Лепшы — значыць, і багацейшы

Завершаны прыём заявак на Нацыянальную музычную прэмію

Завершаны прыём заявак на Нацыянальную музычную прэмію

Яна, нагадаем, пройдзе ў трэці раз. Мастацкая камісія ўжо вызначыла па некалькі кандыдатаў у кожнай намінацыі. У выніку з трохсот прэтэндэнтаў (гэта значна больш, чым у мінулым годзе) на заветныя статуэткі засталося менш за сотню. Справа цяпер за прафесійным журы, якое і вызначыць пераможцаў. Іх імёны будуць абвешчаны 16 снежня ў Палацы Рэспублікі.

Сёлета прэмія складаецца з дзевятнаццаці намінацый. Самая папулярная традыцыйна «Лепшая песня»: у гэтым годзе пададзена каля 70 заявак. Дарэчы, гэта і самая дарагая намінацыя: пераможца атрымае больш за дванаццаць мільёнаў беларускіх рублёў. Наогул жа прэміі складаюць ад 62 да 95 базавых велічынь. Мастацкая камісія адзначыла сур’ёзны склад удзельнікаў у намінацыях «Лепшы музычны альбом», «Лепшая песня да кіно», «Лепшы канцэрт года». Будуць уручаны і спецыяльныя прызы.

Цырымонія ўзнагароджвання пройдзе на самым высокім узроўні, запэўніў Павел Каранеўскі, намеснік генеральнага дырэктара ЗАТ «Сталічнае тэлебачанне», якое разам з Міністэрствам культуры з’яўляецца арганізатарам конкурсу. СТБ сабрала моцную каманду на чале з вядомым сцэнографам Веніямінам Маршаком. На канцэрт запрошаны пераможцы мінулых гадоў і спецыяльныя госці: Дзмітрый Калдун, Алёна Ланская, гурты «J:mors», «Без білета» і іншыя. Трапіць на канцэрт можа кожны жадаючы. Білеты каштуюць ад 50 да 150 тысяч рублёў.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter