Кінаплакат - гэта мастацтва, ды яшчэ какое!

“Лясную быль” бралі штурмам

Калі нехта думае, што кінаплакат не мастацтва, той нічога не разумее ў сапраўднай творчасці. Мастацтва, ды яшчэ якое!
Калі нехта думае, што кінаплакат не мастацтва, той нічога не разумее ў сапраўднай творчасці. Мастацтва, ды яшчэ якое! Каб у гэтым пераканацца, дастаткова пабываць на выставе “Беларускі кінематограф 20-30-х гадоў ХХ стагоддзя ў кінаплакаце” ў Дзелавым і культурным комплексе Пасольства Беларусі ў Маскве.

Тут ёсць сапраўдныя шэдэўры, за якія калекцыянеры з Еўропы гатовыя хоць сёння выкласці вельмі добрыя грошы. Пра гэта я даведаўся, прагульваючыся па выставе разам з дырэктарам Музея гісторыі беларускага кіно Ігарам Аўдзеевым.

— Вось за гэтую работу нам прапаноўвалі суму з пяццю нулямі, — мы падыходзім да плаката фільма “Нянавісць”. — Кіно зняў рэжысёр Юрый Тарыч, заснавальнік беларускага кінематографа, чалавек прыгодніцкай, момантамі драматычнай біяграфіі. Нарадзіўся ён у 1885 годзе ў польскім Плоцку ў сям’і палкоўніка царскай арміі. Там жа вучыўся ў рускай гімназіі. Пазней быў удзельнікам Руска-японскай і Першай сусветных войнаў. А ў перапынках паміж войнамі паспеў пабываць у ссылцы ў Табольскай губерні за вальнадумныя погляды, якія асмеліўся выказваць публічна.

— У кіно ён як трапіў?

— Яшчэ быўшы ў ссылцы, ён захапіўся тэатрам, іграў на сцэне Табольскага тэатра, меў вялікі поспех у публікі. Праславіўся як цудоўны драматычны акцёр. Пазней нейкі час супрацоўнічаў з Меерхольдам. Кіно і тэатр — фактычна адно асяроддзе. І пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі Тарыч прыйшоў у кіно. У 1926 годзе ён зняў фільм “Лясная быль” пра Савецка-польскую вайну 1920 года. Афіцыйна лічыцца, што гэта першая беларуская кінакарціна. Чарга ў кінатэатр расцягнулася на ўсю вуліцу, касы бралі штурмам.

— А неафіцыйна?

— Тут цікавая гісторыя. Трэст Белдзяржкіно, закліканы наладзіць кінавытворчасць у Беларусі, пачаў працаваць 6 студзеня 1925 года. І пад нумарам адзін у перспектыўным плане стаяў фільм “Кастусь Каліноўскі” пра героя беларускага паўстання супраць царызму. Але не змаглі сабраць здымачную групу. І “Каліноўскі” выйшаў на экран толькі ў канцы 1928 года.

А самым першым праектам аказаўся, як было запісана ў плане, “папулярны фільм аб барацьбе з прастытуцыяй”. Здымаў Восіп Фрэліф, выпускнік юрфака МДУ — сам прынёс сцэнарый. Пры гэтым фільм здымаўся цалкам у Маскве. І пад назвай “Прастытутка” выйшаў у пракат у 1926 годзе, адразу ўслед за “Лясной быллю”.

Як ратавалі калекцыю


— Выстава прысвечана беларускаму кінематографу 20-30-х гадоў мінулага стагоддзя.

— Каштоўны сам факт узнаўлення гэтай калекцыі. Таму што вялікая частка беларускага кінаархіва была страчана падчас вайны. Немцы ўвайшлі ў Мінск ужо 28 чэрвеня. Эвакуяваць нічога не паспелі. Да таго ж падчас бамбёжкі ў будынак Белдзяржкіно ў цэнтры Мінска трапіла бомба, знішчыў­шы шмат каштоўнага. На аднаўленне пайшлі дзесяцігоддзі. Шукалі ў розных архівах, у тым ліку і ў Маскве.

— Да прыватнікаў не звярталіся? Хапае ж фанатаў-збіральнікаў.


— У Маскве дагэтуль існуе чорны рынак, дзе за круглую суму можна знайсці арыгіналы. З дапамогай спонсараў мы там таксама сёе-тое выцягнулі для сваёй калекцыі.

“Бураціна” ў Мінску


— Многія прыезджыя рэжысёры атрымалі тут магчымасць ажыццявіць свае творчыя задумкі, якія ім не ўдавалася рэалізаваць у сябе дома. Напрыклад, Леанід Нячаеў — масквіч, але ў Маскве яму не давалі здымаць, была вялікая канкурэнцыя. Ён прыехаў да нас і зняў у Мінску дзіцячыя мюзіклы “Прыгоды Бураціна” і “Пра Чырвоны Капялю­шык” з Янай Паплаўскай.

— Ваенныя песні Уладзіміра Высоцкага...

—...упершыню прагучалі з экрана таксама на “Беларусьфільме”! Тыя стужкі зняў бліскучы беларускі рэ­жысёр Віктар Тураў. Яны з Высоцкім ябравалі. І калі ў таго здарыўся цяжкі перыяд, Тураў яму дапамог — запрасіў у свой фільм.  

“Я родам з дзяцінства”, “Буслы”, “Брацкія магілы”, “Сыны ідуць у бой” — усе гэтыя песні Высоцкі напісаў да фільмаў Віктара Турава. Так што ў іх ёсць часцінка беларускай душы.

“Вышыню 88,5” змылі па загадзе Сталіна


— Колькі фільмаў было створана ў 20-30-я гады?

— Больш за шэсцьдзясят. Лёс многіх з іх аказаўся трагічным — пасля 1937 года яны трапілі ў разрад забароненых і былі бязлітасна знішчаны. Змыты. Усяго такім чынам страчана незваротна каля трыццаці карцін. Напрыклад, карціна “Вышыня 88,5”.

— І ў чым была крамола?

— Таварыш Сталін тады абвясціў Чырвоную Армію самай наступаючай у свеце, пасля чаго ўсе размовы пра абарону, тым больш пра магчымыя баі ў акружэнні, сталі лічыцца шкодніцтвам. У фільме ж якраз паказаны эпізод ваенных вучэнняў, калі адно з падраздзяленняў, па легендзе, трапляе ў акружэнне і вырашае задачу прарыву да сваіх. “Вышыню” паклалі на паліцу, а праз некалькі гадоў знішчылі. Застаўся толькі плакат.

Барыс Арэхаў
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter