Лётчык-герой Дзмітрый Аскаленка

Памяць пра ўраджэнца Быхаўскага раёна, Героя Савецкага Саюза ўшанавана ў Санкт-Пецярбурзе. Памятаюць пра суайчынніка і ў Беларусі.
Памяць пра ўраджэнца Быхаўскага раёна, Героя Савецкага Саюза ўшанавана ў Санкт-Пецярбурзе. Памятаюць пра суайчынніка і ў Беларусі.


Лётчык Дзмітрый Аскаленка

Восенню ў Санкт-Пецярбурзе прайшлі Дні Мінска, і будзе дарэчы расказаць пра героя, імя якога яднае гэтыя гарады. У Прыморскім раёне Санкт-Пецярбурга адна з вуліц носіць імя франтавога лётчыка-знішчальніка, Героя Савецкага Саюза Аляксандра Савушкіна. Едучы па ёй на грамадскім транспарце, і мне даводзіцца чуць: “Наступны прыпынак — вуліца Аскаленкі”. Чыё ж гэта імя ўшанавана, чым чалавек заслужыў такі ​​гонар? Заглянуў у інтэрнэт. Аказваецца, Дзмітрый Аскаленка — наш зямляк-беларус. Быў у гады вайны лётчыкам-знішчальнікам, ваяваў і загінуў на Ленінградскім фронце. За мужнасць і адвагу, праяўленыя ў баях з нямецкімі захопнікамі, ганараваны ардэнамі Чырвонага Сцяга і Чырвонай Зоркі, званнем Героя Савецкага Саюза. А нарадзіўся герой 7 лістапада 1920 года ў вёсцы Следзюкі Быхаўскага раёна Магілёўшчыны. Вучыўся ў школе, закончыў тры курсы Мінскага палітэхнікума.

На тым грамадзянскае жыццё Дзмітрыя і завяршылася. З 1937 года ён — у Чырвонай арміі. У 39-м закончыў Ленінградскае ваеннае авіяцыйна-тэхнічнае вучылішча. Удзельнічаў у Савецка-фінскай вайне 1939-40 гадоў: быў авіятэхнікам. У 41-м, пасля заканчэння Качынскай ваеннай авіяшколы пілотаў, прыбыў у Ленінградскую ваенную акругу. Служыў у знішчальных авіяпалках, якія ўваходзілі ў 7-ы знішчальны авіякорпус СПА Ленінграда. Адным з першых асвоіў тэхніку пілатавання і тактыку начных палётаў. У паветраным баі атрымаў раненне.

Дзмітрый, як і я, родам з Беларусі, ды і вучыўся ў Мінскім палітэхнікуме, у якім пасля вайны, праз тры дзесяцігоддзі пасля яго, і я спасцігаў асновы спецыяльнасці оптыка-механіка. Імкненне больш даведацца пра супляменніка прывяло мяне ў 53-ю школу Прыморскага раёна. Раней славілася яна музеем, прысвечаным Дзмітрыю Аскаленку, аднак быў капрамонт, і музей зліквідавалі. Потым па ініцыятыве школьнага псіхолага Галіны Васільеўны Садоўскай (раней — старшая піянерважатая) ён адрадзіўся. Да справы далучыліся дырэктар школы Лізавета Аляксееўна Бадзенская, гісторык, і яе намесніца Алена Алегаўна Максімава. Кіруе музеем настаўніца гісторыі і грамадазнаўства Валянціна Арсенцьеўна Багданава, і ўжо напрыканцы 2006-га прайшлі ў адноўленым музеі першыя экскурсіі.


Фрагмент з узнагароднага дакумента

У прызначаны час я ў школе, пазнаёміліся з загадчыцай музея. Валянціна Арсенцьеўна патлумачыла: хоць цяпер гэта “Музей Старой и Новой деревни”, у ім ёсць раздзел, пры­свечаны беларусу Дзмітрыю Аскаленку. На стэндах — фатаграфіі героя, яго сваякоў і аднавяскоўцаў, ветэранаў 26-га гвардзейскага знішчальнага палка, у якім ён праходзіў службу, копіі дакументаў. Ёсць рукапісная справаздача дэлегацыі піянераў пра паездку на радзіму лётчыка. Вось копія ўзнагароднага ліста ад 4 чэрвеня 1942 года: часова выконваючы абавязкі кампалка маёр Гарохаў і ваенны камісар Разніцкі хадайнічаюць аб прысваенні камандзіру звяна, старшаму лейтэнанту Дзмітрыю Аскаленку звання Героя Савецкага Саюза. Расказана пра баявыя справы афіцэра. За 11 месяцаў вайны ён здзейсніў 197 баявых вылетаў з агульным налётам каля 190 гадзін: прыкрываў войскі, штурмаваў перадавыя пазіцыі, артбатарэі, танкавыя і аўтакалоны праціўніка. 25 жніўня 41-га Дзмітрый удзельнічаў у налёце на нямецкі аэрадром, знішчана 48 бамбардзіроўшчыкаў. Адзін з самалётаў Аскаленка збіў на ўзлёце. Прыводзяцца іншыя эпізоды баявой дзейнасці лётчыка-знішчальніка: на той час на рахунку Дзмітрыя — 10 збітых самалётаў. Праз два дні ўзнагародны ліст лёг на стол камандзіра 7-га знішчальнага авіякорпуса палкоўніка Ярлыкіна. Штабісты надрукавалі тэкст на машынцы, і там — удакладненне: збітых самалётаў на рахунку беларуса ўжо 12.

Пакуль ліст ідзе “наверх”, старлей Аскаленка ўжо — намеснік камандзіра авіяэскадрыллі ў званні капітана. Актыўна абараняе ленінградскае неба. І вось — 26 верасня 1942 года. Капітан выконваў баявое заданне. У раёне вёскі Манушкіна на яго самалёт напалі 9 знішчальнікаў і падбілі ў першыя хвіліны бою. Дзмітрый пакінуў палаючы самалёт на вышыні, недастатковай для раскрыцця парашута. Пра гібель пілота сведчыць запіс № 4 у спісе беззваротных страт 7-га авіякорпуса за перыяд з 20 верасня па 1 кастрычніка: “26.9.42 г. загінуў у паветраным баі”. У музеі ёсць копія Указа Прэзідыума ВС СССР ад 14 лютага 1943 года аб прысваенні званняў Герояў, там пад №9 значыцца прозвішча старшага лейтэнанта Аскаленкі, прычым без слова “пасмяротна”. Пэўна, пра змены ў яго службовым становішчы і гібель ніхто ў Вярхоўны Савет СССР не паведамляў. За 15 месяцаў вайны капітан Аскаленка выканаў 230 баявых вылетаў, правёў 30 паветраных баёў, у якіх збіў 14 самалётаў суперніка асабіста і тры — у складзе групы. Пахаваны беларускі хлопец у брацкай магіле ў пасёлку Неўская Дуброўка Ленінградскай вобласці.


Стэла ў гонар лётчыкаў-Герояў у Санкт-Пецярбурзе

У музеі ёсць яшчэ адзін дакумент. У ім Валянціна Багданава арганічна злучыла ўрыўкі з франтавых лістоў Дзмітрыя Аскаленкі да дзяўчыны Ніны з тэкстам з узнагароднага ліста. Заслугоўвае ўвагі справаздача піянераў школы пра паездку на радзіму Дзмітрыя ў 1966 годзе. Там іх сустрэлі як родных не толькі бацькі Дзмітрыя, але і ўсе вяскоўцы, кіраўніцтва калгасу і раёна. Дарэчы, школьная піянерская дружына імя Дзмітрыя Аскаленкі некалькіх гадоў займала правы фланг у страі піянерыі Ленінграда. Імя Героя-лётчыка было для школьнікаў важным стымулам, каб ва ўсім быць “на вышыні”. І цяпер у 53-й школе прадаўжаюць добрыя традыцыі, прычым каля 25 працэнтаў настаўнікаў — выпускнікі школы. Гэта па хадайніцтве калектыву школы ў 1965-м імя Дзмітрыя Аскаленкі было прысвоена адной з бліжэйшых вуліц. Цяпер імем Героя названы вуліца ў Быхаве, плошчы ў пасёлку Неўская Дуброўка і ў вёсцы Следзюкі. На будынку школы ў Следзюках, дзе ён вучыўся, устаноўлена мемарыяльная дошка.

У Санкт-Пецярбурзе да сцяны дома № 4 па вуліцы Аскаленкі прымацавана мармуровая пліта са словамі: “Герой Савецкага Саюза Аскаленка Дзмітрый Яўхімавіч. 1920—1942. Слаўны абаронца ленінградскага неба. Загінуў у паветраным баі пад Неўскай Дуброўкай”. У тым раёне на вуліцы Савушкіна паміж дамамі 64 і 66 усталяваная памятная стэла ў гонар Герояў Савецкага Саюза лётчыкаў-знішчальнікаў Дзмітрыя Аскаленкі, Пятра Покрышава (двойчы Герой), Аляксандра Савушкіна. Пасля гібелі беларуса яго імя стала насіць эскадрылля 26-га гвардзейскага знішчальнага авіяпалка, у якой ён служыў. Пра тое сведчыць нататка, апублікаваная ў газеце “Красная звезда” ад 18 снежня 1942 года. За гады вайны званне Героя атрымалі 9 лётчыкаў з тае часці, у ёй служыў і савецкі касманаўт №2 Герман Цітоў. У паваенны час 26-ы авіяполк быў у складзе Ленінградскай ваеннай акругі, у 1986-м у поўным складзе перадыслакаваны ў раён Хабараўска. У далейшым часць атрымала новую тэхніку і памяняла найменне: стала авіяпалком знішчальнікаў-бамбавікоў.

Цяпер кіраўніцтва 53-й школы мае намер хадайнічаць аб прысваенні ёй імя Героя Савецкага Саюза Дзмітрыя Аскаленкі. Сёлета незадоўга да Дня Перамогі я накіраваў фатаграфію Героя і аповед пра яго ў Мінскі палітэхнічны каледж (праспект Незалежнасці, 85) — правапераемнік тэхнікума, у якім вучыўся Дзмітрый. Дарэчы, у 60-я гады, калі я быў яго навучэнцам, анічога не нагадвала там пра Героя.  Не было мемарыяльнай дошкі ля ўваходу ў каледж і пяць гадоў таму, калі сустракаліся аднакашнікі нашай 239-й групы з нагоды 40-годдзя выпуску. І вось сувязь у нас з кіраўніцтвам каледжа адладжана. Спадзяюся, нам супольна ўдасца ўшанаваць памяць пра Героя і ў Мінску, наладзіць сяброўскія сувязі між Палітэхнічным каледжам Мінска і 53-й школай Санкт-Пецярбурга.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter