З 1 ліпеня 2016 года ў краіне будзе праведзена дэнамінацыя рубля

Купюры адкінуць чатыры нулі… І стануць больш зручнымі

З 1 ліпеня 2016 года ў краіне будзе праведзена дэнамінацыя рубля. Адпаведнае рашэнне прынята Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.


Банкноты ўзору 2000 года, якія знаходзяцца ў абарачэнні, заменяць на банкноты і манеты ўзору 2009 года ў суадносінах 10 000 беларускіх рублёў да 1 рубля. Прасцей кажучы, у сярэдзіне наступнага года адкінуць чатыры нулі. У выніку самы нізкі намінал банкноты — 100 рублёў — будзе заменены самым нізкім наміналам новага грашовага рада — 1 капейкай.









Усяго з 1 ліпеня наступнага года ў абарачэнне будуць выпушчаны сем наміналаў банкнот — 5, 10, 20, 50, 100, 200 і 500 рублёў і восем наміналаў манет — 1, 2, 5, 10, 20 і 50 капеек, а таксама 1 і 2 рублі. Агульная канцэпцыя дызайну новых банкнот адпавядае дэвізу “Мая краіна — Беларусь”. У Нацбанку тлумачаць: кожная банкнота прысвечана адной з абласцей краіны і Мінску. Каб нікому не было крыўдна, адпаведнасць вобласці наміналу банкнот вызначана ў алфавітным парадку. Так, купюра ў 5 рублёў будзе прысвечана Брэсцкай вобласці, 10 рублёў — Віцебскай вобласці, 20 рублёў — Гомельскай, 500 рублёў — Мінску. Характэрна, што дызайн новых банкнот не зведае радыкальных змен: у аснову лягуць выявы помнікаў архітэктуры і горадабудаўніцтва.

З 1 ліпеня па 31 снежня 2016 года ўключна разлічвацца можна будзе як новымі, так і старымі грашыма. На працягу наступных пяці гадоў — з 1 студзеня 2017 года па 31 снежня 2021 года ўключна — будзе ажыццяўляцца абмен старых банкнот на новыя ў любой суме без абмежаванняў і без збірання камісійнай узнагароды. Пры гэтым абмен ажыццявіць можна будзе з 1 студзеня 2017 года па 31 снежня 2019 года ўключна ў Нацыянальным банку, банку і нябанкаўскіх крэдытна-фінансавых арганізацыях краіны, з 1 ліпеня 2020 года па 31 снежня 2021 года ўключна — толькі ў Нацбанку. З 1 студзеня 2022 года грошы ўзору 2000 года будуць лі­чыцца несапраўднымі.

У Нацбанку растлумачылі: рашэнне аб дэнамінацыі “прынята ў мэтах удасканалення грашовага абарачэння, спрашчэння ўліку і разлікаў, падтрымання аптымальнай купюрнай будовы грашовай масы, значнага скарачэння дзяржаўных расходаў на абслугоўванне наяўнага грашовага абарачэння”. У ведамстве таксама запэўнілі, што працэс дэнамінацыі носіць тэхнічны характар і не паўплывае на пакупніцкую здольнасць беларускага рубля, курс нацыянальнай валюты адносна замежных валют, а таксама фактычна існуючы ўзровень інфляцыі. Так, цэны на тавары і паслугі з 1 ліпеня 2016 года будуць пералічаныя ў суадносінах 1 да 10 тысяч. Пры гэтым, каб пакупнікам было лягчэй адаптавацца да падобных змен, на час паралельнага абарачэння старых і новых купюр усе суб’екты гаспадарання абавязаны будуць пазначаць дзве цаны. Па аналагічным прынцыпе пры правядзенні дэнамінацыі будуць пералічаны зарплаты, пенсіі, стыпендыі, рэшткі грашовых сродкаў на банкаўскіх рахунках, балансы прадпрыемстваў і ўстаноў і г. д.

Варта нагадаць, што падрыхтоўка да правядзення дэнамінацыі была доўгаю. Так, новыя грашовыя знакі, якія будуць уведзены ў абарачэнне з сярэдзіны наступнага года, былі выраблены па заказе Нацбанка яшчэ ў 2008 годзе. Аднак тады з-за сусветнага эканамічнага крызісу і, як вынік, пагаршэння эканамічнай сітуацыі ў краіне правядзенне дэнамінацыі было адкладзена, а вырабленыя банкноты і манеты перададзены ў Цэнтральнае сховішча Нацбанка. З улікам часу вырабу новыя беларускія рублі маюць пэўныя асаблівасці. У прыватнасці, на выпускаемых у абарачэнне банкнотах узору 2009 года размешчана факсіміле подпісу Пятра Пракаповіча, які займаў на той момант пасаду Старшыні Праўлення Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь. Акрамя таго, на новай банкноце наміналам 50 рублёў размешчаны надпіс “пяцьдзесят”, які не адпавядае дзеючым у цяперашні час правілам беларускай арфаграфіі. У адпаведнасці з Законам Рэспублікі Беларусь ад 23 ліпеня 2008 года № 420-З “Аб правілах беларускай арфаграфіі і пунктуацыі” гэтае слова павінна пісацца праз літару “я” у другім складзе — “пяцьдзясят”. Пры ажыццяўленні ў будучыні заказаў на выраб новых банкнот гэтыя неадпаведнасці будуць схіленыя, паабяцалі ў Нацбанку.

Нагадаем, пытанне правядзення дэнамінацыі ўзнімалася не адзін раз. Так, у 2014 годзе Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы з прадстаўнікамі СМІ заявіў, што дызайн новых банкнот і капеек ужо зацверджаны і яны “чымсьці будуць нагадваць еўра”. Ён таксама тады заявіў, што аб правядзенні ў Беларусі дэнамінацыі будзе абвешчана за паўгода. “Мы падумаем са спецыялістамі, калі гэты перыяд прыйдзе. Тут трэба быць вельмі асцярожнымі. Мы гатовыя ў любы момант правесці дэнамінацыю. Але ўсё-такі нават для гэтага тэхнічнага кроку павінны быць пэўныя ўмовы. Не павінна быць такая працэнтная стаўка, не павінна быць трывог на рынку, каб насельніцтва не хвалявалася. І ў эканоміцы каб не было крызісных з’яў”, — сказаў тады Прэзідэнт.

Марына Кудраўцава
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter