Алесь Пісарык — член Саюза пісьменнікаў Беларусі і Расіі

Лілеі ў астральным каўшы

Алесь Пісарык — член Саюза пісьменнікаў Беларусі і Расіі. Аўтар дваццаці кніг паэзіі. Яго вершы перакладаліся на рускую, украінскую мовы

Алесь Пісарык — член Саюза пісьменнікаў Беларусі і Расіі. Аўтар дваццаці кніг паэзіі. Яго вершы перакладаліся на рускую, украінскую мовы. У гэтым годзе Алесь Уладзіміравіч адзначыў шэсцьдзясят гадоў. Сёння ён працуе над пенталогіяй на ваенную тэму, прысвечаную гісторыі беларускага краю.

Нарадзіўся Алесь Пісарык у вёсцы Дукора Пухавіцкага раёна. Скончыў славутую Дукорскую школу, пасля службы ў арміі вучыўся ў Мінскім кааператыўным тэхнікуме і на філфаку Белдзяржуніверсітэта. Доўгі час працаваў на Мінскім трактарным заводзе ў ліцейным цэху нумар два. Цяпер жыве ў Мінску.

Піша Алесь Уладзіміравіч не толькі гумарыстычныя, філасофскія, лірычныя вершы, але і апавяданні. Апошнія, дарэчы, і ляглі ў пенталогію.

— Першы свой верш я надрукаваў у 1970 годзе ў пухавіцкай раённай газеце «Сцяг працы».  Гэта была падборка, прысвечаная роднай вёсцы, роднаму краю, прыродзе, — усміхаецца паэт. — У мяне багата вершаў пра родныя мясціны. І цяпер іх пішу. Вядома, у сваёй вёсцы бываю. Праўда, не так часта, як хацелася б. У Дукоры бацькі пахаваны, у родных мясцінах засталіся сваякі: браты, цёткі, дзядзькі. З вёскай звязвае мяне шмат што. Хоць я ў горадзе даўно, але ў Дукоры мая душа, мае думы, маё натхненне. Многія тэмы мне падказваюць вяскоўцы, бо ведаюць, што я пісьменнік.

— Паколькі я ўваходжу ў Фэдэральную нацыянальна-культурную аўтаномію «Беларусы Расіі», то прадстаўляю беларусаў у Маскве. Калі мы, беларусы, выступалі ў Саюзе пісьменнікаў у Маскве, то спявалі на роднай мове. І ўсім вельмі падабалася, — расказвае Алесь Пісарык.

Там Алесь Уладзіміравіч пазнаёміўся з беларускім касманаўтам Алегам Навіцкім: «У мяне маці з Чэрвенскага раёна, а Алег Навіцкі сам з Чэрвеня. Аб’ядноўвае нас тое, што мы землякі». У выніку з’явіўся верш, прысвечаны Алегу Навіцкаму.

Між іншым, Алесь Уладзіміравіч звязаны і з нашай «Сельской газетой». У ёй друкаваўся са школы, з 8—9-га класаў.

— Багата пісаў матэрыялаў пра сельскае жыццё. Выступаў як малады карэспандэнт. Працаваў праз аддзел культуры. Да нас у Пухавіцкі раён часта прыязджалі Ігар Лучанок, «Песняры». Візіты мяне ўразілі, і я напісаў у «Сельскую газету». І мяне надрукавалі. Я тады ўпершыню прыдумаў сабе псеўданім Алесь Пісарык.

Цікавая сустрэча была са знакамітым дыктарам СССР Юрыем Левітанам.

— Такі чарнявы, вясёлы дзядзька. Ён прыязджаў у нашу Дукору. У яго там сваяк быў старшынёй калгаса. Дык ён сустракаўся з ім і калгаснікамі. Запомнілася тая сустрэча на ўсё жыццё, мне было гадоў дванаццаць-трынаццаць. Пра тую сустрэчу ў мяне ёсць апавяданне.

Яшчэ ганарыцца Алесь Пісарык, што працаваў у яго роднай школе заслужаны настаўнік БССР, вядомы драматург Васіль Гарбацэвіч, аўтар п’ес «Вяселле», «Чырвоныя кветкі Беларусі», «Пад вішнёвымі садкамі», «Песні нашых дзён». А таксама аўтар успамінаў пра сустрэчы з Максімам Багдановічам у Яраслаўлі («Шлях паэта»).

Прапаноўваем вашай увазе некалькі вершаў Алеся Пісарыка.

Пад крыламі родных аблокаў
Лётчыку-касманаўту
Алегу Навіцкаму

Адзіны ў нас Ігуменскі абшар,
Дзе вёсны шчодра жаўранкаў гукалі.
Мы верылі: зямля — блакітны шар,
Амаль такі, што ў неба запускалі…

Любіць Айчыну — матчын запавет.
Адвеку край лагода спавівае.
Прагляне промнік — радуецца свет,
Хто мае пеўчы голас —
Заспявае!

Бары ўвабралі горычы вякоў,
А не ачэзлі духам!
Паглядзіце, —
У небе плыні ніў і васількоў,
І сонца, як Святая Маці з дзіцем!

І на зямлі,
І ў млечнай вышыні —
Трывога — жыць!
У звон трывога звоніць!
І ападае лісце цішыні
На аркушы паэтавых бяссонніц…

У мроях да сузор’яў заплылі…
Раскрыць бы тайны,
Што пад сургучамі,
І радавацца сонцу і зямлі,
Глядзець на свет удумнымі вачамі.

* * *

Затрубіла лета ў каласы…
Перапела рэха перапёлка.
Заплятае ніве ў валасы
Каснічок выданніцы вясёлка.
Загарае поўдзень…
Сенакос…
Не ўпусціць бы сонейка з далоні!
Вунь стажок як весела падрос,
Шчэ дзянёк —
І хмары пераловіць.

* * *

Жніўнем выспелі зоры, як зёрны.
Разрумянілі шчокі дажджы.
Ці не вычарпаў месяц азёры?
Глянь,
Лілеі ў астральным каўшы!
Ты паверыла страсці?
Забудзем
Пра мінулае,
Як пра падман,
У лугах нашай тайны заблудзім,
Развяселім пануры туман.
Лета ў восень глядзіць
З паднябесся,
Дзе паспеў залаты вінаград,
Кожны міг на зямлі,
Ён — як песня
Пад чароўныя струны наяд…
Прыгажосць не хавае маршчынак.
Наша ноч нам не стане чужой.
Веру я, што са мною жанчына
З неабкрадзенай, чыстай душой.

Падрыхтавала Вера ГНІЛАЗУБ, «СГ»
Фота Паўла ЧУЙКО, «СГ»

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter