«Лёс рэзідэнта»

Анатолій Мукасей наведаў радзіму свайго бацькі на Случчыне

У час кiнафестывалю народны артыст Расіі Анатолій Мукасей наведаў радзіму свайго легендарнага бацькі на Случчыне

Адным з гасцей ХХ Мінскага Міжнароднага кінафестывалю «Лістапад» стаў вядомы кінааператар, народны артыст Расіі Анатолій Мукасей, гэта ён зняў праслаўленыя стужкі «Сцеражыся аўтамабіля», «Вялікі перапынак», «Чучала», «Па сямейных абставінах», «Дайце кнігу скаргаў», «Віват, гардэмарыны!» і многія іншыя. У Мінск Анатолій Міхайлавіч прыехаў без жонкі — знакамітай актрысы і рэжысёра Святланы Дружынінай, але са старэйшай сястрой і сынам, дарэчы, таксама кінааператарам. У час «Лістапада» разам яны наведалі Случчыну.

Тут, у вёсцы Замосце, — ра-дзіма іх бацькі і дзеда, легендарнага разведчыка-нелегала Мі-хаіла Ісаакавіча Мукасея.

З 1939 года разам з жонкай Елізаветай Іванаўнай на працягу 25 гадоў яны былі рэзідэнтамі савецкай разведкі, спачатку ў ЗША, у Лос-Анджэлесе, пасля — у краінах Еўропы, працуючы пад псеўданімамі Зефір і Эльза. У СССР Мукасеі вярнуліся ў 1970-х, за ўвесь час разведвальнай дзейнасці на іх рахунку не было ніводнага «праколу». Інфармацыя, якая ішла ад іх у Маскву, была актуальнай, важнай, каштоўнай і надзейнай.

Унікальная гісторыя знакамітай сямейнай пары легла ў аснову дакументальных тэлефільмаў «Лёс рэзідэнта. Аперацыя «Галівуд» і «Лёс рэзідэнта. Аперацыя «Еўропа» праекта АНТ «Зваротны адлік». У час «Лістапада» карціну прэзентавалі на вялікім экране сталічнага Дома кіно. У зале прысутнічалі і маскоўскія госці — родныя Міхаіла і Елізаветы Мукасей. Пасля прагляду сын легендарных разведчыкаў адказаў на пытанні кінагледачоў.

— Анатолій Міхайлавіч, вашы бацькі жылі ва ўмовах пастаяннага напружання, стрэсу, але, нягледзячы на гэта, абодва аказаліся доўгажыхарамі: Міхаіл Ісаакавіч пайшоў з жыцця на 102-м годзе, Елізавета Іванаўна — на 98-м. У чым, на вашу думку, сакрэт даўгалецця?

— Ведаеце, нават ужо ў пажылым узросце напружанне іх не пакідала. Напрыклад, сядзім усе дома, і раптам званок тэлефона ці ў дзверы. Яны тут жа ўскоквалі. У іх бы нейкі запал спрацоўваў, яны быццам увесь час чакалі непрыемнасцей. Але ж вось пражылі. Магчыма, гены. Але, думаю, дапамагло яшчэ вось што. Яны не бачылі нас, сваіх дзяцей, на працягу практычна 25 гадоў, прыяз-джалі на 3—4 дні раз у год ці ў тры. Думаю, Бог так распара-дзіўся, каб хаця б апошнія 20—30 гадоў свайго жыцця яны былі з намі разам, усёй сям’ёй.

Мяркую, пэўную ролю адыгралі і наступныя абставіны. Пасля вяртання ў СССР бацькі засталіся без сваёй звычайнай справы. Сэнс жыцця з’явіўся, калі адкрылі іх імёны. Яны сталі запатрабаванымі, пачалі пісаць кнігу ўспамінаў, імі зацікавіліся журналісты. Раней жа ўся інфармацыя пра іх была засакрэчана. А пачалося ўсё з таго, што, выступаючы па тэлебачанні, я неяк ляпнуў, маўляў, мае бацькі былі разведчыкамі-нелегаламі. На наступны ж дзень — званок з камітэта: «Толя, ці ты з глузду з’ехаў? Цябе ж папярэджвалі». А я некалі звяртаўся ў адпаведныя органы за дазволам расказаць пра колішнюю дзейнасць бацькоў. Мне адказалі, што можна будзе толькі праз 150 гадоў. Тым часам услед за мной Святлана па тэлебачанні зноў узгадала сям’ю разведчыкаў Мукасей. Так і пайшла пагалоска. Праўда, расказваць нам дазволілі толькі пра Амерыку і не больш. Хаця 90 працэнтаў з таго, што яны рабілі, нават мы, сям’я, пакуль не ведаем.

— Імёны многіх савецкіх разведчыкаў ужо даўно вядомыя. Чаму пра Мукасеяў, чыя дзейнасць была не менш важнай, так доўга маўчалі?

— Неяк я ў бацькі пра гэта таксама пытаўся, на што ён мудра адказаў: «У нашай прафесіі знакамітымі становяцца толькі тыя, хто праваліўся». Міхаіл і Елізавета Мукасей былі адзінай парай, якая не правалілася і ніколі не дапусціла ніводнай памылкі.

— Ваш бацька меў унікальную інтуіцыю і валодаў амаль дзясяткам моў. Гэтыя здольнасці каму-небудзь у сям’і перадаліся?

— Што да інтуіцыі, то, калі б не перадалося, мы б не працавалі ў кіно. А наконт моў, то калі мы з сястрой дзецьмі жылі з бацькамі ў Амерыцы, я размаўляў па-англійску. Як прыехалі ў СССР і стаў вучыцца ў школе, то часта блытаў рускія словы і англійскія. Бацькоў выклікалі ў школу і сказалі: што хочаце рабіце, але няхай гаворыць толькі па-руску. Так што англійскай мовы цяпер я наогул не ведаю.

— Якія ўражанні ад паездкі на радзіму бацькі?

— Самыя цёплыя. Вялікае дзякуй беларускай зямлі, якая вырасціла такога выдатнага хлопца, як Міхаіл Ісаакавіч Мукасей. Выхадзец з беднай яўрэйскай сям’і, ён стаў выдатным разведчыкам, сапраўдным патрыётам, які вельмі многа зрабіў для сваёй краіны. Я ўдзячны і беларускім кінематаграфістам, якія стварылі пра яго фільм, свайго роду экранны помнік. З Замосця мы ўзялі з сабой у Маскву жменьку беларускай зямлі, каб высыпаць яе на магіле нашага бацькі і дзеда. Ён — сын беларускага народа.

У час візіту на Случчыну родныя Міхаіла Мукасея падарылі мясцоваму краязнаўчаму музею яго старую кінакамеру. Міхаіл Ісаакавіч усё жыццё здымаў кіно, пачынаючы яшчэ з Амерыкі. Пасля яго засталося многа адзнятай 8-міліметровай кінаплёнкі, змест якой пакуль невядомы. Каб паглядзець, быў патрэбен адпаведны кінапраектар, нядаўна Анатолій Міхайлавіч знайшоў такі ў Празе.

Уявіце, якія ўнікальныя матэрыялы на той плёнцы могуць адкрыцца! Не выключана, што стануць вядомыя новыя цікавыя факты з жыцця сям’і разведчыкаў Мукасей, якіх, магчыма, хопіць яшчэ не на адну серыю працягу «Лёсу рэзідэнта».

На здымку: Міхаіл і Елізавета МУКАСЕЙ з дзецьмі.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter