Філасофія ўрачоў Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтра неўралогіі ды нейрахірургіі — гэта нязменна сур’ёзны падыход і пастаяннае самаўдасканаленне

Лячэнне вядуць знаўцы

Эпілепсія, хвароба Паркінсона, наступствы чэрапна-мазгавой траўмы, пухліны галаўнога і спіннога мозга, генералізаваная мышачная дыстанія... Яшчэ гадоў 10 назад такія дыягназы лічылі надзвычай цяжкімі, яны не паддаваліся лячэнню. А сёння медыцына кідае выратавальны круг. Філасофія ўрачоў Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтра неўралогіі ды нейрахірургіі — гэта нязменна сур’ёзны падыход і пастаяннае самаўдасканаленне.



Важна не толькі выратаваць жыццё, але і “стварыць праекцыю” яго перспектывы на будучыню.

Дырэктар РНПЦ неўралогіі ды нейрахірургіі Рышард Сідаровіч перакананы: “Нейрахірургію заўсёды лічылі адным з найскладанейшых відаў медыцынскай дапамогі. Сюды, як правіла, ішлі самыя адказныя, дасведчаныя і смелыя спецыялісты. Вядома, вялікія энтузіясты сваёй справы”.

Каб убачыць, як тут працуюць, накіроўваемся ў кабінет ангіяграфіі. На маніторы “сканіраваны” галаўны мозг пацыента — дакладна відаць расшырэнні на сценках сасудаў.

— Гэта множныя анеўрызмы, — тлумачыць загадчык ангіяграфічнага кабінета Яўген Кісурын. — Сценкі такіх утварэнняў вельмі тонкія і могуць у любы момант разарвацца. Павышэнне артэрыяльнага ціску, стрэс, фізічная нагрузка — адбываецца кровазліццё. Шанц выжыць — адзін з двух.

Некалі такі дыягназ стаў прычынай смерці выдатнага акцёра Андрэя Міронава. Сёння ж на нашых вачах у 61-гадовага пацыента праз пункцыю сцегнавой артэрыі пад кантролем рэнтгенаўскага абсталявання ўрач падводзіць мікраінструменты да анеўрызмы і запаўняе яе мікраспіралямі. Менавіта так, пры дапамозе эндаваскулярнай методыкі, выключаюць рызыку яе разрыву. І калі ў 2012 годзе ў цэнтры выканалі 134 такія аперацыі, то ў 2015-м — ужо 300, з іх “абясшкоджванняў” анеўрызм — 130.

У гэтым жа кабінеце ўрачы “ўхіляюць” артэрыявянозныя мальфармацыі — паталагічны клубок сасудаў, змененых артэрый і вен, які можа прыводзіць да кровазліцця і эпілептычных прыступаў. 29-гадоваму Аляксею нядаўна якраз правялі аперацыю, якая выключыла небяспечны “вузел” з крывацёку. Яшчэ гадоў 7 назад урачы былі б бяссільныя — выканаць такое ўмяшанне не змаглі б тэхнічна, настолькі глыбока размясціліся змененыя сасуды ў аддзелах мозга...

— 17 гадоў назад, калі толькі прыйшоў у дзіцячую нейрахірургію, прызнаюся, задавальнення ад работы было значна менш. Бо кожны дзень мы бачылі дзяцей у вельмі цяжкім стане. Сёння ж амаль усе нашы пацыенты пакідаюць аддзяленне самі, яшчэ і дапамагаюць бацькам несці пакеты з рэчамі, — расказвае загадчык дзіцячага аддзялення цэнтра Міхаіл Талабаеў. — За апошнія 5 гадоў мы асвоілі хірургію не толькі нованароджаных (узрост — да 28 дзён), але і першых гадзін жыцця (ёсць паталогія, што патрабуе дапамогі нейрахірурга літаральна адразу). Уявіце, нарадзілася дзіця, у якога часткова адсутнічаюць усе мяккія тканкі — яго спінны мозг аголены. Гэта пагроза інфіцыравання, менінгіту і смерці. Мы тут жа яго аперыруем.


Два гады назад урачы цэнтра сталі выдаляць пухліны ствала ды іншых функцыянальна значных аддзелаў галаўнога мозга, якія адказваюць за работу лёгкіх і сэрца, рухальную функцыю... Недалікатны дотык да такога ўчастка можа выклікаць незваротныя неўралагічныя парушэнні. Так што патрэбна работа надзвычай тонкая, ювелірная, вельмі адказная.

Цяпер крытэрый эфектыўнасці аперацыі — не толькі факт выдалення новаўтварэння, але і захаванне якасці жыцця — вось гэта прыярытэт! Дабівацца мэты дапамагае сучасная тэхніка. З дапамогай інтрааперацыйнага нейрафізіялагічнага маніторынгу можна адсочваць жыццёва важныя функцыі арганізма. Таксама ён дае ўрачу знаць, дзе можа размяшчацца яго інструмент, а дзе гэта становіцца небяспечным. На­дзейнай правай рукой і пільным вокам стала навігацыйная станцыя, якая візуалізуе размяшчэнне пухліны ў трох праекцыях.

Сёння ў РНПЦ неўралогіі і нейрахірургіі праходзяць лячэнне дзеці не толькі з усёй Беларусі, але і з Расіі, Украіны, Латвіі, Грузіі ды іншых краін. Нядаўна прааперыравалі 10-гадовага хлопчыка з Украіны, якому адмовіліся выдаліць пухліну мазжачка ў клініках Ужгарада і Харкава. Толькі нашы нейрахірургі ўзяліся дапамагчы. Гавораць: калі б дзіця прывезлі на пару месяцаў раней, рэабілітацыя пайшла б намнога хутчэй.

...Нейрамадуляцыя — яшчэ адзін перспектыўны напрамак. Сутнасць яго ў тым, што хірург імплантуе ў арганізм пацыента невялікі прыбор — нейрастымулятар з электродамі, якія падключаюць да неабходнага ўчастка галаўнога або спіннога мозга, і ён паведамляе ім электрычны імпульс. Пацыенты з хваробай Паркінсона, генералізаванай мышачнай дыстаніяй, эсэнцыяльным трэмарам, цяжкімі болевымі сіндромамі, калі нават моцныя анальгецікі не прыносілі палёгкі, адчуваюць сябе пасля такой пра­цэдуры непараўнальна лепш. Кожны год у цэнтры выконваюць да 30 такіх імплантацый.

— Паколькі каштуе прыбор каля 20 тысяч долараў, пытанне аб мэтазгоднасці лячэння прымае ўрачэбны кансіліум. Падлічана, што з улікам прамых і ўскосных затрат імплантацыя нейрастымулятара акупляецца праз 4-5 гадоў, — пацвярджае кандыдат медыцынскіх навук, урач-нейрахірург нейрахірургічнага аддзялення №1 Уладзімір Церахаў. — Бо пасля гэтага звычайна ў 2-3 разы зніжаецца доза дарагіх прэпаратаў, многія пацыенты вяртаюцца да сваёй прафесійнай дзейнасці, іншыя радзей ідуць на бальнічны, у шэрагу выпадкаў адмаўляюцца ад груп інваліднасці альбо перастаюць мець патрэбу ў дапамозе сацыяльных работнікаў.

Сярод тых, каго вярнулі такім чынам да нармальнага жыцця, і 7-гадовы хлопчык, які з-за цяжкай хваробы безупынна здзяйсняў хаатычныя спантанныя рухі. Пасля імплантацыі нейрастымулятара ён пайшоў у звычайную школу, вучыцца добра... А сёлета спецыялісты плануюць пачаць лячэнне падобным метадам, які, дарэчы, практыкуецца далёка не ўсюды ў Еўропе, цяжкіх лекава-ўстойлівых формаў эпілепсіі.

Ала Марцінкевіч
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter