Кветка з роднай нівы

Сёлета 120-я ўгодкі Зоські Верас, якая сябравала з Максімам Багдановічам, іншымі вядомымі пісьменнікамі, выдавала часопісы для дзяцей і пчаляроў. І была ў ліку заснавальнікаў Таварыства беларускай культуры ў ЛітвеЗоська Верас — вядомы псеўданім пісьменніцы, грамадскай і культурнай дзяячкі Людвікі Сівіцкай. Нарадзілася яна на Украіне, у мястэчку Мяджыбаж (цяпер Лятычаўскі раён, Хмяльніцкая вобласць) 30 верасня 1892 года, а бацька яе, Антон Сівіцкі, быў родам з Гродна, служыў афіцэрам у царскай арміі. Маці вучылася ў Кракаве, валодала замежнымі мовамі. З маленства кожнае лета Людвіка праводзіла ў дзедавым фальварку Альхоўнікі (цяпер Сакольскі павет, Беластоцкае ваяводства), наведвала дзядоў у Гродне. Разам з бацькам аб’ездзіла Гродзеншчыну: бачыла вёскі, старажытныя замчышчы, ён вазіў дачку на Каложу, катаў па Нёмане. А калі яны вярталіся дадому, прасіў Людвіку апісаць іх вандроўкі. Да таго ж Антон Сівіцкі збіраў хатнюю бібліятэку, знаёміў дачку з творамі любімых пісьменнікаў. Так і ўзгадаваў у душы дзяўчынкі любоў да беларускай зямлі, яе прыроды, роднай мовы і літаратуры.
Мастак Іван Пратасеня са сваёй карцінай “Максім Багдановіч і Зоська Верас у Мінску. 1916 год”Сёлета 120-я ўгодкі Зоські Верас, якая сябравала з Максімам Багдановічам, іншымі вядомымі пісьменнікамі, выдавала часопісы для дзяцей і пчаляроў. І была ў ліку заснавальнікаў Таварыства беларускай культуры ў Літве
Зоська Верас — вядомы псеўданім пісьменніцы, грамадскай і культурнай дзяячкі Людвікі Сівіцкай. Нарадзілася яна на Украіне, у мястэчку Мяджыбаж (цяпер Лятычаўскі раён, Хмяльніцкая вобласць) 30 верасня 1892 года, а бацька яе, Антон Сівіцкі, быў родам з Гродна, служыў афіцэрам у царскай арміі. Маці вучылася ў Кракаве, валодала замежнымі мовамі. З маленства кожнае лета Людвіка праводзіла ў дзедавым фальварку Альхоўнікі (цяпер Сакольскі павет, Беластоцкае ваяводства), наведвала дзядоў у Гродне. Разам з бацькам аб’ездзіла Гродзеншчыну: бачыла вёскі, старажытныя замчышчы, ён вазіў дачку на Каложу, катаў па Нёмане. А калі яны вярталіся дадому, прасіў Людвіку апісаць іх вандроўкі. Да таго ж Антон Сівіцкі збіраў хатнюю бібліятэку, знаёміў дачку з творамі любімых пісьменнікаў. Так і ўзгадаваў у душы дзяўчынкі любоў да беларускай зямлі, яе прыроды, роднай мовы і літаратуры.
Калі дзяўчына вучылася ў прыватнай Гандлёвай школе ў Кіеве, там у рукапісным часопісе “Подснежник” апублікавала першыя спробы пяра. Пасля смерці бацькі Людвіка з маці вярнулася ў Гродна, у 1909-м паступіла там у прыватную жаночую гімназію. Актыўна ўдзельнічала ў рабоце Гродзенскага гуртка беларускай моладзі. Пасля гiмназii паехала ў Варшаву, дзе ў 1914-м скончыла 10-месячныя курсы “Агароднiцтва, садоўніцтва і пчалярства” і 6-тыднёвыя санітарныя курсы. Пад час Першай сусветнай вайны апынулася ў Мінску. Разам з Максімам Багдановічам працавала ў камiтэце Таварыства помачы ахвярам вайны. Мінскі аддзел таварыства адкрыў дзiцячы прытулак у раёне Камароўкi і Залатой Горкi, начлежныя прытулкi для ўцекачоў, дзве бясплатныя і адну платную сталоўкі пад назваю “Беларуская хатка” — гэта быў адначасова і клуб беларускай iнтэлiгенцыi. Тады ж знаёмiлася з многiмi беларускімі дзеячамi: Змітраком Бядулем i яго сёстрамi, з Ядвiгiным Ш. i ягонай дачкой Вандай, з Уладзіславам Галубком, Аркадзем Смолiчам, Усеваладам Фальскiм i іншымі.
Карыстацца псеўданімам Людвіка пачала ў Мінску. Неяк зайшла ў рэдакцыю “Вольнай Беларусі”, паспрачалася з Бядулем, што зможа напісаць твор адразу, без паправак. І хуценька на паперу пачала запісваць верш “Нёман”: “Праз акопы i рады штыхоў...” Падпісалася: “Зоська Верас”. Зоська, дарэчы, гэта яе другое імя, верас — раслiна, якую яна вельмi любіла. А якраз напярэдадні сын Ядвiгiна Ш. прывёз Людвіцы з Карпiлаўкi рана зацвiўшы верас. У 1917-м Людвіка Сівіцкая ўдзельнічала ў з’ездзе беларускіх арганізацый, працавала сакратаром Беларускага нацкамітэта, сакратаром Беларускай сацыялістычнай грамады (БСГ), было і шмат іншай працы. А калі ў 1922 годзе памёр дзед Людвікі, сям’я прадала фальварак Альхоўнікі і пераехала ў Вільню. Там пісьменніца працавала ў Беларускай сялянска-работніцкай грамадзе, выконваючы мноства абавязкаў, звязаных з выпускам і рассылкай газет, арганізавала выпуск беларускага календара на 1926 год: з таго часу яны рэгулярна выдаваліся ў Заходняй Беларусі. А ў 1924-м выходзіць “Беларуска-польска-расейскі-лацінскі батанічны слоўнік”, які Людвіка Сівіцкая пачала складаць яшчэ ў 1912 годзе ў Альхоўніках, ставячы на першае месца назвы па-беларуску. Падрыхтавала і кніжку “Мядовыя раслінкі”, ды, на жаль, грошай на выданне не знайшліся, рукапіс недзе згінуў.
Хацелася Зосьцы Верас выдаваць і дзіцячы часопіс, і пры падтрымцы Пасольскага клуба, асабіста А. Уласава мара ў 1927-м здзейснілася. Тыраж “Заранкі” быў каля 200 экземпляраў. Дзеці, бывала, стараліся аплаціць падпіску з уласных заробкаў. А каб выдаваць часопіс, патрэбна было сабраць 200 злотых. “Заранка” праіснавала да 1931 года. Пісьменніца яшчэ заснавала і выдавала часопіс “Пралескі” (1934-35). Працавала і як перакладчыца: для дзіцячага тэатра перастварыла шэраг п’ес з украінскай і рускай моваў. Цікавай і плённай была яе праца па падтрымцы пчалярства: у 1928 годзе стварыла кааператыўнае таварыства “Пчала”, сувязь з пчалярамі была праз пошту і штомесячнік “Саха”, дзе з часам пад рэдакцыяй Зоські Верас запрацаваў “Пчалярскі раздзел”. Прыходзіла шмат лістоў, і ў 1934-м выходзіць часопіс “Беларуская борць”. Ён праіснаваў амаль пяць год за кошт падпіскі, усё рабілася на грамадскіх пачатках.
Потым была вайна, цяжкі пасляваенны час. А з 60-х Зоська Верас уключылася ў літаратурнае жыццё Беларусі. Да яе спачатку завітаў Арсен Ліс: збіраў матэрыялы для дысертацыі. Пасля ў яе “Лясной хатцы” бывалі ў гасцях многія пісьменнікі, навукоўцы, журналісты, студэнты. Яна друкавала ўспаміны пра Максіма Багдановіча “Пяць месяцаў у Менску”, Г. Леўчыка, Ядвігіна Ш., У. Галубка і іншых. Вяла перапіску, давала інтэрв’ю, адстойвала гістарычную праўду. Дасталося ад яе, напрыклад, Змітраку Бядулю за “непраўдзівыя” ўспаміны пра М. Багдановіча, Алегу Лойку за недакладныя вобразы пісьменнікаў у кнізе “Як агонь, як вада”, Мікалаю Сташкевічу ды іншым. У 1982 годзе Людвіку Антонаўну прынялі ў Саюз пісьменнікаў СССР. Настойлiвасць і клопат у справе надання ёй такога статусу праявiлi і калегі па пяры. У прыватнасці, далi рэкамендацыі У. Караткевiч, А. Мальдзiс, А. Лiс, падтрымлiваў справу Н. Гiлевiч. А ў 1985-м выдавецтва “Юнацтва” выпусцiла зборнiк Зоськi Верас “Каласкi” : там вершы, апавяданнi, абразкi. У канцы 80-х вакол Зоські Верас гуртавалася беларуская інтэлігенцыя Вільнюса. У 1988-м яны разам з зяцем Лявонам, сынам Антона Луцкевіча, утварылі клуб “Сябрына”, а 4 лютага 1989 года было заснавана і Таварыства беларускай культуры ў Літве. Уладзімір Караткевіч, звяртаючыся да Зоські Верас у перапісцы, называў яе “паважаны наш батанічны бог”. А ўнук пісьменніцы, Вячаслаў Войцік, стаў батанікам і прыродазнаўцам.
Яна пражыла 99 гадоў, памерла 8 кастрычніка 1991-га. Пахавана Зоська Верас на Панарскіх могілках у Вільнюсе, побач з магіламі маці, мужа і сына.

Анёла Азарнская, супрацоўніца Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі
На здымку:
Мастак Іван Пратасеня са сваёй карцінай “Максім Багдановіч і Зоська Верас у Мінску. 1916 год”
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter