Якія сакрэты закопваюць у Веткаўскім і Чачэрскім раёнах?

Ляцела страла ўздоўж сяла...

У двух раёнах Гомельскай вобласці — Веткаўскім і Чачэрскім — штогод адбываецца некалі распаўсюджаны на Пасожжы і Падняпроўі абрад ваджэння і пахавання стралы. Звычайна яго называюць лаканічна — “Пахаванне стралы”.

Гэты магічны аграрна-ахоўны абрад, звязаны з язычніцкім культам Перуна, нідзе больш не захаваўся — сапраўдны помнік духоўнай культуры, унікальны! Убачыўшы яго, пераконваешся, што нашы продкі шчыра верылі ў таямнічую моц зямлі і неба і шукалі з імі паразумення — праз песні, карагоды, качанне ў жыце, закопванне ахвяры, збіранне каласоў і падкідванне ўверх зямлі.

“Страла” павінна гучаць, кажуць жыхары пасожскіх вёсак. Дасведчаныя фалькларысты сцвярджаюць, што спевы “стралы” лічацца найвышэйшым узроўнем народнага выканальніцкага мастацтва. Якое б ні было надвор’е на Ушэсце (менавіта ў гэты дзень адбываецца абрад), у Стаўбуне, Неглюбцы ці Казацкіх Балсунах “стралу” абавязкова павядуць “хаваць” з тымі ж песнямі, якім ужо, напэўна, не адно тысячагоддзе.

Ты ляці, страла, ды ўздоўж сяла,
ды ўздоўж сяла ў канец вуліцы,
не ўбі, страла, добрага молайца,
па тым молайцу плакаць некаму...

— спяваюць жанчыны ў традыцыйных неглюбскіх строях, ідучы “сцяна на сцяну” па шырокай вуліцы да скрыжавання і гэтым самым нібы ведучы з сабою “стралу”. Мясцовую выканальніцкую манеру імкнуцца пераняць удзельніцы фальклорных гуртоў, якія заўсёды прыязджаюць на Веткаўшчыну з Мінска, Гомеля і нават Масквы.

Звычайна “страла” ішла з вёскі да поля побач з могілкамі — як сімвал працягу жыцця. У полі абавязкова падкідвалі дзяцей, каб гэтак высока расло і жыта. Тут кажуць, што ад Вялікадня да Ушэсця Бог ходзіць па зямлі, а на Ушэсце цягне каласы за валасы і адпраў-ляецца на неба. “Стралу” вядуць за сяло, бо яна грамавая і адводзіць ад вёскі маланкі, ад якіх гінуць людзі і загараюцца хаты.

Што хаваюць ці закопваюць у зямлю, калі водзяць “стралу”? Гэтага ніхто не павінен ведаць і бачыць, сцвярджаюць неглюбскія жанчыны. Найчасцей хаваюць дробныя прадметы, напрыклад, пацеркі, гузікі, а найлепш — манеты. Абавязкова з прыгаворваннем: “Хаваю грошы на ўраджай харошы і людзям на здароўе!”

Даследчыкі фальклорнай спадчыны бачаць у сімволіцы “стралы” перавод дрэннай перуновай энергіі ў жыццесцвярджальную, патрэбную людзям, у энергію ўрадлівасці жытнёвага поля. Перуна трэба было ўлагодзіць, задобрыць, завесці ў поле. “Страла” — памочніца селяніну, спадарожніца ўраджаю і дабрабыту. Не выпадкова па зялёнай руні ўецца карагодная “стрэлка” і па ёй качаюцца, скачуць, бегаюць — моц хлебнай нівы ў гэткія хвіліны здольная перайсці ў маладое цела, зрабіць яго прыгажэйшым і дужэйшым.

Хаця “Пахаванне стралы” дагэтуль лічыцца справаю жанчын, але ж і мужчыны, якім адводзілася пасіўная роля назіральнікаў, часта ішлі на хітрыкі: апраналіся ў жаночае адзенне і далучаліся да ігрышча, якое было абавязковым працягам “Пахавання стралы”.

Па традыцыі на Ушэсце ў Неглюбцы і Стаўбуне спраўляецца святочны абед з блінамі з крухмалу — “Богавымі анучамі”, а ўвечары ідзе пагулянка пад гармонік і бубен з танцамі і прыпеўкамі. Добра “пахаваўшы стралу”, можна і адмыслова павесяліцца!

Іван Лужынскі

infong@sb.by

Фота аўтара
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter