Мотоль — сердце гастрономической Беларуси

Кулінарныя выкрунтасы

У  палескага мястэчка Моталь, што на Іванаўшчыне, доўгая і даўняя гісторыя, у якой ёсць месца нават каралям. Нейкі час вёска, якая ўпершыню згадваецца ў пісьмовых крыніцах у 1422 годзе, належала італьянскай герцагіні, польскай каралеве і вялікай княгіні літоўскай Боне Сфорцы, яна атрымала Моталь у падарунак ад мужа Сігізмунда I Старога. Спакон веку вёска славіцца шчырымі гасціннымі людзьмі, майстрамі на ўсе рукі, якія і жнуць, і ткуць, і печы кладуць, і кажушкі вырабляюць — лепшыя ў акрузе. А яшчэ валодаюць неверагоднымі кулінарнымі талентамі. «Без сала і каўбасы не пацягнеш касы», — упэўнены маталяне.



Сёння адведаць мясцовых страў прыязджаюць не толькі з розных беларускіх мясцін, але і з замежжа. Міжнародны фестываль фальклору «Мотальскія прысмакі», які пройдзе сёлета 10—11 жніўня ўжо дзясяты раз, стаў своеасаблівым брэндам краіны. Сюды прыязджаюць, каб паслухаць каларытную мясцовую гаворку, запісаць старадаўнія хатнія рэцэпты, здзівіцца фантазіі маталян… Чаго толькі не ўбачыш на фестывальных падворках! У розныя гады тут здзіўлялі гасцей паўлінам з мясной нарэзкі, царквой, пабудаванай з сала, каўбасным васьміногам, дракончыкам, зробленым з салямі, і нават партрэтам Моны Лізы — рэпрадукцыю карціны да Вінчы аднойчы выканалі з кавалачкаў сала, паляндвіцы і каўбасы.



У праграме юбілейнага свята — дэгустацыя народных страў «Госты ў хату — на столі богато!», «Кулінарныя выкрунтасы мотальскіх гаспадынь», кірмаш сувеніраў і рамёстваў «Арт-кухня», эксклюзіўныя рэцэпты народнай медыцыны «Будьтэ здоровы чысто ўсі!», спартыўныя спаборніцтвы «Мотальскія асілкі», розыгрыш фестывальных прызоў «Хто ў Моталі бувае, той ёго нэ забувае». Напэўна, здзівяць гасцей тэатралізаванае святочнае шэсце «Сяброў і песень карагод» з удзелам гістарычных персанажаў, прэзентацыя рэгіянальных абрадаў, святочны музычны батл гасцявых калектываў і многія іншыя праекты фестывалю.


mila@sb.by

Фота аўтара
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter