Амаль стагоддзе з імем Леніна

Леніна: ад панскага маёнтка да аграгарадка

Горацкі аграгарадок назву Леніна атрымаў у дваццатыя гады мінулага стагоддзя пасля арганізацыі саўгаса ў былым панскім маёнтку Раманаў. Сяляне вырашылі назваць гаспадарку імем Леніна. Напісалі зварот да правадыра і адправілі хадака ў сталіцу. Ленін згадзіўся, каб гаспадарка насіла яго імя. У падарунак прыслаў земляробам трактар “Фардзон”. Старажытнае паселішча першым у акрузе займела “жалезнага каня”. Гэты факт увайшоў у гісторыю паселішча, якое пяць стагоддзяў таму мела замак на беразе ракі Мярэі. 

Узгадваецца Раманаў у дамоўнай грамаце 1523 года пра перамір’е паміж Маскоўскай дзяржавай і Вялікім Княствам Літоўскім. Уладарылі замкам і маёнткам князь Астрожскі і магнаты Радзівілы. У сярэдзіне XVII стагоддзя Раманаў атрымаў статус мястэчка, у якім дзейнічалі вінакурня, млын, сукнавальня, карчма. На рынкавай плошчы па некалькі разоў на год ладзіліся кірмашы. 



Пасля першага падзелу Рэчы Паспалітай мястэчка апынулася ў складзе Расійскай імперыі. Кацярына II падарыла яго князям Дандуковым-Корсакавым. Спыняўся тут беларускі асветнік Напалеон Орда і занатаваў панараму Раманава. 

На пачатку ХХ стагоддзя часта мяняўся статус мястэчка. Вясною 1924 года яно стала вёскай — цэнтрам сельсавета Горацкага раёна Беларускай ССР. Развіваўся саўгас, працавалі кузня, ветраны і механічны млыны, маслазавод, майстэрня па рамонце сельгасінвентару, шавецкая майстэрня. 

Марыя Трафімаўна і Мікалай Фенагенавіч КАСЯНКОВЫ.

Восенню 1943 года на подступах да Леніна ў баі з нямецка-фашысцкімі захопнікамі разам з байцамі 42-й і 290-й стралковых дывізій 33-й арміі Заходняга фронту змагаліся воіны 1-й Польскай пяхотнай дывізіі імя Тадэвуша Касцюшкі. 

Паўвека таму на месцы гістарычнай бітвы ўзведзены мемарыяльны помнік-музей савецка-польскай садружнасці. Вёска Леніна адзначана польскім ордэнам «Крыж Грунвальда» II ступені.

Жылы пасёлак стаў аб’ектам эксперыментальнай комплекснай забудовы, праект якой распрацоўвалі заслужаныя архітэктары БССР Галіна Бяганская і Альберт Калнінш.

Кіраўнік справамі Эма КРЫШТАЛЁВА і старшыня  сельвыканкама Канстанцін КАРПІЦКІ.

У 1975 годзе ў Леніна адкрыўся Горацкі педкаледж Магілёўскага дзярж- універсітэта імя Аркадзя Куляшова.

Адной з першых у раёне цэнтральная сядзіба КСУП “Племзавод “Леніна” на пачатку новага тысячагоддзя атрымала статус аграгарадка.

У ЛЕГЕНДАРНЫМ Леніна даводзілася бываць раней. На Беларускім радыё, рыхтуючы праграму пра гісторыю старэйшага на Магілёўшчыне саўгаса “Леніна”, сустрэўся з механізатарам Сцяпанам Яўмененкам, які да вайны працаваў на трактары “Фардзон”, атрыманым гаспадаркай ад Уладзіміра Ільіча. Сівабароды селянін жыва дзяліўся цікавымі ўспамінамі пра даваеннае сялянскае жыццё. Саўгас адзіны ў Горацкім раёне меў тады пяць трактароў, на якіх механізатары апрацоўвалі свае палі і суседзям дапамагалі. 

Перадавікі жніва Міхаіл і Сяргей МІШУЛЬСКІЯ.

Нямецка-фашысцкія акупанты знішчылі саўгасную тэхніку. Дашчэнту спалілі гаспадарчыя пабудовы і жылыя дамы. Бітва пад Леніна адбылася 12—13 кастрычніка 1943 года, у якой прымала ўдзел і 1-я Польская пяхотная дывізія імя Тадэвуша Касцюшкі. У ёй вызначыліся 185 воінаў польскай дывізіі, шасці савецкім і польскім змагарам прысвоена званне Героя Савецкага Саюза. Загінулі 1171 савецкі і 502 польскія воіны. Сярод пахаваных у брацкай магіле і Героі Савецкага Саюза байцы 1-й Польскай пяхотнай дывізіі імя Тадэвуша Касцюшкі Анэля Кжывань і Уладзіслаў Высоцкі. 

ПА серпанціне асфальтаванай дарогі едзем са старшынёю сельвыканкама Канстанцінам Карпіцкім у святая святых аграгарадка Леніна — Музей баявой садружнасці, які паўвека прымае наведвальнікаў. Уражвае круглы будынак з жалезабетону, шкла і алюмінію ў выглядзе салдацкай каскі. Парадны бок упрыгожваюць выява арла і пяціканцовай зоркі. Дакументы і фотаздымкі ў залах музея адлюстроўваюць гісторыю фарміравання і баявы шлях Войска Польскага. Побач з будынкам музея — помнік загінуўшым савецкім і польскім воінам. У былыя часы штогадова мемарыял наведвала паўсотні тысяч турыстаў. 

Дырэктар Дома культуры Таццяна ДЗЕМІДЗЕНКА і бібліятэкар Настасся ЯРМОЛЕНКА.

— Прымалі афіцыйныя дэлегацыі з Варшавы, Масквы, Мінска, — узгадвае Канстанцін Карпіцкі. — У той час я ўзначальваў аб’яднаную партыйную арганізацыю саўгаса “Леніна”. Для моладзі на мемарыяле праводзіліся ўрокі мужнасці. 

ТРАДЫЦЫЯ захавалася. На сустрэчы запрашаюць мясцовага ветэрана вайны і працы Мікалая Касянкова. Мы завіталі да яго. Дзверы кватэры адчыніла гаспадыня і запрасіла зайсці. З пакоя выйшаў шыракаплечы гаспадар. Сваё франтавое мінулае Мікалай Фенагенавіч добра памятае. У саставе Трэцяга Беларускага фронту прайшоў да Кёнігсберга. Атрымаў цяжкае раненне. Паўтара месяцы лячыўся ў ваенным шпіталі. Назаўсёды застаўся асколак у ніжняй сківіцы. Ордэн Айчыннай вайны I ступені, баявыя і юбілейныя медалі ўпрыгожваюць парадны мундзір ветэрана. У пасляваенныя гады франтавік узначаліў паляводчую брыгаду саўгаса ”Леніна”, а потым — свінагадоўчы комплекс. Жонка Марыя Трафімаўна даглядала свіней у гаспадарцы. 

Шэсцьдзясят пяць гадоў сямейнаму саюзу Касянковых. Выхавалі дзвюх дачок і сына. Маюць шасцёра ўнукаў. Вокны кватэры Мікалая Фенагенавіча і Марыі Трафімаўны глядзяць на пагорак, які ваеннай восенню 1943 года ад гітлераўцаў разам вызвалялі савецкія і польскія салдаты. Шмат было страт.

Сярод пахаваных у брацкай магіле засталіся і невядомыя. У фае музея сустрэлі Сяргея, Аляксея і Андрэя Калашнікавых, якіх прывялі ў Беларусь пошукі магілы дзеда і прадзеда Рыгора Калашнікава. Унук Аляксей жыве ў Маскве, а другі — Сяргей, і яго сын Андрэй — у Валгаградскай вобласці. Сем дзесяцігоддзяў шукалі магілу дзеда. Сын яго Іван, які і зараз жыве ў Валгаградскай вобласці, пра пошукі расказаў на абласным тэлебачанні. Выступленне ўбачыў аднапалчанін Рыгора Калашнікава. Як дзве кроплі вады знешне сын паўтарыў бацьку. Франтавік прыехаў да Калашнікавых і расказаў, што загінуў баец каля беларускай вёскі Гарадзец. З такой назвай шмат населеных пунктаў у Беларусі. Праз інтэрнэт вызначылі, што была такая вёска побач з горацкім Леніна і прыехалі. Загадчыца філіяла музея Таццяна Рынкевіч выслухала іх, і разам адправіліся ў пошукі. Сялянскія сядзібы вёскі Гарадзец сталі лецішчамі. Ад адной з гаспадынь даведаліся, што з палявой магілы прах байцоў перазахавалі на брацкіх могілках каля вёскі Сцяфанава. Там пакоіцца каля чатырох соцен савецкіх салдат. 

Самадзейныя артысты Вікторыя СЕРАФІМОВІЧ, сёстры Ксенія і Святлана БАЛІЦКІЯ.

Са слязамі на вачах прачыталі нашчадкі Рыгора Калашнікава роднае прозвішча на гранітнай пліце. Ціха шапочуць ля мемарыяла старыя дрэвы…

ШТОГОД у кастрычніку ў Леніна ладзяцца ўрачыстасці, прысвечаныя баявым падзеям, якія адбыліся тут восенню 1943 года. Забудаваны сучаснымі катэджамі аграгарадок рыхтуецца сустракаць і сёлета ганаровых гасцей. Амаль восемдзесят дамоў для працаўнікоў КСУП “Племзавод “Леніна” вырасла на новых вуліцах Машэрава і Маладзёжнай. Аграгарадок газіфікаваны. Праведзены газаправод і ў найбольш буйныя вёскі сельсавета, межы якога ў апошнія гады пашырыліся.

Прасторны дом атрымала сям’я механізатара Міхаіла Мішульскага. Два дзесяцігоддзі працуе Міхаіл Мікалаевіч на тэхніцы. У жніўны час садзіцца за штурвал камбайна. Сёлета памочнікам у яго на “Акросе 530” — сын Сяргей, які вучыцца на мехфаку Беларускай дзяржаўнай сельгасакадэміі. Пасля атрымання дыплома інжынера плануе вярнуцца дамоў. 

Стараста царквы Валянціна АТРАШКОВА.

Многія маладыя спецыялісты застаюцца ў Леніна. Святлана Баліцкая са шматдзетнай сям’і закончыла Аршанскае медвучылішча і прыехала працаваць у Леніна. Яе сястра Ксенія вучыцца ў Горацкім педагагічным каледжы і таксама настроена не пакідаць родны аграгарадок. Як і карэнны жыхар Іван Камароўскі, продкі якога працавалі на зямлі, вырошчвалі хлеб. Сябры яго пасля заканчэння школы кінуліся ў пошуках лёгкага жыцця ў гарады. Хлапец застаўся ў бацькоўскай хаце. Працуе рабочым у сярэдняй школе. Ажаніўся. З сям’ёю жыве ў родным доме. Жонка з суседняй вёскі Стараселле. Выхоўваюць двух сыноў. Старэйшы Арцём пойдзе ў 6-ы клас, а маленькаму Дзіме паўтара месяцы. Падрасце, і хлопчыка чакаюць дзіцячы садзік, філіял Горацкай школы мастацтваў, гурткі мастацкай самадзейнасці пры Доме культуры. 

Велічны будынак упрыгожвае цэнтральную плошчу аграгарадка. Да выхаду на пенсію Домам культуры кіравала Валянціна Нікіценка. Замяніла яе дачка Таццяна Дземідзенка, якая закончыла сталічны ўніверсітэт культуры. Мела прапанову застацца ў горадзе, але душа ірвалася ў роднае Леніна. Разам з кіраўніком фальклорнага калектыву Святланай Серафімовіч рыхтуюць канцэртныя праграмы. Кіраўніцтва КСУП “Племзавод ”Леніна” падтрымлівае самадзейных артыстаў, многія з іх працуюць у гаспадарцы, якая адна з найбольш буйных у Горацкім раёне. 

Загадчыца фондам  музея Таццяна РЫНКЕВІЧ і расіяне КАЛАШНІКАВЫ.

— Прадпрыемства спецыялізуецца на вытворчасці малака, ялавічыны і свініны, — адзначае Максім Бярозкін, які толькі заняў крэсла дырэктара КСУП “Племзавод “Леніна”. — На трох малочна-таварных фермах і малочна-таварным комплексе ўтрымліваецца звыш трох тысяч галоў буйной рагатай жывёлы, з іх большая частка — дойныя каровы. На свінакомплексе дзевяць тысяч кормнікаў. На палях вырошчваем у асноўным збожжавыя і кармавыя культуры для забеспячэння пагалоўя ўласнымі кармамі. Зараз у самым разгары жніво. Адзінаццаць камбайнаў працуе на ніве. Спадзяемся, што выйдзем на запланаваную ўраджайнасць збожжавых у 40 цэнтнераў з гектара.

Клапоцяцца ў гаспадарцы і пра духоўнае жыццё. Пабудавана праваслаўная царква ў гонар Сямістрэльнага Вобраза Божай Маці. Настаяцелю храма айцу Аляксандру Асіпёнку дапамагаюць педагогі-пенсіянеры Валянціна Атрашкова, Людміла Шляпікава і Марыя Новікава. Прыход рыхтуецца да свята Сямістрэльнага Вобраза Божай Маці, якое па традыцыі адзначаецца ў канцы жніўня. А там і «Дажынкі» будуць вянчаць гадавую працу хлебаробаў. Развітваючыся з цудоўным аграгарадком, раскінутым на маляўнічым беразе вадасховішча, падумалася, каб удалымі і шчаслівымі былі тут будні і святы.

Горацкі раён

Фота аўтара
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter