Сёння споўнілася б 85 гадоў Уладзіміру Караткевічу

Летапiсец жыцця крыўскага

13_караткевіч 500 (3).jpgСёння споўнілася б 85 гадоў Уладзіміру Караткевічу, паэту, празаiку, драматургу, публiцысту, перакладчыку, кінасцэнарысту, нарысісту — ён быў аднолькава таленавiты ва ўсiх лiтаратурных жанрах і не толькі ў іх.

Не многія прыхільнікі таленту Караткевіча ведаюць, што ён выдатна маляваў. Пра гэты дар свайго сябра Рыгор Барадулін некалі пісаў, што мастак Караткевіч мог бы, відаць, спаборнічаць з пісьменнікам Караткевічам. Настолькі бездакорна ён валодаў лініяй, кампазіцыяй. Некалькімі штрыхамі мог перадаць характар, улюбёна-рамантычна ці здзекліва-гратэскава.

Сведчанне таму  і 30 малюнкаў, сабраных у так званай «амбарнай» кнізе, якая захоўваецца ў Беларускім дзяржаўным архіве-музеі літаратуры і мастацтва. 

— Відавочна, што Караткевіч не ставіў сабе мэтай  быць мастаком, — гартаючы рукапісны рарытэт, разважае дырэктар установы Ганна Запартыка. — Хутчэй, любіў і меў патрэбу выказваць свае пачуцці, думкі не толькі ў вершах, эпіграмах, але і ў малюнках. Рабіў іх алоўкам, шарыкавай ручкай, тушшу — у пісьмах сябрам, на рукапісах сваіх твораў, у альбомах. 

Звычайная канцылярская кніга выпадкова трапілася на вочы Уладзіміру Караткевічу ў кватэры яго добрага сябра, літаратуразнаўцы Адама Мальдзіса. Яны жылі побач — у суседніх дамах у Мінску на рагу вуліц Чарвякова і Веры Харужай, часта хадзілі ў госці адзін да аднаго, збіраліся кампаніямі. Аднойчы Караткевіч і заўважыў гэтую кнігу, пакруціў у руках і раптам прапанаваў сябру: «Давай зробім з яе тваю «Чукоккалу». 

«Чукоккалай» называўся вядомы рукапісны альманах Карнея Чукоўскага, які ён складаў з аўтографаў вядомых паэтаў, пісьменнікаў, музыкантаў, мастакоў.

Дырэктар Беларускага дзяржаўнага архіва-музея
літаратуры і мастацтва Ганна ЗАПАРТЫКА.

Ідэя спадабалася. Так вырашылі збіраць у кнігу «ўсякую ўсячыну» — вершы, малюнкі, жарты, карыкатуры, шаржы, пажаданні… На вокладцы Караткевіч закрэсліў сумную назву кнігі і замяніў на іншую  — «Часопіс інвентарнага ўліку  выпітага». На першай старонцы чорнымі стараславянскімі літарамі паставіў дату: «Лета 1967, месяца траўня, 22 дня». Далей запісаў: «Сёння адкрываем летапіс у Адася. Са-браліся сямёра…» Пералічыў усіх прысутных — гаспадара з яго «малжонкай» і гасцей. І ў самым нізе, ужо чырвоным, подпіс: «Летапiсец жыцця нашага, жыцця крыўскага».

Кніга-альбом у доме Мальдзісаў (менавіта Адам Восіпавіч перадаў яе ў архіў-музей некалькі гадоў таму) заўсёды была адгорнута на чыстай старонцы і паступова запаўнялася запісамі розных гасцей. Але найбольш — Караткевічам. Яго аўтапартрэт і подпіс: «Плач пана Караткевiча на руiнах Ерузалема (як Iерэмii над лёсам Белай Русi)». Верш-«габляванка»: «Очень много жаркого вышло бы из Пшыркова». «Што сказаў Барадулін, ідучы з бутэлькай каньяку да Адама: «Як не зной-дзем Адася, будзе нам гарэлка ўся». Песня «асустэнткі» Галіны на вяселлі, лірычнае апавяданне «Адась на вяселлі», «Трахтат»…

история-музей-короткевич0026-191115 500.jpg
Аўтапартрэты Уладзіміра КАРАТКЕВІЧА и вокладка «амбарнай» кнігі з аўтогра-
фамі.


— Жартавалі людзі, забаўляліся, — з усмешкай заўважае Ганна Запартыка. — Малюнкі, тэксты ў альбоме самыя розныя. Яны рабіліся для вузкага асяроддзя сяброў, без увагі на тое, што калі-небудзь нехта яшчэ будзе мець да іх цікавасць. Можа, калі б гэта прадбачыў, Караткевіч некаторыя словы, вострыя, а часам і салёныя, не ўжываў бы. 

Разглядваць і спрабаваць расшыфроўваць гэтыя запісы і малюнкі надзвычай цікава. Канешне, многае ў іх было зразумела толькі ўдзельнікам тых вячорак, і нам пра сапраўдны сэнс намёкаў і шматкроп’яў можна толькі здагадвацца. Але ўсё роўна ярка бачацца пачуцці, добразычлівыя адносіны адзін да аднаго, стасункі, лад жыцця, якія панавалі ў гэтым пісьменніцкім асяроддзі. Адкрываюцца рысачкі і самога Уладзіміра Караткевіча. Відавочна, што як у сваёй мастацкай творчасці, так і ў жыцці быў ён жартаўніком, летуценнікам і фантазёрам. Гэтую «амбарную» кнігу выдаць бы з каментарыямі таго ж Адама Мальдзіса — разышлася б імгненна. Задумкі такія ёсць, гаворыць мая суразмоўца, ды патрэбны сродкі.

Наогул, дакументаў, звязаных з жыццём і творчасцю Уладзіміра Караткевіча, шмат, архівы пісьменніка знаходзяцца ў самых розных месцах. У Туле знайшлася яго перапіска з сябрам, звыш 100 лістоў цяпер захоўваюцца ў архіве-музеі. Ёсць у яго фондах і арыгінал самай першай рускамоўнай аповесці Уладзіміра Караткевіча, якая толькі некалькі гадоў таму была апублікавана. А колькі аўтографаў ён рабіў на сваіх кнігах! І гэтыя надпісы выключныя: вершаваныя радкі, экспромты або пажаданні заўсёды былі не штампаваныя, арыгінальныя. Караткевіч для нас будзе адкрывацца яшчэ бясконца доўга.

У тэму

З «інвентарнай» кнігай звязана амаль крымі-нальная гісторыя. Справа была ў Оршы ў год святкавання 70-годдзя Уладзіміра Караткевіча. Славутую кнігу з малюнкамі Адам Мальдзіс прывёз на радзіму сябра, каб перадаць у музей пісьменніка, дзе адбываліся ўрачыстасці. Але адразу гэта не зрабіў. А калі імпрэза закончылася, на вуліцы на яго напалі і забралі партфель з падарункам. Міліцыя зладзеяў  за-трымала адразу. Альбом гаспадару вярнулі. Адам Восіпавіч мяркуе: нехта ў час мерапрыемстваў пачуў размовы пра тое, што ён прывёз вялікую каштоўнасць, і вырашыў пажывіцца. Каштоўнасці ж кожны разумее па-свойму. Словам, альбом ён павёз назад у Мінск, а праз некаторы час перадаў у архіў-музей. 

svirko@sb.by
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter