Пераклічка удзельнікаў фестываля «Зов Полесья». Лельчыцкі раён

Лельчыцкія ўзоры

Такой колькасці ўлюбёных у фальклор людзей, як на Палессі, верагодна, нідзе на Беларусі не знойдзеш. Палешукі як старадаўні народ глыбока шануюць традыцыі продкаў, падтрымліваюць унікальныя абрады нават у самым аддаленым куточку. Нездарма менавіта палесскія раёны напрыканцы жніўня зноў з’едуцца ў Ляскавічы на фестываль этнаграфічных культур «Зов Полесья». Чалавеку, які ніколі не быў госцем гэтага свята альбо проста ні разу не размаўляў з палешукамі, не чуў іх песень, не бачыў квяточных узораў, цяжка ўявіць, якое суквецце талентаў збярэ фестываль. Сёння мы пачынаем пераклічку 11 раёнаў-удзельнікаў.

Карэспандэнт “Сельскай газеты” вярнулася з Лельчыцкага раёна.

Закаханыя ў песні і танцы продкаў

Спакойна слухаць спевы гэтых вясковых жанчын немагчыма, яны дакранаюцца да самых патаемных куточкаў чалавечай душы. Наогул, адважуся сказаць, што народныя песні Палесся — самыя мілагучныя. Яны ўвабралі ў сябе і плёскат вады Прыпяці, і шум дубраў, і клёкат буслоў…

Канцэртныя касцюмы ўдзельніцы расшываюць самі, перадаюць іх як спадчыну. Даведалася пра такі факт — у Ліплянах падчас вайны жанчыны закопвалі ў зямлю андаракі, каб не страціць узор і захаваць традыцыі Лельчыцкага краю.

Калектыў «Карагод»

Фальклорнаму ансамблю «Вяснянка» Ліплянскага СДК 53 гады. Паўвекавая гісторыя аб’яднала аднавяскоўцаў, закаханых у песні сваіх продкаў. Жанчыны, якія стаялі ля вытокаў стварэння калектыву, і да гэтага часу  яго самыя актыўныя ўдзельніцы. Яны — носьбіты традыцыйнай культуры. З цягам часу да іх далучыліся і маладзейшыя пявунні. Арганізатарам і кіраўніком «Вяснянкі» доўгі час была дырэктар СДК Наталля Сечка. Музычнае суправаджэнне застаецца за Уладзімірам Ляўкаўскім і Паўлам Рагачовым.



У ліпені 2002 года «Вяснянка» атрымала званне народнага калектыву. Шматлікія ўзнагароды толькі падцвярджаюць яго высокі ўзровень майстэрства і культуры. На стэндзе — дыпломы фестываляў і конкурсаў самых разнастайных узроўняў.

Фальклорны ансамбль «Вяснянка».

Дзіцячы ўзорны фальклорны калектыў «Карагод», якім кіруе Людміла Лось, створаны таксама на базе Ліплянскага СДК у 2000 годзе. Гэта спадарожнік «Вяснянкі», які прадстаўляе побытавыя танцы. У складзе па 8 хлопчыкаў і дзяўчынак. Хармайстар – выпускнік першага саставу «Карагода», мясцовы хлапец  Павел Рагачоў.

— Гэта ўжо трэцяе пакаленне калектыву, — расказвае кіраўнік. — За 18 гадоў мы атрымалі шмат грамат і дыпломаў. Самая ганаровая  — Дыплом ЮНЭСКА на Рэспублiканскім фестывалі фальклорнага мастацтва «Берагiня». Наша асноўная задача — адрадзіць і захаваць нацыянальную культуру вёскі. Мы спяваем песні, праводзім гульні і скачам танцы, якія перайшлі да нас ад прадзедаў. Жанчыны-«вяснянкі» перадаюць дзеткам тое, чаму самі навучыліся ў бабуль і матуль. За годы дзейнасці «Карагода» мы і самі сталі носьбітамі. Нас усіх — і старых, і малых — аб’ядноўвае любоў да малой радзімы.
Дарэчы, пець і танцаваць у Ліплянах любяць і хочуць усе. Можа, таму падчас кароткага выступлення перад Домам культуры «Вяснянкі» і «Карагода» к нам сталі падцягвацца людзі з розных канцоў вёскі.



Такі Галівуд ў Сініцкім полі

Лельчыцкія майстры здатныя да любога занятку — разьбе па дрэву, ткацтву, вышыванню, салома- і  лазапляценню…  У якую вёску не зазірні, усюды можна сустрэць аматара, які з цягам часу становіцца сапраўдным прафесіяналам.


Убачыўшы здалёк партрэты кіназорак «Галівуда», вобразы якіх стварае на палатне Надзея ІВАШКЕВІЧ, можна падумаць, што гэта выкананыя пры дапамозе фарбаў мастацкія творы. І толькі калі падыйдзеш бліжэй, убачыш, што ўсе работы «напісаны» ніткамі на тканіне.

— Спецыяльнай мастацкай адукацыі ў мяне няма, — быццам апраўдваецца Надзея Аляксандраўна. — Працавала некаторы час піянерважатай і настаўніцай, але заўсёды цягнула да творчасці. Запрасілі на работу ў клуб, с таго часу гэта маё сапраўднае месца, дзе я і працую, і адпачываю душой.

Займацца вышыўкай жанчына пачала невыпадкова. У Сінпольскім клубе стварылі калектыў мастацкай самадзейнасці – вакальны ансамбль «Снічаначка», трэба было кожнаму вышыць на асабістым касцюме кветкі. З гэтага ўсё і пачалося. Цяпер і яе творы ўпрыгожваюць усе мерапрыемствы. У калекцыі Надзеі не толькі партрэты знакамітых акцёраў, але і кветкі, дзявочыя вобразы, пейзажы…

Муж Надзеі Валянцін на фестывалі прадставіць свае кошыкі з сасновай дранкі. Пры мне майстар цягнуў рэзаком длінную драўляную стужку, якая ва ўмелых руках ператваралася ў гнуткі матэрыял для работы.

— Не кожная сасна падыйдзе, сёння доўга выбіраў, пакуль знайшоў тое, што патрэбна, — каментуе Валянцін Уладзіміравіч. — Мы ў вёсцы жаць не можам без такіх кошыкаў, пастаянна ўжываем іх у паўсядзённым жыцці. Гэта неабходная рэч у гаспадарцы: капаем у іх бульбу, збіраем ураджай, грыбы, ягады. Гадоў 9 назад, каб не купляць у чужых людзей, вырашыў сам асвоіць навуку. Разабраў стары кошык, паглядзеў і ўзяўся за нож і дрэва.

Свае навыкі муж і жонка Івашкевічы перадаюць самым маленькім жыхарам вёскі, якія цягнуцца ў клуб з задавальненнем. А на фестывалі іх вырабы будуць радаваць гасцей.



Верасовы мёд з борцей

Наш герой Васіль МАРКЕВІЧ — адзін з самых вопытных мясцовых бортнікаў-пчаляроў аграгарадка Глушкавічы, а прадукцыя яго вытворчасці будзе прадстаўлена на фестывалі ў Ляскавічах.


Аб тым, што ў аддаленым ад Лельчыц населеным пункце жывуць бортнікі, пачула яшчэ ў раённым Цэнтры народнай творчасці. Спачатку вырашыла, што гэта проста распаўсюджанае прозвішча. І была здзіўленая, што для вяскоўцаў Глушкавіч бортніцтва — звыклы і вельмі важны род заняткаў, які сыходзіць сваімі каранямі яшчэ ў першабытнасць. Яны спадчыннікі сваіх дзядоў і прадзедаў.

За дваццаць гадоў, на працягу якіх Васіль Васільевіч будуе пчаліныя хаткі і збірае мёд, ён стаў сапраўдным майстрам:

— Наколькі ведаю, пчалярствам займаўся яшчэ мой прадзед. Мяне некалі навучыў старэйшы брат, потым так уцягнуўся, што без гэтай справы не ўяўляю свайго жыцця. На ўсю вёску толькі ў дзвюх гаспадароў рамачны мёд, астатнія дзяўбуць борці. У некаторых 20 калод, у іншых аж пад 90. У мяне каля 40.

Мёд дзікіх пчол я не паспытала, але спецыялісты сцвярджаюць: ён нашмат смачнейшы і каштоўнейшы, чым з хатняга пчальніка. Думаю, што так. Прасторы на Палессі хапае і людзям, і пчолам. А ў лесе зацвіў верас, значыць, на «Зов Полесья» паедзе верасовы мядок з борцей Васіля Маркевіча.

Лельчыцкі раён прэзентавала Наталля ЧАСАВІЦІНА, «СГ»

chasovitina@sb.by

Фота аўтара
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter