Лёс — з чыстага лiста

Сітуацыя ў Данецкай і Луганскай абласцях Украіны прымусіла многіх людзей з тутэйшых месцаў пакінуць свае дамы і адправіцца ў іншыя рэгіёны.
Сітуацыя ў Данецкай і Луганскай абласцях Украіны прымусіла многіх людзей з тутэйшых месцаў пакінуць свае дамы і адправіцца ў іншыя рэгіёны. Для сотняў сем’яў добрым прыстанкам стала Гомельская вобласць Беларусі, якая прыняла адной з першых перасяленцаў-суседзяў як сваіх. Жыллё, работа, медыцынская дапамога, дзіцячыя сады і школы — гэтыя магчымасці сталі тут даступныя ўкраінцам практычна нароўні з мясцовымі жыхарамі.



 Першыя патокі перасяленцаў на Гомельшчыну хлынулі ў пачатку мінулага года. Улетку і ўвосень — па меры абвастрэння супрацьстаяння на ўсходзе Украіны — яны толькі ўзмацняліся. Дзясяткі сем’яў штодня прыязджалі ў абласны цэнтр, каб хутчэй забыць пра вайну і знайсці новы пункт апоры. Пажылыя людзі, маладыя бацькі з маленькімі дзецьмі, цяжарныя жанчыны… У такія дні давялося апынуцца ў Гомельскім гарадскім цэнтры сацыяльнага абслугоўвання сям’і і дзяцей, дзе першымі пачалі прымаць вымушаных мігрантаў. Работнікі-старажылы сваіх эмоцый не хавалі:

— Колькі працуем, ніколі такога наплыву не было. Нават падумаць не маглі, што дапамагаць прыйдзецца суседзям з Украіны. 

Зрэшты, у Беларусі ў цэлым і ў Гомелі ў прыватнасці арыентаваліся хутка. Літаральна ў першыя месяцы мясцовыя ўлады ў супрацоўніцтве з абласной арганізацыяй Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа стварылі міжведамасную камісію, якая каардынавала работу. У ёй свае намаганні засяродзілі прадстаўнікі практычна ўсіх служб, здольныя дапамагчы. Расказвае старшыня абласной арганізацыі Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа Ала Смаляк:

— Людзі кінулі свае дамы і прыехалі, па сутнасці, у чым былі. Таму была патрэбна любая дапамога: ад працы і жылля — да прадуктаў харчавання і вопраткі. Цяпер ў Гомельскай вобласці жыве каля 5 тысяч украінскіх перасяленцаў, у тым ліку 550 дзяцей у асноўным школьнага ўзросту. Наш абавязак — даць ім магчымасць пагутарыць, пазнаёміцца. Падарыць сапраўднае навагодняе свята, якое яны, на жаль, не змаглі сустрэць дома. 



 Алгарытм дзеянняў быў зразумелы. У мясцовай міграцыйнай службе дапамагаюць з рэгістрацыяй у населеных пунктах. На сайце аблвыканкама можна знайсці вакансіі з жыллём, у асноўным на вёсцы. У школы і дзіцячыя сады бяруць без праблем. Дарэчы, сфера адукацыі дапамагае і ў працаўладкаванні. Свой прыклад прывёў начальнік упраўлення адукацыі аблвыканкама Сяргей Парошын:

— З ліку прыезджых да нас звярнулася настаўніца гісторыі. Прапанавалі весці групу падоўжанага дня. Педагог ахвотна пагадзілася. І падобны выпадак не адзіны. 

У Гомельскім гарадскім цэнтры сацыяльнага абслугоўвання сям’і і дзяцей прыводзяць падрабязнасці са сваіх будняў. На заклік аб дапамозе ўкраінскім перасяленцам гамяльчане адгукнуліся вельмі жыва. Адны прапаноўваюць дах над галавой, другія пералічваюць на дабрачынны рахунак ахвяраванні, трэція прыносяць прадукты харчавання і адзенне.

— Была ў нас сям’я з Луганскай вобласці. Дык вось, знайшлі ім працу і жыллё ў Добрушскім раёне. Дом выдатны. Ды толькі мэблі зусім няма. Кінулі кліч сярод людзей. Што вы думаеце, прывезлі ім усю абстаноўку: і мяккую мэблю, і шафы, і бытавую тэхніку. Вось так усім светам уладкавалі жыццё сям’і.

Паміж мінулым і будучыняй

З сям’ёй Новікавых з горада Харцызк Данецкай вобласці давялося пазнаёміцца тут жа — у цэнтры сацыяльнага абслугоўвання. Так атрымалася, што літаральна на парозе перасекліся ў дзень іх прыезду ў Гомель. Бацькі Алена і Генадзь з трыма дзецьмі — 9-месячнай дачкой, сынамі 5 і 8 гадоў — выглядалі змучанымі. Цяжкая дарога, поўная невядомасць наперадзе. Алена са слязьмі на вачах расказвала аб тым, што засталося ў мінулым:

— Раней у нас мара была — мець свой дом, дзяцей. Мара ажыццявілася: у нас двое хлопчыкаў і дзяўчынка — у кожнага свой пакой. Жыві і радуйся... Таму, калі ўсё пачалося, цярпелі да апошняга. Мы ніколі адтуль не з’ехалі б: муж — шахцёр, яму два гады заставалася да пенсіі, я — фармацэўт. Усё ў нас было — і праца, і дом. Мы — працавіты народ, ні ад кога нічога не хацелі. Мы проста жылі, як нармальныя людзі. Імкнуліся ўсё гэта захаваць — і вось у адзін момант усяго пазбавіліся. Калі ад’язджалі — гул чулі, танкі ўжо да горада падыходзілі. У мяне маці з татам там засталіся. Перыядычна звязваемся. Яны гавораць: вокны скотчам абклейваюць як у вайну, пяском абкладваюцца. Страшна. Звароту, мабыць, няма. 

 Жыхарка Данецка Вольга Іўчанка, якая працавала ў сферы нерухомасці, таксама прыехала ў Гомель з роднымі. Усяго іх пяцёра, уключаючы і састарэлую бабулю:

— Бабуля наша яшчэ гаварыла: “Я застануся, я застануся”. Але калі ўба­чыла, як абстрэльваюць дамы з мінамёта… Адзін такі дом на вачах абрушыўся падчас абстрэлу: загінула ўся сям’я. Калі мы ад’язджалі з Данецка, цягнік ледзьве ішоў — вагоны трэсла. Гэта зямля ад выбухаў дрыжала. Сядзелі і думалі: “Паспеем ад’ехаць або не?”. У Данецку ў мяне была свая фірма, я вучылася на юрыста…
 Сотні гісторый, тысячы біяграфічных скрыжаванняў. Але жыццё паступова наладжваецца ў Беларусі і ў тых, хто ў лепшае ўжо не верыў. Новікавы, напрыклад, атрымалі прапанову пераехаць у Рэчыцкі раён, дзе ёсць добрая праца для мужа і добры дом для вялікай сям’і. Вольга Іўчанка і яе блізкія змаглі размясціцца ў праваслаўным жаночым манастыры. З’явіліся і варыянты працаўладкавання. 

 Дарэчы, шматлікія прадпрыемствы Гомеля і раённых цэнтраў ахвотна прадастаўляюць працу перасяленцам з Данецкай і Луганскай абласцей. Заканадаўчых перашкод для гэтага няма. У іх ліку — швейныя прадпрыемствы “8 Сакавіка” і “Камінтэрн”, кандытарская фабрыка “Спартак” і дрэваапрацоўчае прадпрыемства “Гомельдрэў”. У апошнім, напрыклад, працу і жыллё атрымалі каля 30 сем’яў. У дырэкцыі расказваюць, як гэта было:

— У нас прадпрыемства буйное. Ёсць вакансіі. Маем і ведамасны інтэрнат. Так што максімальна забяспечылі перасяленцаў сваім жыллём. Дапамаглі і мясцовыя ўлады, вылучыўшы некалькі службовых кватэр. Сацыяльны пакет аднолькавы як для мясцовых жыхароў, так і для тых, хто да нас прыехаў з зоны канфлікту. Як і належыць, медыцынскае абслугоўванне, выплаты, дапамога дзецям, навагоднія падарункі.

Хай будзе мірным Новы год!

У Навагоднія і Калядныя святы ў Белавежскай пушчы, што ў Брэсцкай вобласці, шматлюдна. Бо гэта рэзідэнцыя беларускага Дзеда Мароза. Але сюды не толькі прыязджаюць дзеткі з розных куткоў краіны, але і пішуць пісьмы з самымі запаветнымі жаданнямі. Адно з такіх даслалі сёстры, якія пераехалі з Данецка ў Гомель: 

“Добры дзень, Дзядуля Мароз! Табе пішуць Віялета (15 гадоў) і Маша (6 гадоў). Мы з Данецка, але на дадзены момант пражываем у Гомелі. Галоўны падарунак, які мы хочам папрасіць — хутчэй вярнуцца дадому, каб настаў мір”.

Віялета Дралюк
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter