Ліст без адраса

Прапаў без вестак — колькі безнадзейнасці і болю ў гэтых словах!

Прапаў без вестак — колькі безнадзейнасці і болю ў гэтых словах!

“Піша вам чытачка з Камянца настаўніца Вера Мікалаеўна Філосаф, — чытаем у лісце. — У храме я пазнаёмілася з немаладой жанчынай і вырашыла ёй дапамагчы. Дапамога датычыцца Вялікай Айчыннай вайны, а гэтая тэма для мяне святая, бо я сама страціла на той вайне ўсіх сваіх дзядоў. Мамін тата Ілля Іосіфавіч Філосаф, мамін дзядзька Мікалай Герасімавіч Пархоцін, татаў бацька Герасім Прохаравіч Медзвядзюк і татаў дзядзька Рыгор Прохаравіч Медзвядзюк не вярнуліся з палёў той страшнай вайны.

Гэтую жанчыну завуць Таццяна Іванаўна Нарцова, яна нарадзілася ў 1940 годзе на станцыі Трафімаўка (вёска Лапцеўка) Ракіцянскага раёна Белгародскай вобласці, а зараз жыве ў Камянцы. Яна шукае свайго дзядзьку, брата маці Міхаіла Максімавіча Курцава, які ў 1940 годзе пайшоў у войска, і да гэтага часу пра яго нічога не вядома”.

Як сведчыць гэты ліст, беларусы не страчваюць свае лепшыя душэўныя якасці: яны па-ранейшаму неабыякавыя да лёсу родных, сяброў, знаёмых, нават чужая бяда кранае іх сэрцы.

А вось яшчэ адзін допіс. “Звяртаецца да вас інвалід першай групы, — паведамляе Анатоль Аляксандравіч Маркевіч з Мінска. — Вельмі прашу вас дапамагчы хоць што-небудзь даведацца пра майго бацьку. Адна надзея на чытачоў “НГ” і слухачоў Беларускага радыё. Звяртаўся ў архіў у Падольску. Атрымаў адказ, што бацька прапаў без вестак. І больш нічога. Можа быў хтосьці побач з ім на той вайне, можа хто адгукнецца. Мой бацька, Аляксандр Рыгоравіч Маркевіч, нарадзіўся ў 1907 годзе і жыў у вёсцы Замошча Вялікадолецкага сельскага савета Ушацкага раёна. Быў прызваны па першай мабілізацыі на другі дзень вайны Лепельскім ваенкаматам. Мы так нічога і не даведаліся пра яго ваенны лёс. Нашу вёску спалілі фашысты, лісты не даходзілі, бо мы былі пад акупацыяй. У 1944 годзе атрымалі паведамленне, што дарагі нам чалавек прапаў без вестак. Дзе, у якім баі, у якой краіне гэта адбылося? Да гэтага часу я не ведаю спакою”.

Будзем спадзявацца, што хтосьці адгукнецца. А мы ў сваю чаргу параім шаноўнаму Анатолю Аляксандравічу ці камусьці з яго родных звярнуцца ў Беларускае таварыства Чырвонага Крыжа. Там можна даведацца, дзе на тэрыторыі замежнай дзяржавы пахаваны салдат. Запыт можна пакінуць на сайце гэтай арганізацыі www.redcross.by альбо напісаць ліст на адрас: вул. К. Маркса, 35, г. Мінск, 220030 (служба пошуку БТЧК). Не пашкодзіць пазнаёміцца з матэрыяламі сайта www.obd-memorial.ru. Трэба рабіць усё магчымае, каб даведацца пра ваенны шлях і апошні прытулак абаронцы Айчыны.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter