалі. На досвітку загадалі сядаць на падводы і павезлі ў напрамку вёскі Кочышча, а адтуль пешшу пагналі далей. Ва ўрочышчы Жукі, дзе цяпер стаіць помнік ахвярам вайны, у кожнага пыталі прозвішча. Дакументаў ні ў каго не было. Мама з намі прайшла як Бабіч, а бабуля назвалася дзедавым прозвішчам Агрыпіна Прыміна, і яе адлучылі. Нехта акупантам данёс, што Рыгор Прымін — савецкі афіцэр. На нашых вачах бабулю Агрыпіну і некаторых іншых землякоў фашысты расстралялі. 

Па бальшаку нас пагналі ў Ельск, дзе накіравалі за калючую агароджу яўрэйскага гета. Некалькі дзён правялі там. Нямецкі афіцэр дазволіў, у каго ёсць сваякі паблізу, перадаць ім, каб пазабіралі да сябе. Мы ўзгадалі бацькаву пляменніцу з вёскі Чырвоны Пільшчык. Праз людзей наказалі, каб прыйшла. А яна ў той дзень пасвіла кароў, таму з’явілася наступнай раніцай, як нас пагрузілі ў вагон, але нікога ўжо не выпускалі. Некалькі дзён везлі невядома куды. На нейкай станцыі перасаджваліся ў іншы састаў. Сястру Марыю і іншых маладых людзей забралі на працу ў Нямеччыну. Каб не памерці ад голаду, на прыпынках прасілі ежу ў людзей. Украінцы частавалі кавунамі. Састаў прыбыў у Мікалаеўскую вобласць, дзе вяліся жорсткія баі. Там ні лесу, ні балот, няма дзе схавацца. Жылі па сем’ях. 

— Вайна, арышты, пераезды. Вучыцца ў гэты час вам не давялося?

— Да вайны мне не хапала яшчэ года да школы, але разам са старэйшаю сястрою Марыяй і братам Мішай хадзіла ў Белякоўскую пачатковую школу. Сядзела на ўроках за партай і слухала настаўніцу. А ў ліхалецце не да вучобы было. Думалі, як выжыць. Калі вораг вымушана адступаў пад націскам нашых войскаў, сталі збірацца з Мікалаеўшчыны дамоў. Ад бацькоў чула, што лепш на радзіме памерці, чым на чужыне мучыцца. Таварняком адправіліся ў зваротны шлях. Летам 1944 года дабраліся да Калінкавічаў, а побач яшчэ фронт стаяў. З чыгуначнай станцыі чуліся выбухі снарадаў. Па мазырскаму масту праз Прыпяць пешшу пакрочылі ў родныя мясціны. На падворку тырчэў цагляны комін. Вырылі зямлянку. Па бервяну цягалі з лесу алешыны і склалі хатку. Бацькі радаваліся, што жывымі засталіся. Меншаму браціку Толіку ішоў чацвёрты гадок. З Нямеччыны вярнулася старэйшая сястра Марыя і пайшла працаваць у адноўлены калгас імя Калініна.

— Пачаліся заняткі ў школах. Вам ішоў адзінаццаты год. У які клас вас залічылі?

— Разам з іншымі пераросткамі з азоў засвойвалі буквар. Лёгка даваліся ўрокі чытання і арыфметыкі. Любіла ўрокі працы. Лепшай вучаніцай была ў Кочышчанскай сямігодцы. За сем кіламетраў штодзённа хадзілі туды на заняткі. Мне на пошце даверылі насіць у Белякова газеты, часопісы, пісьмы і хіну.

— А гэта што такое?

— Так называлі жоўтыя таблеткі, якія пасля вайны раздавалі бясплатна вясковым жыхарам Палесся. Прынясу дамоў пошту і перад тым, як разнесці па адрасатах, перагляджу выданні. Больш усяго выпісвалі вяскоўцы “Колхозную правду”. Наша сям’я таксама стала яе падпісчыкам. Запала газета ў маё сэрца. Зачытвалася матэрыяламі пра аднаўленне беларускіх вёсак. Цікавілася жыццём вясковай моладзі, перадавікоў вытворчасці. Запаў у памяць матэрыял пра партызана Кузьму Шаплыку, які ўзначаліў любанскі калгас у Сарачах. Кожны нумар газеты быў па-свойму адмысловы. Пра вопыт вырошчвання как-сагызу, лёну, збожжа расказвалі журналісты. Друкаваліся партрэты перадавікоў сельгасвытворчасці, сярод якіх з прыемнасцю радавалася за сваіх землякоў з Ельскага раёна. Сама  пасля заканчэння на выдатна сямігодкі планавала паступіць у Калінкавіцкі сельгастэхнікум на агранома. Але моцна захварэла маці, і я амаль восем гадоў яе выходжвала. Сястра Марыя выйшла замуж і перабралася ў суседнюю вёску Дабрынь. Браты таксама раз’ехаліся. Самы малодшы Анатоль адслужыў армію і старэйшы брат Міхаіл забраў яго ў Крым. 

Працу ў калгасе імя Калініна пачынала з паляводчай брыгады, а потым перайшла ўчотчыкам на жывёлагадоўчую ферму. У чырвоным кутку заўсёды можна было пачытаць свежыя выданні. Журналісты “Колхозной правды”, а потым ужо “Сельской газеты” расказвалі пра вытворчыя поспехі перадавой даяркі Лідзіі Асіюк з Брэстчыны. Праз газету ведалі мы пра справы вілейскага саўгаса “Любань”, які ўзначальваў Герой Сацыялістычнай Працы Яўген Мірановіч, пра дасягненні жывёлаводаў віцебскай гаспадаркі імя Чырвонай Арміі, якою кіраваў таксама Герой Сацыялістычнай Працы Міхаіл Кац, пра новыя фермы племзавода “Чырвоная Зорка” Клецкага раёна, перадавы вопыт высокіх ураджаяў збожжавых і цукровых буракоў пінскага калгаса “Аснежыцкі”. Па-ранейшаму наша сям’я выпісвала “Сельскую газету”. Яе любіла чытаць хворая маці. Пасля працы спяшалася да яе. На ферме ездавым працаваў і бацька. Сяброўкі-аднагодкі вечары праводзілі ў вясковым клубе, з кавалерамі, а я такой магчымасці не мела.

— І вучыцца не атрымалася? 

— Па накіраванні ельскага калгаса імя Калініна закончыла ў Калінкавічах курсы асемяняльнікаў. Некалькі гадоў працавала ў гаспадарцы на ферме. За старанне атрымлівала прэміі, падзякі ад кіраўніцтва. Прапаноўвалі кватэру і працу ў суседняй вёсцы Старое Сяло. 

Як бацькоў не стала, пераехала да стрыечнай сястры Вольгі ў райцэнтр і ўладкавалася паштальёнам. Пяць гадоў разносіла пошту. У Ельску многія выпісвалі галоўную сялянскую газету. У мяне была магчымасць чытаць яе на пошце, але па-ранейшаму выпісвала. І нават калі поўнасцю перакваліфікавалася ў сувязіста, не парывала з выданнем, дзе столькі рознай інфармацыі. Шмат падпісчыкаў было і ў паштовых аддзяленнях Санюкі, Валаўск, Забоззе, Чырвоны Пільшчык, дзе замяняла загадчыкаў на перыяд іх адпачынку. Пасля заканчэння спецыяльных курсаў у Гомелі стала працаваць аператарам Ельскага раённага вузла сувязі, дзе праз мае рукі праходзілі вялікія сумы грошай. На сартыроўцы адпраўляла штодзённа па 600—800 пасылак з раёна. Транспарцёрам грузілі іх на аўтамашыны і дастаўлялі на чыгуначную станцыю Калінкавічы. Пасля выхаду на пенсію яшчэ тры гады кіраўніцтва не адпускала мяне з раённага вузла сувязі. Вучыла маладых аператарскай справе. Праца на пошце даволі адказная, а цяпер яшчэ стала і рызыкоўнай. Вельмі ўзрушыў матэрыял у “Сельской газете” пра забойства маладой паштальёнкі ў Петрыкаўскім раёне. Доўга не магла супакоіцца. Узгадвала, як праз мае рукі столькі грошай праходзіла і ніякіх замахаў не было. У грамадстве панаваў спакой. Ужо больш як дваццаць гадоў на пенсіі, але не парываю сувязі са сваім калектывам.

— Вольга Міхайлаўна, столькі гадоў выпісваеце газету. Чым яна вас так трымае?

— Таленавітымі журналістамі. Як цудоўна пісала пра вясковых людзей журналіст Іна Міцкевіч! Іскрынкі яе таленту заўважаю ў сённяшніх маладых журналістаў Таццяны Усковай, Наталлі Барысавец, Таццяны Бізюк, Юліі Бальшаковай. Дарагая майму сэрцу кожная сустрэча з імі на старонках газеты. Любіла чытаць фельетоны Уладзіміра Альгерчыка. Цікава і з густам пра вяскоўцаў у розныя гады пісалі Святлана Кліменценка, Віктар Леганькоў, Аляксандр Цількоў, Аляксандр Градзюшка. А як чакалі ў вёсцы чарговай “Пошты Дзеда Міхеда”, дзе высмейваліся недахопы, указваліся адрасы безгаспадарлівасці, падману. На жаль, знікла рубрыка. Апошнім часам не так часта друкуюцца крытычныя матэрыялы. Але шмат новага з’явілася ў любімай газеце, з якою не расстаюся. Падпісваюся штомесячна, бо адразу аплочваць на большы тэрмін з маёй пенсіяй цяжкавата. Люблю знаёміцца з карэспандэнцыямі Аляксандра Курца і Уладзіміра Сауліча. Яны ўмеюць знаходзіць цікавыя факты і захапляльна расказваць. 

Са старонак газеты ведаю пра сённяшняе жыццё беларускай вёскі, традыцыі і звычаі розных куткоў. Дадаткі “Сельчанка” і “Каласок” збіраю і захоўваю. Яны вельмі карысныя.

— На сцяне ў вашай кватэры прымацаваны гадавы каляндар, выдадзены “Сельской газетой”. Па ім адлічваеце дні?

— Зручна, што ў навагоднім нумары змясцілі. Газета для мяне, як верная сяброўка. Аўторак, чацвер і субота прыносяць сустрэчу з ёю. Мой муж Сцяпан Дайняка любіў таксама пагартаць газетныя старонкі. Мала выпала пажыць нам разам. Усяго чатыры гады. Сцяпан працаваў трактарыстам у саўгасе “Ельскі”, і яго партрэты друкаваліся ў раённай газеце. Атрымліваў граматы і грашовыя прэміі за старанную працу. Пазнаёміліся выпадкова. Разам ехалі ў аўтобусе. А праз некалькі дзён вяртаюся з працы, а каля дома стаіць трактар  Сцяпана. Ен прывёз свае рэчы да мяне. Так і застаўся. Дзеці яго Пётр і Ганна падружыліся са мною. Але гэта ўсё ў мінулым... Цяпер жыву адна ў кватэры, якую атрымала ад раённага вузла сувязі. Дзякуючы газеце ад грамадскага жыцця не адарвана.

— Як бавіце час на пенсіі?

— Удзячна Богу, што падарыў здароўе і магчымасць рукамі перабіраць зямельку на дзевяці сотках каля дома. Ад бацькоў спадчынная цяга да зямлі, якая дорыць мне настрой, жаданне, вырошчваю розныя кветкі, без якіх свайго жыцця не ўяўляю. Бульба тут не надта родзіць, таму ў маім агародзе пануюць кветкі.

— Здароўя вам, паважаная Вольга Міхайлаўна, і вялікі дзякуй ад усяго нашага працоўнага калектыву за паўвекавую вернасць “Сельской газете”. 

Уладзімір СУБАТ

Ельскі раён

Фота аўтара і з сямейнага архіва Вольгі БАБІЧ
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter
Версия для печати
Заполните форму или Авторизуйтесь
 
*
 
 
 
*
 
Написать сообщение …Загрузить файлы?