Лодачка, плыві

У цесляра з леспрамгасаўскага пасёлка Хваенск Жыткавіцкага раёна Уладзіміра Пінчука заўсёды хапае “рачной” працы. На ўсю прыпяцкую зону — ад вёсак Снядзіна і Хлупіна да старажытнага Давыд-Гарадка (гэтыя населеныя пункты знаходзяцца на правым беразе Прыпяці) — застаўся адзін спецыяліст па лодачнай справе, які ўмее рабіць традыцыйныя, на палескі манер, адмысловыя пласкадонкі. Нядзіўна, што да Пінчука ў першую чаргу звяртаюцца жыхары прыбярэжных населеных пунктаў, для якіх плывучы драўляны сродак усё яшчэ застаецца незаменным і неабходным у побыце. І на выпадак паводкі, і як транспарт, каб дабрацца на процілеглы бераг, прывезці з лесу дровы альбо ў час касавіцы сена з пойменнага лугу — тут ужо без лодкі не абысціся. Не кажучы пра ўлюбёны занятак палешукоў — рыбалоўства.



Стыль Пінчука-лодачніка пазнаецца па знешнім выглядзе яго вырабаў, па нязменным почырку майстра. Лодкі Уладзіміра Васільевіча атрымліваюцца доўгія і шырокія — у тры дошкі, з высокімі бартамі і паднятай насавой часткай. Яны ўстойлівыя на вадзе, хутка рухаюцца. Нават у апрацоўцы какор і дубовага носа можна пазнаць руку майстра — філігранная праца.



Сваю лодачную школу Пінчук пераняў ад бацькі — патомнага і вядомага ў свой час адмыслоўца ў дрэваапрацоўчым рамястве.

— У дзесяць гадоў я ўжо дапамагаў бацьку майстраваць лодкі, працы хапала і малому хлапчуку: напрыклад, канапаціць мохам зазоры паміж дошкамі. А потым і сам стаў выконваць заказы, — прыгадвае хваенскі лодачнік.



За свае 60 гадоў Уладзімір Пінчук вырабіў не адзін дзясятак лодак, і дзякуючы яму традыцыйнае рамяство на Палессі працягвае жыць.

Максім ВЕЧАР

infong@sb.by

Фота аўтара
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter