В прошлом году Евросоюз принял около 150 тысяч мигрантов

Куды бежанцу ўцячы?

Па звестках Еўрапарламента, летась Еўрасаюз прыняў каля 150 тысяч мігрантаў, што на чвэрць менш іх колькасці ў 2017 годзе. Паведамляецца: “Сітуацыя з міграцыяй у зоне Міжземнага мора значна палепшылася за апошні час. Гэта самы невялікі паказчык за апошнія пяць гадоў”. Такім чынам, леташні ўзровень на 92 працэнты ніжэйшы, чым падчас піку міграцыйнага патоку, які назіраўся ў крызісным 2015-м.

Што датычыцца цэнтральнай часткі Міжземнамор’я, то смяротнасць уцекачоў цяпер знізілася на 50 працэнтаў. Як паведамлялася раней, у выніку ваенна-марской аперацыі ЕС па барацьбе з перавозчыкамі нелегальных мігрантаў у Міжземным моры за тры гады было выратавана больш за 650 тысяч уцекачоў.

Масавы паток мігрантаў з Паўночнай Афрыкі і Бліжняга Усходу, іншых канфліктных рэгіёнаў у Еўрасаюз распачаўся тры гады таму. Большасць бежанцаў — 1,5 мільёна чалавек — прыняла і прафінансавала на федэральным узроўні Германія, звыш за 119 тысяч — Італія. У астатніх дзяржавах Еўрасаюза па-ранейшаму захоўваецца жорсткая міграцыйная пазіцыя — яны на палітычным і бытавым узроўнях выступаюць за скарачэнне квот па прыёму ўцекачоў на ўласных тэрыторыях. І робяць гэта аператыўна. Узводзяць на ўласнай мяжы спецыяльную агароджу, патрабуючы для чужынцаў неадкладнай дэпартацыі, або забяспечваюць гэтым людзям на дзяржаўным узроўні іншыя прававыя перашкоды.

Ультраправыя палітыкі-папулісты і дэпутаты-еўраскептыкі з такіх краін, як Венгрыя, Польшча, Чэхія і некаторых іншых, ствараюць на заканадаўчым узроўні “непрыступныя бастыёны” для соцень тысяч бежанцаў з бедных і праблемных рэгіёнаў планеты, ахопленых лакальнымі канфліктамі і тэрарыстычнай актыўнасцю. Прыкладам падобнай “новай палітыкі” можа служыць “Альтэрнатыва для Германіі”, якая стваралася ў якасці нацыяналістычнай і еўраскептычнай партыі, але заваявала значную папулярнасць ў выбаршчыкаў пасля таго, як выступіла супраць ісламізацыі Старога Свету і масавай іміграцыі.

Аднак, як паведаміла Deutsche Welle, са спасылкай на Еўрапейскі суд Люксембурга, цяпер улады Германіі маюць магчымасць высылаць са сваёй тэрыторыі мігрантаў, якія просяць прытулак, у краіны з горшымі ўмовамі пражывання. У вышэйназваным судовым рашэнні паведамляецца: недахопы ў сістэме сацыяльнага забеспячэння альбо значная беднасць у краіне не будуць з’яўляцца падставай для адмены дэпартацыі. За выключэннем тых выпадкаў, калі бежанцы пазбаўлены ключавых жыццёвых патрэб — доступу да ежы, вады і жылля. Да таго, у ФРГ зараз ёсць магчымасць высылаць бежанцаў у краіны ЕС, з якіх яны прыбылі ў Германію. Напрыклад, такім чынам Германія дэпартавала ў 2018-м звыш за 8 тысяч чалавек. Большую частку з іх накіравалі ў Італію, хто-ніхто быў адпраўлены ў Грэцыю, а вось Венгрыя прынцыпова, насуперак рашэнням сваіх партнёраў, не прыняла ніводнага бежанца.

Нагадаю, што зараз людзі, якія шукаюць прытулку ў Еўрасаюзе, павінны падаваць заяву ў першай краіне, куды яны прыехалі. Калі мігрант выехаў у іншую дзяржаву ЕС і падаў там прашэнне аб прытулку, яго на працягу паўгода могуць зноў дэпартаваць у краіну ўезду.

Паступова растуць выдаткі на нелегальных мігрантаў і ў Паўночнай Амерыцы. Як раней паведамляла The Washington Post, накіраванне пяцітысячнага вайсковага кантынгента Злучаных Штатаў на паўднёвую мяжу з Мексікай абыйшлося амерыканскаму бюджэту ў 200 мільёнаў долараў. Не трэба забываць, што ўвесь штатаўскі абаронны бюджэт на бягучы год складае 716 мільярдаў долараў. Гэта без уліку шматмільярднага будаўніцтва “антыміграцыйнай сцяны” на мяжы ЗША і Мексікі, якую ўсё ж павінны ўзвесці па патрабаванні Дональда Трампа.

Сёння на паўднёвай граніцы Злучаных Штатаў працягвае дзейнічаць рэжым надзвычайнага становішча. Падстава для адпаведных дзеянняў улад ЗША па накіраванні вайскоўцаў і ўзмоцненай ахове мяжы — восеньскі марш некалькіх тысяч лацінаамерыканскіх мігрантаў, што прайшлі праз Мексіку да багатых ЗША з бедных Гандураса і Гватэмалы.

Гэтымі днямі ў бок дзяржаўнай мяжы Злучаных Штатаў накіраваліся 1,2 тысячы мігрантаў, якія хочуць атрымаць прытулак у адной з наймагутнейшых краін свету. Бежанцы з Цэнтральнай Амерыкі рухаюцца ад мяжы з Гватэмалай па тэрыторыі Мексікі.

Дарэчы, паводле законаў ЗША, прытулак можа быць прадстаўлены тым, хто падыходзіць пад фармулёўку “бежанец”, якая ўсталявана міжнародным правам. Гэта значыць, што саіскальнік падвяргаецца праследаванню па расавых, релігійных, нацыянальных прыкметах альбо з-за сваіх палітычных перакананняў ці прыналежнасці да пэўнай сацыяльнай групы.

Вось такія навіны. Сустрэнемся...

sav@sb.by

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter